Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатнія гаспадаркі прэзыдэнтаў: ад катоў да коней


Вось ужо некалькі дзён са стужак інфармацыйных агенцтваў не сыходзіць навіна пра “першага сабаку Белага дому”. 14 красавіка Барак Абама, ягоная жонка Мішэль, дзеці Малія і Саша ўрачыста прадставілі журналістам паўгадовае шчаня партугальскага воднага сабакі па мянушцы Бо. Такім чынам, новы прэзыдэнт Злучаных Штатаў не адступіў ад традыцыі трымаць у рэзыдэнцыі чатырохногага сябра. Ці вызначаюцца сымпатыямі да братоў меншых кіраўнікі іншых дзяржаваў?


Традыцыя прапісваць у Белым доме сабаку належыць амэрыканскаму прэзыдэнту Гары Трумэну, які аднойчы заявіў: “Калі хочаш, каб у цябе быў сябра ў Вашынгтоне, завядзі сабаку”. Прынамсі ў пасьляваенны пэрыяд гэты наказ выконвалі ўсе ягоныя пасьлядоўнікі.


На фота: прэзыдэнт ЗША Барак Абама з дочкамі і сабакам Бо

Папярэднікі Барака АбамыБіл Клінтан і Джордж Буш-малодшы — мелі ў гаспадарцы ня толькі сабак. У Клінтанаў, апрача лабрадора Бадзі, быў яшчэ кот Сокс. За час сумеснага існаваньня жывёлы так і не навучыліся ладзіць адзін з адным. У Бушаў — два сабакі: англійскага спаніэля па мянушцы Спот давялося ўсыпіць з-за старэчых хваробаў на 16-м годзе жыцьця. Спот праславіўся тым, што быў адзіным сабакам, які жыў у Белым доме пры дзьвюх адміністрацыях, бо нарадзіўся яшчэ ад сабакі Буша-старэйшага. А вось шатляндзкі тэр’ер Барні даседзеў прэзыдэнцкі тэрмін Буша-малодшага і пераехаў разам з гаспадарамі ў Тэхас. На тэхаскім ранча, дарэчы, Бушаў сустракала іхная любімая карова Афэлія.

У гэтым сэнсе Буш не адзінокі. Дзеля кар’еры ад каровы вымушаны быў адарвацца Аляксандар Лукашэнка. І хоць абавязак абслугоўваць жывёліну ляжаў збольшага на жонцы Галіне Радзівонаўне, але яшчэ некаторы час пасьля абраньня прэзыдэнтам карова Мілка забясьпечвала сям’ю Лукашэнкаў малаком. Праўда, урэшце статус прымусіў адмовіцца ад хатняй гаспадаркі у Рыжкавічах, і цяпер Лукашэнка безжывёльны.

Праўда, неяк ён прызнаўся, што можа пасядзець з вудай на акультураным возеры ў жылой рэзыдэнцыі, аднак наўрад ці безьязыкая рыба заменіць ката ці сабаку. А вось у Ратамцы гадуецца арабскі скакун, падараваны на 50-годзьдзе Лукашэнкі ранейшым прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Кажуць, што той конь не адзіны і побач стаяць іншыя, атрыманыя ў дар ад кіраўнікоў усходніх краінаў. Лукашэнка за апошні час некалькі разоў наведваў Рэспубліканскі цэнтар коннага спорту і конегадоўлі і, мабыць, меў магчымасьць палюбавацца выхаванцамі. Прэзыдэнцкія коні, як кажуць, выконваюць тут збольшага дэкаратыўную функцыю.

"Тэлезорка" Коні і сьціплы Дарафей

Ужо згаданы Ўладзімер Пуцін прынёс моду на жыўнасьць у Крэмль. Пуцінскага лабрадора Коні, дзякуючы тэлевізару, ведала ўся Расея. Дарэчы, упершыню перамовы “на трох” адбыліся якраз з удзелам Аляксандра Лукашэнкі: у 2005-м Пуцін, Лукашэнка і Коні сустрэліся ў Сочы, прычым Коні ня толькі прысутнічаў пры перамовах, але і суправаджаў лідэраў на шпацыры. Дарэчы, застаецца загадкай, куды падзеўся іншы незвычайны крамлёўскі жыхар — белая каза Казка, якую падараваў Пуціну на Новы год мэр Масквы Юрый Лужкоў. Апроч таго, у Пуціна цэлая калекцыя коней, падараваных лідэрамі рэспублік Расейскай Фэдэрацыі.

