Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускай салідарнасьці традыцыйна праходзіць у 16-ты дзень кожнага месяца з удзелам актывістаў дэмакратычных арганізацый. Сёньня акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і ахвярамі палітычнага перасьледу зноў заплянаваныя ў Менску і іншых рэгіёнах краіны.

Напярэдадні лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”.

“Гэтая акцыя будзе праходзіць па ўсёй Беларусі, дзе ёсьць маладафронтаўскія суполкі пад лёзунгамі вызваленьня палітвязьняў. Мы ведаем, што дагэтуль у Беларусі, на вялікі жаль, ёсьць палітычныя зьняволеныя. Гэта лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Таксама акцыі салідарнасьці будуць праходзіць пад лёзунгамі прызнаньня палітвязьнямі незаконна прызваных у войска моладзевых актывістаў. Гэта Франак Вячорка, Іван Шыла і Зьміцер Хведарук. А раней гэтаксама былі прызваныя ў войска Зьміцер Жалезьнічэнка, Алесь Каліта. Мы будзем выказваць з гэтымі маладымі жаўнерамі сваю салідарнасьць”.

Вулічныя акцыі ў Дзень беларускай салідарнасьці рэгулярна праводзяцца болей за 3 гады. Бывала, што ўдзельнікаў міліцыя зьбівала, затрымлівала, іх судзілі паводле абвінавачаньняў у адміністрацыйных парушэньнях.Здаралася і гэтак, што міліцыянты выціскалі удзельнікаў акцый з плошчы, але пры гэтым затрыманьняў не было. Пытаюся ў Зьмітра Дашкевіча, які сцэнар акцыі ён прадбачыць зараз.

Цяпер у сувязі з гэтак званай лібэралізацыяй, пра якую шмат кажуць, улады пачынаюць дзейнічаць больш схаванымі захадамі
“Цяпер у сувязі з гэтак званай лібэралізацыяй, пра якую шмат кажуць, улады пачынаюць дзейнічаць больш схаванымі захадамі, з прыхаванымі рэпрэсіямі. Прыкладам, усе ўдзельнікі акцый салідарнасьці сустракаюцца з пагрозамі, у тым ліку з боку КДБ. У тым ліку пагражаюць звольніць з працы, выключыць з вучобы. Да бацькоў маладафронтаўцаў прыходзяць з КДБ, пагражаюць звальненьнямі. А некаторых і звальнялі. Улада вельмі біцца акцый салідарнасьці, якія дэманструюць еднасьць грамадзтва”.

Месяц таму, 16-га сакавіка некалькі дзясяткаў маладафронтаўцаў выйшлі на акцыю салідарнасьці да Дому ўраду. Актывісты трымалі лёзунгі з патрабаваньнямі спыніць незаконны прызыў у войска і вызваліць палітзьняволеных Дубскага, Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку. Акцыя закончылася мірна. А вось 16-га лютага падчас разгону міліцыяй акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы дзесяткі чалавек былі зьбіты, некаторыя патрапілі ў шпіталь.

Традыцыя праводзіць Дні беларускай салідарнасьці ў 16-ты дзень кожнага месяца бярэ пачатак ад верасьня 2005-га году. Тады падчас разгону акцыі актывіст з Баранавіч Мікіта Сасім падняў у паветра ў якасьць сьцяга джынсавую куртку. У выніку джынс стаў сымбалем беларускага супраціву і салідарнасьці. Улады трывала перашкаджаюць правядзеньню акцый салідарнасьці. Варта нагадаць пра 16-а верасьня 2008 году. У акцыі на Кастрычніцкай плошчы, якая праходзіла напярэдадні парлямэнцкіх выбаў, бралі ўдзел кандыдаты ў дэпутаты Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька. Акцыя была брутальна разагнаная міліцыяй, удзельнікі акцыі зьбітыя, сярод іх былі і Вячорка зь Лябедзькам.
XS
SM
MD
LG