Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі патрэбен омбудсман па правах малога бізнэсу


Марш прадпрымальнікаў у Менску 15 сьнежня 2008 году

Марш прадпрымальнікаў у Менску 15 сьнежня 2008 году

Сёньня адбыўся круглы стол у праблемах, якія на фоне абвешчанай уладамі заканадаўчай “лібэралізацыі” перасьледуюць індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі (ІП). Адной з надзённых задачаў — кансалідаванае процістаяньне фіскальным органам, якія нацэленыя выключна на спаганяньне штрафаў, каб папаўняць бюджэт. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва?

У Беларусі 62 тысячы зарэгістраваных малых прадпрыемстваў, а таксама блізу 217 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта істотна меней за паказьнікі іншых краінаў, што, на думку спэцыялістаў, тлумачыцца досыць проста — прадпрымальніцтва ў Беларусі суправаджаецца вялікай і непрадказальнай рызыкай. Заўсёды існуе небясьпека, што адным заканадаўчым актам людзей пазбавяць ня толькі справы, але і ўсяго раней заробленага. Пра гэта, адкрываючы круглы стол, казаў старшыня прафкаму індывідуальных прадпрымальнікаў Наваполацку Валер Шаўчэнка:

“Нас дарэмна называюць “вашывымі блохамі”, мы — законапаслухмяныя грамадзяне. Адзінае, калі мы бачым, што нешта немагчыма
Бо цяпер мы што бачым? Што ні праверка, то — банкруцтва...
выканаць чыста эканамічна, калі штрафы сягаюць завоблачных вышыняў, калі падатковыя органы, прабачце, наглавата, а ў іншых выпадках і падлавата дзейнічаюць дзеля таго, каб падвысіць свае канфіскацыйныя паказьнікі, то нам нічога не застаецца, як вось так зьбірацца і спрабаваць узьдзейнічаць ужо не на саму падатковую сыстэму, а на вышэйшыя інстанцыі. Каб штрафы былі адэкватныя, каб яны не былі зьніштажальныя. Бо цяпер мы што бачым? Што ні праверка, то — банкруцтва”.

Ад 1 студзеня 2009 году на праверкі дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў фармальна накладзены мараторый. Аднак бізнэсоўцы канстатуюць, што на практыцы мала што зьмянілася. Мала таго, цяпер падаткоўцы ўзяліся нават за неўласьцівыя ім функцыі — ацэньваць якасьць тавару і кантраляваць выкананьне санітарна-гігіенічных патрабаваньняў. Сваё бачаньне такой актыўнасьці выказаў старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

“Указам Лукашэнкі нібыта дадзены ільготы, магчымасьць працаваць без дакумэнтаў. Хто сплачвае адзіны падатак, можа працаваць
Утварылася вялізная бюджэтная дзірка ў паступленьні падаткаў...
паводле спрошчанай схемы — гэта асноўная катэгорыя з 217 тысяч прадпрымальнікаў, плюс яшчэ частка сплачвае фіксаваны ПДВ і займаецца раздробным гандлем. У 2007—2009-м значная частка перайшла на спрошчаную форму падаткаабкладаньня, што патрабуе наяўнасьці ўсіх дакумэнтаў, але дае магчымасьць працаваць, як і малым прадпрыемствам, паводле спрошчанай схемы —15% ад прыбытку ці 8% ад валу, альбо дзейнічаючы паводле агульнай падаходнай шкалы. Вось адкуль выйшлі праверкі: 30 тысяч чалавек перасталі плаціць падаткі наперад. ІП-адзіншчыкі падатак плацяць на месяц наперад, да 28 чысла. 30 тысяч прадпрымальнікаў заплацяць толькі да 22 красавіка паводле “спрошчанкі”. Утварылася вялізная бюджэтная дзірка ў паступленьні падаткаў”.

Удзельнікі круглага стала акцэнтавалі: Беларусь — ці не адзіная эўрапейская дзяржава, дзе ў бюджэт уключаныя паступленьні ад штрафаў, спагнаных з суб’ектаў гаспадараньня. То бок шэраг ведамстваў мае пляны на збор грошай незалежна ні ад чога. Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін лічыць: у такіх умовах краіне патрэбны омбудсман у сфэры малога бізнэсу:

“Становішча прадпрымальнікаў у сталіцы ня вельмі добрае, а ўжо ў дробных населеных пунктах як ніколі складанае. Я ўдзячны
Рэальна сёньня правы малога бізнэсу трэба абараняць...
прадпрымальніцкім лідэрам, якія прынялі ўдзел у фармаваньні Нацыянальнай плятформы бізнэсу. Ёсьць разьдзелы, якія нам давядзецца разам рэалізаваць. Сёньня ў нас няма закону аб малым бізнэсе, які нас абараняе. Тры склады беларускага парлямэнту не змаглі нарадзіць і прыняць такі закон. Расея за гэтыя гады ўжо чацьвёрты раз мяняе закон аб падтрымцы. Мы ўнесьлі свае праекты. Паўсюль у сьвеце ёсьць пасада прадстаўніка малога бізнэсу — омбудсмана па правах малога бізнэсу. Гэта не омбудсман па агульных правах чалавека, а ў сфэры менавіта малога бізнэсу. Чым выкліканая неабходнасьць яе ўвядзеньня? Ды тым, што рэальна сёньня правы малога бізнэсу неабходна абараняць”.

Лідэры прадпрымальніцкага руху кажуць пра неадпаведнасьць беларускага заканадаўства міжнародным нормам. У бальшыні краінаў за парушэньне спачатку выносіцца папярэджаньне, і толькі ў выпадку рэцыдыву абвяшчаецца матэрыяльнае спагнаньне. У Беларусі папераджальнага артыкулу няма, і любое парушэньне абкладаецца неадэкватнымі штрафамі. Прычым, як кажа прадпрымальнік з Мазыра, сябра першаснай арганізацыі прафсаюзу ІП “Садружнасьць” Валер Баркавец, у шэрагу выпадкаў людзі пакутуюць ад супярэчнасьцяў паміж дзяржаўнымі структурамі:

“У падатковага ведамства і мытнага камітэту — розныя погляды на працэдуру афармленьня тавараў, увезеных з тэрыторыі Расеі. Для падатковай інспэкцыі касавы чэк — гэта дакумэнт, а для мытнага камітэту гэта ніякі не дакумэнт. Пакуль гэтыя органы не дамовяцца, толку ніякага ня будзе. Прадпрымальнікі ўсьцешыліся — маўляў, нам адмянілі растаможку, — але дружна “праспалі” дэкрэт № 703. Увялі цалкам карную меру — пажыцьцёвае пазбаўленьне пасьведчаньня прадпрымальніка. За нясплату падатку — досыць жорсткая адказнасьць. Але пажыцьцёвае пазбаўленьне — гэта ўжо занадта”.
XS
SM
MD
LG