А вось новы гаспадар Крамля сабачую традыцыю не падтрымаў. Прынамсі, на публіцы Дзьмітрый Мядзьведзеў усё больш з жонкай. Хоць вядома, што ў прэзыдэнцкай сям’і жыве кот Дарафей сыбірскай пароды. Карэспандэнт маскоўскай тэлекампаніі ТВЦ Дзяніс Шаравар кажа: адрозна ад сабакі, у тэленавінах кот яшчэ не фігуруе.

“У нас гэтая тэма асабліва не абмяркоўваецца. Так бы мовіць, яна не публічная. Пуцінскі Коні, як ні кажы, быў публічны, а вось у выпадку зь Мядзьведзевым і ягонай гаспадаркай — справа іншая. Да таго ж сабака і кот — гэта дзьве супрацьлегласьці. Ня надта выпадае пасьля сабакі з катом на экран лезьці”.

Ката Мядзьведзевы ўзялі ў гадавальніку, і журналісты сьцьвярджаюць, што Дарафей ужо замяшаны ў інцыдэнце — неяк пабіўся з катом прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, калі Мядзьведзевы і Гарбачоў былі суседзямі ў маскоўскім доме.

Пчаляры і сабакары

У прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі “гадаванцы” экстрэмальныя. Юшчанка — заўзяты пчаляр. Пчоламі займаецца амаль зь дзяцінства, у сям’і не адно пакаленьне была свая пасека. Некалькі вульлёў ёсьць у крымскай рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы. Туды ён прывозіў высокіх гасьцей з Грузіі, Літвы, Польшчы. Нават у замежных паездках Юшчанка знаёміцца з традыцыямі пчалярства і адмыслова наведаў лябараторыю пчалаводзтва ў Токіё. Можна ўзгадаць, што пчоламі таксама захапляўся колішні прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, які дагэтуль мае пасеку пад Менскам.

У адзін з прыездаў ва Ўкраіну стала вядома, што пчалярствам захапляецца і прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус. Але, згадвае літоўскі журналіст Ёнас Лаўрынавічус, у рэзыдэнцыі Адамкусаў жыве сабака:

“Гэта было ўжо досыць даўно, калі паказвалі — ці то Бразаўскас яму падараваў сабаку, ці хтосьці яшчэ. І потым яшчэ, можа, раз зьявілася як працяг, калі ён ідзе з сабакам па рэзыдэнцыі — ня там, натуральна, дзе прэзыдэнцкі палац, а там, дзе ён жыве, у сядзібе. Цалкам зразумела, што мясцовая эліта спрабуе браць прыклад з каралеўскіх і прэзыдэнцкіх двароў сьвету. І гэта праяўляецца ня толькі ў сабаках, але ў адзеньні, паводзінах і г.д.”

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, калі яшчэ жыў у Сопаце, меў двух сабакаў і ката. А як стаў мэрам Варшавы, то ўзяў з сабой у сталіцу толькі вялікага чорнага ката Рудольфа, які і цяпер жыве ў сям’і. Кажуць, што жонка прэзыдэнта пані Марыя Качыньская ўлюбёнца надзвычай балуе.

На фота: жонка прэзыдэнта Польшчы Марыя Качыньская з катом Рудольфам

А вось фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель да хатняй жывёлы абыякавая. Гаворыць супрацоўнік маркетынгавай фірмы са Штутгарту Ёрк Фролінг:

“Наколькі я ведаю, няма ў іх нікога, ніякай хатняй жывёлы яны не трымаюць. У нас, у прынцыпе, прынята хаваць асабістае жыцьцё ад журналістаў і ўвогуле не надаваць яму публічнасьці. У яе ёсьць муж, прафэсар фізыкі, які, дарэчы, таксама асабліва не засьвечваецца. Рэч у тым, што ў Ангелы Мэркель няма дзяцей. Таму, магчыма, ня так цікава трымаць хатніх жывёлін, калі няма каму зь імі забаўляцца”.

А вось Герхард Шродэр, папярэднік Мэркель на пасадзе канцлера, меў тэр’ера па мянушцы Холі. Вядома, што жонка Шродэра стварыла цэлую сэрыю сабачых аксэсуараў — ад ашыйнікаў да шампуняў — упрыгожаных выявай Холі.
XS
SM
MD
LG