Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даволі даўно, здаецца, у 1998 годзе, ідучы на Марш свабоды, пачуў размову двух маладзёнаў. “Куды ідзем?” – спытаў адзін. “Уладу браць!” – упэўнена адказаў суразмоўца. “А гэта дзе?” – спытаў першы.

Я быў уражаны глыбінёй гэтага пытаньня. Хлопец жа, магчыма, нічога асаблівага ў яго не ўкладаў, проста ўдакладняў, маўляў, куды ўсё ж ідзем. Але атрымалася...

Ніякай улады беларускія маніфэстанты не ўзялі ні тады, ні потым. Але пытаньне засталося, і для мяне яго чарговы раз надзвычай яскрава актуалізавалі падзеі 6 – 7 красавіка ў Кішынэве.

Ліст з Парыжу 1968 году

У траўні 1968 году ў разгар студэнцкіх хваляваньняў знакаміты філёзаф і публіцыст Раймон Арон у сваім чарговым артыкуле ў “Фігаро” ня толькі абрынуўся на парыскіх бунтароў – дасталося ад яго і ўраду Жоржа Пампіду, які, на думку Арона, прадэманстраваў бездапаможнасьць, саступіўшы перад мітынговай стыхіяй і аддаўшы маніфэстантам Сарбону. Аўтарытэт журналіста быў настолькі вялікі, што прэм’ер напісаў яму асабісты ліст, у якім прасіў не абнародаваць зьместу сваіх тлумачэньняў, а проста прыняць іх да ведама. Гэты ліст прыведзены ў мэмуарах Арона, апублікаваных празь дзесяцігодзьдзі.

Пампіду тлумачыў, што “парыская грамадзкая думка цалкам падтрымлівала студэнтаў”, а далей разгарнуў цэлую філязофію ўлады:

Дэмакратыя можа ўжываць сілу толькі маючы падтрымку грамадзкай думкі
Ж.Пампіду

“У справах такога кшталту стаўка ў гульні – грамадзкая думка; аддаючы ім Сарбону, я пазбаўляў маніфэстацыю яе стратэгічнай мэты, яна з гэтага часу не магла стаць бунтам, застаючыся толькі “дэманстрацыяй”. Але галоўнае, зрабіўшы тое, чаго чакала грамадзкасьць, я здымаў адказнасьць з аднаго боку і перакладаў яе на другі. Цяпер ужо “студэнты” рабіліся вінаватымі, яны рабіліся правакатарамі, а не нявіннымі ахвярамі, якія абараняюцца ад урадавых і паліцэйскіх правакацый. Мне заставалася толькі выйграць час, лякалізаваць зло, а потым, калі грамадзкасьці ўсё гэта надакучыць, перайсьці да безбалеснага наступу.

У справах такога кшталту ёсьць толькі два выхады. Ці адразу пайсьці на самыя бязьлітасныя і самыя рашучыя рэпрэсіі – да гэтага ў мяне няма схільнасьці, не было для гэтага і сродкаў. А калі б і былі, то абураная грамадзкая думка прымусіла б мяне адступіць, гэта значыць зьнікнуць. Дэмакратыя можа ўжываць сілу толькі маючы падтрымку грамадзкай думкі, а ў нас яе не было.

Або трэба саступіць, чымсьці ахвяраваць і выйграць час. Студэнты маглі стаміцца і стаць больш згаворлівымі. Маглі яны і заўпарціцца, што і адбылося. У такім выпадку яны рабіліся ўсё больш малалікімі і непапулярнымі. Менавіта так усё і адбылося. І калі настаў спрыяльны момант, я пачаў наступ”.

Унікальны дакумэнт, які прачыняе заслону над тым, як разважаюць і прымаюць рашэньні людзі ўлады.

Кішынэўскі гамбіт

Наўрад ці малдоўскі прэзыдэнт Уладзімер Варонін чытаў гэты ліст даўно памерлага прэм’ера, а потым і прэзыдэнта Францыі. Але дзейнічаў так, як нібыта чытаў і ўзяў за кіраўніцтва да дзеяньня.

