Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць тысяч кубамэтраў нечыстотаў выліліся ў Сож


Пяць тысяч кубамэтраў нечыстотаў патрапіла ў Сож з ачышчальных збудаваньняў райцэнтру Слаўгарад, што на Магілёўшчыне.

Прычынай катастрофы сталася зношанасьць умацаваньняў і памылкі ў выбары месца ўзьвядзеньня саміх збудаваньняў.

У Сож трапілі адкіды гарадзкіх прадпрыемстваў і каналізацыі жылога сэктару райцэнтру. Якія страты панесла навакольнае асяродзьдзе, пакуль невядома. У абласной інспэкцыі прыродных рэсурсаў паведамілі, што пакуль няма поўных зьвестак аналізу забруджаньня:

“Скінута пяць тысяч кубамэтраў. Відаць, збудаваньні старыя й знаходзяцца на высокім беразе, мэтраў пяцьдзесят ад Сажа. Вось яго і размыла. Пашанцавала, што Сож выйшаў зь берагоў і канцэнтрацыя нечыстотаў стала меншай. Калі б гэта адбылося не ў паводку, тады гэта была б катастрофа для ракі цалкам”, — паведаміў супрацоўнік інспэкцыі.

Суразмоўца цьвердзіць, што рыбныя рэсурсы, пэўна, не пацярпелі, бо ніводнай дохлай рыбіны на паверхні ракі не было заўважана.

У камунальнай службе Слаўгарада паведамілі, што аварыю ўжо ліквідавалі. Дзеля гэта на бераг Сажа былі сьцягнутыя ўсе тэхнічныя і людзкія рэсурсы гаспадаркі, якія працавалі амаль суткі:

“Ім жа ўжо сорак гадоў, і ў тым жа і справа, што яны знаходзяцца на гары. Пасоўваньне грунту адбылося, ніхто не чакаў гэтага. Цяпер распрацоўваецца праектна-каштарысная дакумэнтацыя на новыя ачышчальныя”, — паведаміў прадстаўнік слаўгарадзкіх камунальнікаў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, уладальніка ачышчальных збудаваньняў — раённую ўправу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — зьбіраюцца штрафаваць.



Як часта здараюцца экалягічныя катастрофы, падобныя да слаўгарадзкай?

Грамадзкі эколяг Ірына: “Яны ня дужа афішуюцца й ня дужа часта становяцца набыткам нейкай інфармацыйнай прасторы. Трэба запыты пасылаць у Міністэрства прыроды, аднак ці праўду яны скажуць?”

Паводле спадарыні Ірыны, нешта падобнае час ад часу здараецца на Віцебшчыне ў мястэчку Дзісна. Там збудаваньні ўзьведзеныя ніжэй за ўзровень ракі. На новыя няма сродкаў. Няпростая сытуацыя і з ачышчальнымі ў Віцебску і Полацку. Яны перапоўненыя глеевымі адкладамі, зь якімі невядома што рабіць.

У Міністэрстве прыроды цьвердзяць, што інфармацыя пра экалягічныя здарэньні не хаваецца ад грамадзтва, аднак прызнаюць, што з ачышчальнымі збудаваньнямі ў Беларусі ёсьць праблемы.

Прэсавая сакратарка міністэрства: “Я б не сказала, што гэта адбываецца дастаткова часта. Вы ж разумееце, што гэта даволі дарагое будаўніцтва. Многім збудаваньням ужо больш за сорак гадоў. Цяпер гэтая праблема, у прынцыпе, даволі прыярытэтная для нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG