Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне найбольш чым дзе ў Беларусі траўмаваных на вытворчасьці. Асноўная прычына – п’янства на працоўных месцах. Летась на прадпрыемствах рэгіёну загінулі 35 чалавек, пятнаццаць зь іх былі нападпітку. За тры сёлетнія месяцы загінулі ўжо шэсьць чалавек, а дваццаць сем атрымалі цяжкія траўмы.

Калі б на вытворчасьці не пілі, колькасьць траўмаваных зьменшылася б на 40 працэнтаў, цьведзяць у дзяржаўным аб’яднаньні прафсаюзаў. 90 працэнтаў усіх здарэньняў адбываюцца пасьля абеду, заяўляе супрацоўнік прафсаюзу:

Бо калі работніка праверылі з раніцы ён далей ужо ходзіць, фанабэрыцца, маўляў, во мяне праверылі можна й лейцы адпусьціць
“Адзін з самых эфэктыўных сродкаў барацьбы з п’янствам на працы – гэта раптоўны кантроль менавіта ў пасьляабедзенны час. Бо калі работніка праверылі з раніцы ён далей ужо ходзіць, фанабэрыцца, маўляў, во мяне праверылі можна й лейцы адпусьціць. Узяў і выпіў”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі летась з трыццаці пяці загіблых на працы пятнаццаць былі нападпітку. Сёлета загінула ўжо шасьцёра работнікаў, а цяжкія траўмы атрымалі 36 чалавек. Колькі зь іх былі ў стане алькагольнага ап’яненьня афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.

Супрацоўнік дзяржаўнага прафсаюзу прызнае, што на прадпрыемствах няма жорсткага кантролю за выкананьнем правілаў тэхнікі бясьпекі:

“І сродкаў не стае. І спэцыяліста па ахове працы практычна пастаянна адцягваюць ад яго непасрэдных абавязкаў. У шмат якіх спэцыялістаў няма адпаведнай тэхнічнай адукацыі”.

Магілёўскі будаўнік Мікалай Расюк пацьвярджае, што наймальнікі сапраўды ня надта дбаюць пра ахову працы:

“На гэта, відаць, патрэбныя фінансавыя сродкі. Умовы працы, інструмэнт, абсталяваньне – гэта ніхто ніколі не правярае. Бытавыя ўмовы зусім не чалавечыя”.

Паводле суразмоўцы кіраўніцтва прадпрыемстваў ведае пра папойкі на працоўных месцах і мала што робіць, каб гэтую зьяву выкараніць. У выпадку здарэньня з падвыпіўшым работнікам прасьцей дамовіцца:

Калі чалавек выпіў 100-150 грамаў на працы, то ён зробіць бальнічны бытавы
“Калі чалавек выпіў 100-150 грамаў на працы, то ён зробіць бальнічны бытавы. Ён ня будзе дамагацца, каб яму аформілі вытворчую траўму. Усё ціхенька праходзіць”.

У сельскай гаспадарцы сытуацыя яшчэ горай. Там спэцыялістаў наагул шмат якіх няма. Некаторыя работнікі вымушаныя выконваць заданьні, у якіх не абазнаныя. У сельгаскаапэратыве “Быхаўскі”, напрыклад, падчас хімічнай апрацоўкі гавяды загінуў днямі скотнік. Гэтай працай меўся займацца вэтэрынар.

Чым жа дапамагла гаспадарка сям’і загіблага?

“Мы выдзелілі мяса, машыну на пахаваньне, а таксама грошы на пахаваньне выплацілі адразу ж”, – паведаміў супрацоўнік адміністрацыі каапэратыву.

Юрыст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў кажа, што пацярпелыя на вытворчасьці рэдка зьвяртаюцца па дапамогу, а калі ўсё ж зьвяртаюцца, то позна – атрыманае пашкоджаньне ўжо аформленае як бытавое:

“Людзі проста баяцца, што могуць працу страціць, таму яны ў рэдкіх выпадках зьвяртаюцца ў суды, каб даказаць, што трэба больш плаціць. Калі там сур’ёзная траўма, тады ўжо на поўную катушку патрабуюць. Калі ж траўма ня вельмі цяжкая – тады баяцца”.

У 2008 годзе ў Беларусі на вытворчасьці загінула 207 чалавек. Дэпартамэнт інспэкцыі працы выявіў каля 270 тысяч парушэньняў заканадаўства аб працы і ахове працы. Летась праз гэтыя парушэньні спынялася праца 25 цэхаў, 504 вытворчых участкаў і больш за 13000 прыладаў рознага абсталяваньня. Больш за 15000 наймальнікаў штрафаваліся.
XS
SM
MD
LG