У сваім гамбіце малдоўскі лідэр ахвяраваў нават значна большым – не будынкам галоўнага ўнівэрсытэту краіну, а асноўнымі сымбалямі ўлады – парлямэнтам і уласнай рэзыдэнцыяй. Але сымбалі – гэта не сама ўлада. Гэтай ахвярай Варонін, дакладна гэтаксама, як і 41 год таму Пампіду, памяняў ролі, ператварыў маніфэстантаў у пагромцаў. Гэта была пастка? Ну дык ніхто не прымушаў у яе лезьці. І гэтаксама, як і францускі прэм’ер у 1968 годзе, малдоўскі прэзыдэнт выдатна разумеў, што стаўка ў масавых акцыях – гэта грамадзкая думка, думка тых, хто не стаіць на плошчы. Маніфэстанты грамілі, Варонін займаўся палітыкай. І, зразумела, выйграў. Калі грамадзтва жахнулася карцінкай парлямэнту і прэзыдэнтуры ў агні, калі маніфэстанты апынуліся ў ізаляцыі і ў роспачы (ну захапілі парлямэнт і прэзыдэнтуру, а што цяпер рабіць, улада – гэта дзе), улада пайшла ў контранаступ.

Справа не ў дабрыні Вароніна і Пампіду, і не ў прыроднай крыважэрнасьці ці жорсткасьці, скажам, Карымава ці Лукашэнкі

Справа не ў дабрыні Вароніна і Пампіду, і не ў прыроднай крыважэрнасьці ці жорсткасьці, скажам, Карымава ці Лукашэнкі. Як бачым, і прэм’ер дэмакратычнай Францыі пісаў свайму адрасату, што “самыя бязьлітасныя і самыя рашучыя рэпрэсіі” – таксама варыянт, і, можа, нават найлепшы. У аўтарытарных рэжымаў свабода дзеяньняў крыху большая, але і яны, паводле выразу Пампіду, “могуць ўжываць сілу толькі маючы падтрымку грамадзкай думкі”.

Чаму Лукашэнка не расстрэльвае дэманстрацыі?

Вяртаючыся з гэтага падарожжа па сьвеце і часе ў Беларусь, зусім па-іншаму пачынаеш глядзець на драматургію масавых акцыяў айчыннай апазыцыі. Пайсьці на Кастрычніцкую ці згадзіцца на Бангалор, дэманстраваць рашучасьць ці сьціпласьць – усе гэта псэўдапраблемы, якія, можа, і надзвычай актуальныя і важныя для саміх актывістаў, але ня маюць амаль ніякага значэньня ў межах лёгікі сапраўднай палітыкі. Як уплываюць тыя ці іншыя крокі, дзеяньні, жэсты ўлады і маніфэстантаў на тую самую грамадзкую думку – вось адзінае, што насамрэч мае значэньне.

Адказ на пытаньне “улада – гэта дзе?” насамрэч надзвычай просты – там, у грамадзтве, у галовах і душах беларусаў

І Лукашэнка, які нібыта можа зрабіць у сваёй злоснасьці ўсё што заўгодна, у сапраўднасьці ня вольны ад дыктату гэтага трэцяга. Ён жа не расстрэльвае маніфэстантаў з кулямётаў, як тое у 2005 годзе рабіў ягоны калега Карымаў. Ён такі добры? Ён ня добры і ня злы – ён палітык. Мог бы – расстрэльваў бы. Ня можа ня ў тым сэнсе, што кулямётаў няма, а ў тым, што вось гэтага грамадзкая думка ўжо не пацярпела б. І што б зрабіла? А ў яго няма жаданьня правяраць, ён не філёзаф, адчувае, што не пацярпела б, і яму гэтага дастаткова. А вось дубцы па сьпінах дэманстрантаў сьцярпіць, а тое нават і ўхваліць: “А чаго яны бузяць? Правільна ўлада парадак наводзіць”. А што – ня так грамадзтва рэагуе на разгоны масавых акцыяў у Менску і іншых гарадах Беларусі?

“Ды якое грамадзтва, вось жа, скажам, мы, шматлікія наведнікі сайту “Свабоды”, рэагуем зусім ня так”, – запярэчыць абураны чытач. Ну ня ведаю, у Пампіду ўжо, на жаль, не спытаеш, што ён меў на увазе пад грамадзтвам.

Але ўсё ж падаецца, што ў гэтым самым няўлоўным грамадзтве – уся справа. І адказ на пытаньне “улада – гэта дзе?” насамрэч надзвычай просты – там, у грамадзтве, у галовах і душах беларусаў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG