Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: аштрафавалі актывістаў “Эўрапейская Беларусь”


Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця аштрафаваныя Ўладзімір Шэлег, Яўген Скрабец, Іларыён Касянчук, Натальля Гагалюк і Кацярына Ішчык. Кожны мусіць заплаціць па 70 тысяч рублёў. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў праваабаронца Раман Кіслюк.

Са словаў суразмоўцы, пяцёх актывістаў грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” даставілі раніцай на судовае паседжаньне пад старшынствам судзьдзі Ларысы Назаранкі са сьледчага ізалятара часовага ўтрыманьня.

“На судовым паседжаньні актывісты апазыцыі пераконвалі, што маюць права на акцыі мірнага пратэсту. Яны выказвалі сваё стаўленьне да праблемы ўтрыманьня палітвязьняў у Беларусі”, — адзначыў Раман Кісьляк.

Напярэдадні “Свабода” паведамляла, што 16 красавіка ў 20:40 маладыя людзі прыйшлі на галоўную плошчу горада да помніка Леніну. Яны трымалі расьцяжку “Свабоду палітзьняволеным!” і сьцяг кампаніі. Актывістаў апазыцыі затрымалі і ў 21:00 даставілі ў Ленінскі РАУС. Там іх абшукалі, зьнялі на відэа і склалі на кожнага пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне вызначанага парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

XS
SM
MD
LG