Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Старыя ваўкі, саступіце сваё месца маладым дэмакратам”


Сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага ў вернікаў праваслаўнай царквы, магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, прысуд забойцам зь вёскі Пухавічы, падрыхтоўка да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У вернікаў праваслаўнай царквы завяршаецца Вялікі тыдзень. У нядзелю яны будуць сьвяткаваць Уваскрашэньне Хрыстова. З гэтай нагоды тэлефанаваньні слухачоў:

Пэнсіянэр, Менск: “Аляксандар Рыгоравіч, вы штодзённа па некалькі разоў выступаеце па радыё. І як бы прыемна было пачуць ад вас праўду перад днём найважнейшага хрысьціянскага сьвята — Уваскрэсеньня Хрыстовага — пра зьніклых людзей Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага”.

Спадар: “Учора па тэлевізіі паглядзеў зьяўленьне Хрыста народу. Зноў, значыць, Лукашэнка заняўся чысткай кадраў сваіх жа, якія раней ставіў. Па-мойму, гэта супрацоўнікі раённага маштабу. А зараз ідуць самыя напружаныя віды работ у сельскай гаспадарцы. Хто ж мяняе на пераправе коней? Вось што значыць, калі чалавек працуе не эканамічнымі мэтадамі, а адміністрацыйнымі”.

Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Усходняга партнэрства ў Прагу — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Спадарыня Ларыса, Менск: “Я згодная з тымі, хто за тое, каб Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча запрасілі ў Прагу. Ён павінен сустрэцца з заходнікамі, выступіць на паседжаньні, каб там больш падрабязна распавёў пра жыцьцё нашага народа, якія ў яго меркаваньні пра тое, як выйсьці з крызісу, бо многія нашы грамадзяне ня ведаюць, што такое крызіс. Павінны ў той жа час на тым жа паседжаньні выступіць прадстаўнікі апазыцыі па тым жа пытаньні. І ўсё гэта павінна быць у прэсе, на тэлебачаньні”.

Наступнае выказваньне — на адрас апазыцыі.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю, Радыё Свабода! Сёньняшняму кіраўніцтву партыі БНФ, а таксама ўсім лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сілаў неабходна пайсьці ў адстаўку. Правалена вулічная акцыя 25 сакавіка, такі ж лёс чакае і “Чарнобыльскі шлях”. Старыя ваўкі, саступіце сваё месца, дайце магчымасьць працаваць маладым дэмакратам”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Лабковіч:

“Я не пагаджуся з паважанай слухачкай, што акцыі былі праваленыя. І 25 сакавіка акцыя была арганізаваная максымальна магчымым чынам. І на яе прыйшло ня менш людзей, чым раней. Паважаная слухачка магла зрабіць свой пасільны ўнёсак у гэтую акцыю. Думаю, што яна так і зрабіла, бо толькі ў гэтым выпадку ў яе ёсьць безумоўнае права крытыкаваць, як яна сказала, старых ваўкоў. Адзінае, з чым сапраўды можна пагадзіцца, — што ў партыі БНФ і іншых палітычных партыях проста катастрафічна неабходныя амаладжэньні і зьмены”.

Тэма наступнага тэлефанаваньня — прысуд забойцам зь вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну. Нагадаю, што за забойства аднавяскоўца двое зь іх атрымалі 3 і 5 гадоў турмы. Яшчэ двое — па два гады “хіміі”. Камэнтар слухачкі:

Спадарыня: “Пухавіцкія забойцы за сплянаванае і зьдзейсьненае з асаблівай жорсткасьцю забойства нават у суме атрымалі меншы тэрмін, чым забіты імі чалавек — за скрадзенае калісьці цяля разам з бутэлькай алею. Радзіма мая, ты звар’яцела!”

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! Дзякуючы нашаму прэзыдэнту мы жывем добра і пэнсіі ў нас прыстойныя. І гэта ня толькі я сьцьвярджаю, але і бабка Ганна з Маладэчна, і яшчэ нехта з розумам бабкі Ганны. Мы ўжо ня ведаем, куды дзяваць залатыя зьліткі, новенькія іншамаркі і кватэры ў Менску. Усё дзякуючы “Супэрлято”, “Ваша лято” і г.д. — пра гэтую цудоўную гульню ведаюць усе беларусы. І па тэлевізіі, і па радыё праз кожныя пяць хвілін нагадваюць. Але хацелася б, каб пры дапамозе гэтай супэрляты вырашылася і харчовая праблема. То бок я прапаную ўвесьці ў гэтую гульню ў якасьці выйгрышаў дваццаціпудовых сьвіней, пры гэтым зьменшыць паўзу паміж рэклямамі да трох хвілін”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG