Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерці стала на трыццаць працэнтаў даражэй


У Магілёве ў сярэднім на трыццаць працэнтаў павялічыліся цэны на выраб надгробкаў. Уладальнікі рытуальных фірмаў адзначаюць, што цяпер людзі аддаюць перавагу таньнейшай пахавальнай прадукцыі.


Бізнэсоўцы тлумачаць падвышэньне коштаў ростам курсу даляра й цэнаў на матэрыялы:

“Пяцьсот тысяч сярэдняя цана — гэта з мазаікі, і недзе адзін мільён — з граніту. Раней было недзе трыста пяцьдзясят, а з граніту — сямсот. Летась было ў тры разы болей замоваў, чым цяпер. Цяпер на ежу людзі больш грошай пускаюць, чым на помнікі. Грошай у людзей не хапае ў сувязі з крызісам”, — кажа гаспадар рытуальнага прадпрыемства.

Пра тое, што выраб надгробкаў падаражэў, цьвердзіць і яшчэ адна гаспадыня рытуальнага бюро ў абласным цэнтры. Яна не выключае, што некаторыя дробныя арганізацыі ў бліжэйшай пэрспэктыве могуць спыніць сваё існаваньне:

“Узьняліся недзе ў раёне трыццаці працэнтаў. Людзі цяпер бяруць прадукцыю таньнейшую. У нас стала менш кліентаў, калі так можна сказаць. Занадта шмат рытуальных паслугаў у Магілёве. Нават у параўнаньні зь Менскам і іншымі абласнымі гарадамі. Тут вялікая канкурэнцыя. Крызіс яшчэ наперадзе”.

Іншая сытуацыя — у бюро рытуальных паслугаў Магілёўскага гарвыканкаму. Там цэны істотна не мяняюцца ўжо даўно. Супрацоўнік бюро зазначае, што гарвыканкам стрымлівае рост цэнаў, аднак штомесяц вымушаны іх карэктаваць. На пахаваньне дзяржава выдаткоўвае каля 920 тысяч рублёў. Гаворыць супрацоўнік бюро:

“У гэтую суму нашыя паслугі ніколі не ўкладваліся. Яны меншыя. Пахаваньне прыкладна абыходзіцца ў 650—700 тысяч рублёў. Гэта менавіта паслугі, а прылады… труна ёсьць за мільён сямсот, ёсьць труна за сямсот лякіраваная (чыстае дрэва) і за сто сорак — проста абабітая тканінай”.

Суразмоўца прызнае, што часьцей людзі бяруць таньнейшае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG