Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У рэгіёнах цэны растуць штодня


Рынак у Ждановічах пад Менскам<br /><br />

Рынак у Ждановічах пад Менскам<br /><br />

У гэтыя перадвелікодныя дні карэспандэнты “Свабоды” ў рэгіёнах інфармуюць пра штодзённае падвышэньне цэнаў як на харчовыя, так і на прамысловыя тавары.

Рэдакцыя папрасіла баранавіцкага карэспандэнта ўдакладніць прычыны цяперашняй дарагоўлі на тамтэйшых рынках.

На ўсіх рынках у Баранавічах сёньня зьявіліся новыя цэньнікі на сьвежыя агуркі і памідоры. Прывазная гародніна падаражэла роўна напалову. І вось як прадаўцы тлумачаць такія зьмены:

“Перад Вялікаднем вельмі моцна падаражэў закуп. Учора на “Ждановічах” быў закуп агурка па 7150. Даражэе, і даражэе даволі адчувальна. Пасьля сьвятаў будзе рэзкае паніжэньне. Яны за кошт сьвятаў пакрываюць гнільлё”, — кажа прадавачка зь мінірынку ў мікрараёне “Тэкстыльны” Натальля.

Прадавец на магілёўскім рынку нудзіцца без пакупнікоў

“Сёньня закуп турэцкага памідора даражэйшы, чым продаж нашага беларускага. Што быў па сем памідор, то цяпер закуп 8600. Зусім жах! Ужо казалі: на сьвяты — хоць не працуй”, — дадае прадавачка Сьвятлана. Яна таксама скардзіцца, што праца ў сьвяты не прыносяць прыбытку:

“Бярэш дарагі гэты тавар. А пасьля сьвятаў усё рэзка падае ў цане. Усё, што не прадаеш, даводзіцца прадаваць нашмат таньней. Сьвята нам ня выгаднае зусім”.

Меркаваньне прадпрымальніцы Натальлі:

“Каму гэта падабаецца? Вы думаеце, што мне гэта падабаецца? Я купляю гэтаксама, як і вы”.

Баранавіцкія пэнсіянэры ведаюць пра падаражэньне, але ж, як той казаў, есьці трэба штодня.

“Перад сьвятам цэны падымаюцца заўсёды. Падабаецца — не падабаецца: трэба — купім ды пайшлі”, — адзываецца сталага веку цётка Ніна.

Яе таварышка Галіна заўважае, што цэны кусаюцца ня толькі ў сьвяты:

“Э-э-э. Яны кожны дзень павышаюць тыя цэны. 30 адсоткаў, а то й 40 нацэнкі на кожным тавары. А пэнсію паўгоду ніхто не дабаўляе”.

Свайго піку цэны дасягнуць на самым пярэдадні Вялікадня. Усе апытаныя прадаўцы складаюць зь сябе за гэта адказнасьць, а шмат хто яшчэ і абураецца на тых, хто сапраўды, як яны кажуць, вінаваты ў гэтым:

“А хто вінаваты? Гэта аптовая база ў Менску — “Ждановічы”. Там Лукашэнка прысутнічае”, — падагульніла прадавачка Насьця з баранавіцкага рынку “Пятачок”.

* * *

Цэны 17 красавіка ў Менску на "Камароўцы" (тысяч рублёў за 1 кг)

Памідоры – 8,5
Агуркі – 8,0
Зеляніна (за пучок) – 1,5 —3,5
Капуста (пэкінка) – 5,0
Бульба сьвежая – 10,0
Морква – 2,2
Ківі (пакунак) – 7,5
Апэльсіны –5,5
Бананы – 4,3
Яблыкі – 2,5

XS
SM
MD
LG