Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд судзьдзю судзіў


Гомельскі інвалід вайны 2-й групы Робэрт Фраловіч зьвярнуўся ў суд з пазовам да судзьдзі Цэнтральнага раёну Марыны Дамненкі па абарону гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі. Патрабаваў спагнаць з судзьдзі 1 мільён 96 тысяч рублёў стратаў і кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 5 мільёнаў рублёў.

Пазоў сёньня разглядаў суд Савецкага раёну Гомеля. Адказчыца Дамненка ў суд не зьявілася — даслала заяву з просьбай загледзець справу безь яе, паколькі “занятая працай”. Фраловіч — пярэчыў, прысутныя прадстаўнікі абласных управаў юстыцыі і фінансаў — не. Судзьдзя Сяргей Бурба вырашыў разглядаць справу без прысутнасьці Марыны Дамненкі.

Інвалід Фраловіч патлумачыў, што яшчэ ў студзені 2007 году на падставе міліцэйскіх пратаколаў Марына Дамненка прызнала яго й Пятра Цімафеева вінаватымі ў адміністрацыйным правапарушэньні — незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, “вырабленай з парушэньнем устаноўленага парадку, якая ня мае выпускных зьвестак”. Да таго ж зьмест гэтай прадукцыі нібыта “накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў”.

Гэта “друкаванай прадукцыяй” былі выдадзеныя грамадзкім аб’яднаньнем “Айчына” малафарматныя выданьні “Патрыятычны весьнік” і “Савінфармбюро”, прычым з усімі неабходнымі зьвесткамі.

Робэрту Фраловічу і Пятру Цімафееву судзьдзя Дамненка аб’явіла папярэджаньне, а выданьні пастанавіла сканфіскаваць.

Вэтэран зьдзіўляўся: “Як можна працаваць судзьдзей і не заглядваць у адміністрацыйны кодэкс?”

Паўтара года перапіскі й нэрваў спатрэбілася Роберту Фраловічу, каб і Вярхоўны суд, і Генэральная пракуратура прызналі, што судзьдзя Марына Дамненка неабгрунтавана прыцягнула яго з таварышам да адміністрацыйнай адказнасьці. Парушаны быў парадак падведамаснасьці разгляду адміністрацыйных спраў. Судзьдзя наогул ня мела права разглядаць, складзеныя ў міліцыі трафарэтныя пратаколы супраць Фраловіча й Цімафеева.

Матэрыяльныя страты, паводле пазоўцы, гэта сканфіскаваныя друкаваныя выданьні, папера, сплачаныя пошліны на разгляд заяваў і скаргаў.

Суд палічыў пацьверджанымі выдаткі Робэрта Фраловіча толькі на аплату пошлін — 62 тысячы рублёў. І пастанавіў кампэнсаваць іх інваліду зь бюджэту.

Прэтэнзіі да судзьдзі Дамненкі на кампэнсацыю маральнай шкоды адхілены.
XS
SM
MD
LG