Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэл Шварцэнбэрг перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне прыехаць на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у праграму “Ўсходняе партнэрства”.


Сяргей Мартынаў і Карэл Шварцэнбэрг
Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў.

Аднак сам міністар замежных справаў Чэхіі заявіў, што Лукашэнка не пацьвердзіў свайго ўдзелу ў сустрэчы.

“Ён прыняў запрашэньне. Цяпер ягоная задача вырашыць, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтай сустрэчы”, – заявіў Шварцэнбэрг.

Чэскі міністар заявіў, што "Ўсходняе партнэрства" зьяўляецца праектам добрасуседзтва. Паводле ягоных словаў, Чэхія і Эўразьвяз “маюць вялікую цікавасьць да далейшага разьвіцьця сваіх суседзяў”. Ён патлумачыў, што Эўрапейскі Зьвяз зацікаўлены ў тым, каб у краінах-суседзях пасьпяхова разьвівалася моцная грамадзянская супольнасьць, складаліся спрыяльныя ўмовы для інвэстыцыяў і бізнэсу.

Шварцэнбэрг таксама выказаў спадзяваньне, што “супрацоўніцтва зь Беларусьсю як з краінай-сябрам "Усходняга партнэрства" будзе мець вельмі добры пачатак”.

Кіраўнік МЗС Чэхіі сярод іншага паведаміў, што блізкім часам абедзьве краіны ўздымуць ровень прадстаўніцтва – дыпляматычныя місіі ачоляць амбасадары.

Сустрэчу, на якой будзе дадзены старт праграме “Ўсходняе партнэрства”, плянуецца правесьці ў Празе (Чэхія) 7 траўня.



Да праграмы "Ўсходняе партнэрства" запрашаюцца Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.

Польшча і Швэцыя запрапанавалі міністрам замежных справаў Эўразьвязу плян супрацоўніцтва з поставецкімі краінамі.

Плян прапануе "глыбейшую інтэграцыю" Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Мэтай такога паглыбленага супрацоўніцтва павінна была быць падрыхтоўка гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз, хоць сам плян ня згадвае пра магчымасьці сяброўства ні словам. Плянам прадугледжваецца паскарэньне рэформаў, збліжэньне нацыянальнага заканадаўства з эўрапейскім для наступнай эканамічнай інтэграцыі краін у эўрапейскую супольнасьць.

Як вынік, "Усходняе партнэрства" мае спрыяць стабільнасьці ды дабрабыту ва ўсходніх суседзяў Эўразьвязу з дапамогай інструмэнтаў эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG