Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Брэскі: Права найперш стварае прастору для дыялёгу


Алег Брэскі – кандыдат юрыдычных навук, навуковец і практыкуючы юрыст. Кансультант Беларускай праваслаўнай царквы ў прававых пытаньнях. Сааўтар (з Вольгай Брэскай) кнігі “Ад транзыталёгіі да тэорыі Памежжа: нарыс дэканструкцыі канцэпту “Ўсходняя Эўропа” (Вільня, 2008), артыкулаў па філязофіі права і рэгіянальнай палітыцы. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Жыве ў Берасьці. Спадару Брэскаму выпала дзяжурыць паміж двума Вялікаднямі – каталіцкім і праваслаўным. Гэта і прадвызначыла тэматыку развагаў чарговага грамадзкага рэдактара.

Самыя сапраўдныя рэчы на сьвеце маюць характар парадоксу. Гэтакая любоў, якую немагчыма ўявіць бяз рэўнасьці, гэтакая вера, якая ідзе побач з сумневам, гэтакае, насамрэч, – права.

Як вядома, самая лепшая і цывілізаваная сыстэма права – Рымскае права – не змагла засьцерагчы Рым ад расправы з Сынам Чалавечым. Прынамсі, расправы па ўсіх правілах судовага працэсу. І існуюць дакладныя гісторыка-юрыдычныя працы, якія дазваляюць у падрабязнасьцях прасачыць за працэсам (напрыклад, кніжка праф. Лапухіна, перавыдадзеная пяць годоў таму). Але ці зьяўляецца гэта падставай для таго, каб разьвіваць прававы нігілізм?

Самая лепшая і цывілізаваная сыстэма права – Рымскае права – не змагла засьцерагчы Рым ад расправы з Сынам Чалавечым
Тры рэчы хацелася б ўзгадаць у сувязі з праблемай права. Першая – гэта тыя ноткі скепсісу, што тычыцца права і яго значэньня, якія гучаць часта ў гаворцы высокіх герархаў і трапляюць у навуковыя працы, вельмі распаўсюджаныя сярод простых хрысьціянаў. Напрыклад, славутая Дэклярацыя правоў чалавека, прынятая Архіерэйскім саборам РПЦ летась.

Гэты скепсіс зыходзіць з таго, што права – быццам нешта процілеглае любові. Што сьвет у любові не патрабуе права, што права – атрыбут паўшага сьвету. Нават такая прымаўка ўтварылася – "дзе ёсьць любоў – няма права". Цікавае замяшчэньне – бо арыгінал выглядае так: "дзе ёсьць любоў, там няма страху" (гэта Першае пасланьне Іанна) .
Але так сталася, што ў нашай частцы Эўропы права стала асыцыявацца са страхам, стала яго сынонімам. Гэта вялізная праблема, якая ценем падае на ўсе дачыненьні сёньня. І ў такім кантэксьце ў прававым нігілізьме бачыцца ня толькі нешта нэгатыўнае – але і вельмі здаровая рэакцыя: натура чалавечая адкідае той страх, які распаўсюдзіла публічная ўлада цягам савецкай эпохі. І гэтыя людзі, якія спантанічна фармулююць: "дзе ёсьць любоў, там няма права" – як яны падобныя да хіпі 1960-х і да іх утопіі!

Другая рэч – прагненьне сьветам таго, хто стаў бы над правіламі. Мабыць, гэта такое спрадвечнае прагненьне Збаўцы. Але калі сьвет дабіваецца такога ад чалавека, – то атрымлівае чарговага тырана.
І як ні дзіўна, але наша свабода і годнасьць, мажлівасьць свабоднага дзеяньня – зьвязана з правам. І Царква зь яе прагай міру, любові так ці інакш зьвязаная са станаўленьнем прававога парадку, які будуецца на асноўнай тэзе царквы аб павазе да пэрсоны, да чалавека толькі таму, што ён – чалавек.

Хрысьціянства прычынілася да паўстаньня вялікай сыстэмы самадысцыплінаваньня чалавека
Права – гэта павага да іншай сутнасьці, перадусім. Права забясьпечвае разьлічэньне, права стварае прастору для дыялёгу. Права надае месца – праводзіць межы – стае асновай для вельмі важнай і даволі маладой ідэі аб пэрсоне. То бок нечым непаўторным у чалавеку, бясконца дарагім, што нельга замяніць нічым у гэтым сьвеце, чаму можна надаць імя і назваць імем.

Таму адсутнасьць права – гэта адсутнасьць парадку. І ня толькі зьнешняга – але і пэрсанальнага парадку. Хрысьціянства прычынілася да паўстаньня вялікай сыстэмы самадысцыплінаваньня чалавека – да інстытуцыялізацыі яго бясконцай гаворкі з самім сабой, да пастаяннага аналізаваньня свайго дзеяньня паводле нормаў сумленьня і запаведзяў (тых жа нормаў).

І ў гэтым выпадку наша любоў зьвязана з нашым добраахвотным спасьцяраганьнем права – г.зн. іншай асобы. І ў гэтым самадысцыплінаваньні, якое заахвочваецца хрысьціянствам, хаваецца суцэльная мадэль публічнага і сацыяльнага парадку – якая можа палягаць на значнай аўтаноміі пэрсоны і асацыяцый. І тут – прастора для набыцьця вопыту цэрквамі і асобнымі хрысьціянамі ва Ўсходняй Эўропе.

Не магу не ўзгадаць нядаўні дазвол мітрапаліта Філарэта на адпяваньне Яны Паляковай
Трэцяя рэч, якую з нагоды праблемы права не магу не ўзгадаць, – гэта нядаўні дазвол мітрапаліта Філарэта на адпяваньне Яны Паляковай. Хачу ўзгадаць аб гэтым, таму што тут вельмі важнае рашэньне з пункту гледжаньня ня толькі ўвагі да чалавека – але ўвагі да чалавека ў яго дачыненьнях з публічнай уладай. Гэта прыняцьце пазыцыі чалавека. І гэтае рашэньне, безумоўна, падтрымлівае тых, хто клапоціцца аб тым, каб слова "страх" не асыцыявалася ня толькі з правам, але і з публічнай уладай – гэтае рашэньне падтрымлівае тых, хто клапоціцца аб павазе да чалавечай пэрсоны.
XS
SM
MD
LG