Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Дубскі: “Мяне выгналі зь сьледчага ізалятару”


Госьць “Начной Свабоды” – актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі, якога ў сераду вызвалілі з Бабруйскага сьледчага ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе. Першае інтэрвію – на "Свабодзе".

СЛУХАЦЬ:



Эфір 15 красавіка. 22 гадзіна 42 хвіліны.




Ганна Соўсь
: Мы зьвязаліся з моладзевым актывістам Арцёмам Дубскім па тэлефоне, калі ён праз 2 гадзіны па вызваленьні сустрэўся з маці. Арцём, віншую вас з вызваленьнем. Вы правялі за кратамі больш за два месяцы ад 13 лютага. Раскажыце, калі ласка, якім чынам вам паведамілі пра вызваленьне пад падпіску аб нявыезьдзе? Як гэта адбывалася?

Арцём Дубскі: Дзякуй за віншаваньне. Мяне вызвалілі, а дакладней літаральна выгналі зь сьледчага ізалятару. Зайшоў у камэру начальнік рэжымнага аддзелу, які запатрабаваў, каб я сабраў рэчы. Я падумаў, што мяне будуць пераводзіць у другую камэру, таму што сёньня літаральна я закрыў справу. Прыяжджала мая адвакатка зь сьледчым. Аказалася, што не пераводзяць у іншую камэру. Мяне спусьцілі ў так званыя боксы, дзе правялі вобшук, далі ўсе неабходныя дакумэнты на рукі, і вось я на свабодзе.

Мяне вызвалілі, а дакладней літаральна выгналі зь сьледчага ізалятару. Зайшоў у камэру начальнік рэжымнага аддзелу, які запатрабаваў, каб я сабраў рэчы. Я падумаў, што мяне будуць пераводзіць у другую камэру
Соўсь
: Якая гэта гадзіна на свабодзе?

Дубскі: Палова дзявятай было, калі мяне выперлі зь сьледчага ізалятару. На выхадзе мяне чакаў новы сьледчы, які мне даў падпісаць падпіску аб нявыезьдзе за межы Рэспублікі Беларусі. І адпаведна да суду я буду знаходзіцца дома.

Соўсь: З чым вы зьвязваеце вызваленьне пад падпіску аб нявыезьдзе?

Дубскі: Мая справа была вельмі раздзьмутая. Сёньня калі мы з адвакаткай глядзелі гэтую справу, было вельмі шмат дубляжу. Нават даходзіла да сьмешнага. Тыя ж міліцыянты, якія шукалі мяне пасьля ад'езду ва Ўкраіну, яны цягам тыдня праглядалі, ці зьяўлюся я на тым месцы, дзе раней жыў, і такія рапарты былі, толькі даты зьмененыя. Я думаю, што гэта хутчэй за ўсё так званая лібэралізацыя. Наколькі я ведаю, у Зьмітра Хведарука сёньня таксама быў суд, але ня ведаю, чым ён скончыўся. Спадзяюся, што цягам двух-трох дзён людзей павызваляюць пад гэтую тэму.

Соўсь: Некалькі дзён таму вашыя паплечнікі атрымалі ліст ад вас зь сьледчага ізалятару, вы пісалі, што вас зьбілі. Раскажыце, калі ласка, што адбылося.

Раней гэтая турма была так званай “зялёнай” – то бок там кіравалі зьняволеныя. А цяпер зь яе зрабілі такую паказальную “чырвоную” турму
Дубскі:
Там зьбіцьцё – гэта такая звычайная рэч. Раней гэтая турма была так званай “зялёнай” – то бок там кіравалі зьняволеныя. А цяпер зь яе зрабілі такую паказальную “чырвоную” турму. Пазавешвалі ўсе краты – ніякім чынам не магчыма кантактаваць з воляй. А пра зьбіцьцё можна перадаць інфармацыю толькі праз свайго адваката ці праз чалавека, які выходзіць на волю. Так і выйшла – праз чалавека, які выходзіў на волю, я перадаў ліст. Увогуле зьбіцьцё там адбываецца рэгулярна.

Соўсь: Якія былі ўмовы ў бабруйскім сьледчым ізалятары? Колькі чалавек было ў камэры, якое было харчаваньне, стаўленьне пэрсаналу?

Дубскі: Было чалавек 17, але на той момант, калі мяне выводзілі з камэры, быў 21 чалавек. Месца хапала, спалі на трох'ярусных ложках. Некалькі разоў даводзілася нацягваць прасьцірадлы.

Соўсь: Ці вы ведалі пра акцыі салідарнасьці з вамі, якія праходзілі падчас вашага зьняволеньня? Ці была ў вас магчымасьць атрымліваць інфармацыю?

Дубскі:
Так. Літаральна праз пару тыдняў, як мяне “зачынілі”, я пачаў атрымліваць газэты. Зь вялікім зьдзіўленьнем я пабачыў, што мяне падпісалі нават на “Советскую Белоруссию” – напэўна, каб я мог параўноўваць інфармацыю. Там у нас быў тэлевізар, які прымаў 6 каналаў. Каб быў яшчэ інтэрнэт, увогуле было б райскае жыцьцё. Але – цэнзура. Нават раздрукоўкі з інфармацыяй, якой больш за месяц, яны зьнішчалі. Калі я запісваўся на прыём да рэжымнага кіраўніцтва, яны казалі, што гэтыя раздрукоўкі мы вам не аддамо. Вызваляючыся, я пабачыў штамп на маёй асабістай справе – “спэцаддзел, даслаць на дасьледаваньне” – гэта азначае, што я знаходзіўся пад пільнай увагай гэты час.

Соўсь: Што будзеце рабіць на волі ў першыя дні?

Дубскі: Зараз дачакаюся суду. Да суду буду сустракацца зь людзьмі. У мяне больш за 300 кантактаў – гэта тыя людзі, якія мне пісалі лісты, паштоўкі. Хачу сустрэцца калі не з усімі, то з многімі зь іх.

Па-другое, вядома ж, хацелася б пабачыцца са сваёй будучай жонкай, якая цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне, і быць дома, быць са сваімі роднымі людзьмі.

Арцём Дубскі — фігурант “справы 14-ці” — знаходзіўся ў Бабруйскім СІЗА. Уначы з 12-га на 13-га лютага хлопца зьнялі зь цягніка, калі ён ехаў з Украіны, каб паўдзельнічаць у шэсьці на Дзень сьвятога Валянціна. Раней ён папрасіў прытулку ва Ўкраіне, бо яму пагражала зьняволеньне за ўдзел у пратэстах прадпрымальнікаў у Менску. Арцёма пакаралі за іх абмежаваньнем волі на 2 гады.

Падчас адбыцьця пакараньня яго абвінавацілі ў нанясеньні шкоды кампаніі “Velcom” і распачалі новую крымінальную справу. Арцём са сваім знаёмым скарысталі чужую сім-картку для выхаду ў інтэрнэт. Усе страты Дубскі кампэнсаваў. Падчас судовага разбору пацярпелая зьняла ўсе прэтэнзіі. Аднак пасьля суду хлопца накіравалі ў Бабруйскае СІЗА. Яму выставілі абвінавачаньні па артыкуле 415 КК — ухіленьне ад адбыцьця пакараньня.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG