Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад поўначы 16 красавіка Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі на даручэньне расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева адмяніў рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі ў Чачні.


16 красавіка абвешчанае ў Чачні сьвяточным днём, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва "Новости".

Апэрацыя фэдэральных сілаў у Чачні пачалася ўвосень 1999 году, калі рэспубліка знаходзілася пад кантролем прыхільнікаў незалежнасьці. Расейскія войскі ўвайшлі ў Чачню, выбіўшы з суседняга Дагестану аддзелы ваеўнікоў Шаміля Басаева і Хатаба.

23 верасьня 1999 году прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісаў указ аб стварэньні Аб’яднанай групоўкі войскаў на Паўночным Каўказе, а таксама аб падрыхтоўцы контратэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Чачні. У выніку рэспубліка перайшла пад кантроль расейскіх сілавых структураў, а прэзыдэнтам Чачні быў абраны Ахмад Кадыраў – бацька цяперашняга кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава.

Рамзан Кадыраў дамагаўся завяршэньня апэрацыі ў Чачні. На ягоную думку, праваахоўныя органы Чачні здатныя самастойна кантраляваць сытуацыю і “весьці барацьбу супраць шматлікіх рэшткаў бандгруп”.
XS
SM
MD
LG