Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: “Дэмакратыя – гэта вечная каштоўнасьць”


Сёньня расейская “Новая газета” апублікавала інтэрвію, якое даў рэдактару выданьня Дзьмітрыю Муратаву прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Гэтае выданьне, вядомае сваім крытычным стаўленьнем да палітыкі Крамля, аказалася першым расейскім СМІ, якому прэзыдэнт даў інтэрвію за ўсе 11 месяцаў ягонага кіраваньня.

Усе назіральнікі згодныя з тым, што гэта своеасаблівае пасланьне прэзыдэнта Мядзьведзева Расеі і сьвету, што яго лібэральныя прамовы – гэта не пусты гук. “Новая” – газэта з вельмі выразнай палітычнай пазыцыяй, карэспандэнтам менавіта гэтага выданьня была Ганна Паліткоўская, забітая, як мяркуюць многія, за сваю вострую крытыку палітыкі Расеі ў Чачні. Ужо пасьля заканчэньня гутаркі Мядзьведзеў сказаў рэдактару газэты :”А ведаеце, чаму я даў інтэрвію менавіта “Новой газете”? Вы ніколі нікому нічога не лізалі”.

Грубавата, але красамоўна.

Гэтае лібэральнае пасланьне знайшло адлюстраваньне і ў словах, сказаных падчас інтэрвію. Яшчэ кандыдатам на прэзыдэнта Мядзьведзеў сказаў: “Свабода лепш за несвабоду”. У інтэрвію “Новай” ён падкрэсьліў, што “дэмакратыя -- гэта вечная і наднацыянальная каштоўнасьць, якая ня мае патрэбы ў рэабілітацыі, хаця яе прыход у Расею супаў з цяжкасьцямі для большасьці насельніцтва”. Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што “нельга супрацьпастаўляць дэмакратыю сытасьці”.

Падчас інтэрвію было закранута некалькі вострых тэмаў, напрыклад, выбары мэра Сочы, зь якіх зьнялі аднаго з сузаснавальнікаў “Новой газеты” Лебедзева і чыняцца перашкоды агітацыі Барыса Нямцова. Мядзьведзеў сказаў, што ня ведае, “каго і як там здымалі, але ў любым выпадку ў Сочы ідзе паўнавартасная палітычная барацьба”. Паводле Мядзьведзева, многія муніцыпальныя выбары ў Расеі грашаць аднастайнасьцю.

Адказваючы на пытаньне пра новую крымінальную справу, распачатую супраць былога кіраўніка канцэрну ЮКОС Міхаіла Хадаркоўскага, Мядзьведзеў працытаваў ангэльскага філёзафа Юма, які казаў, што “Уся палітычная сыстэма існуе толькі для таго, каб судзьдзі маглі незалежна выконваць свае функцыі”.

Нядаўна сам прэзыдэнт, прэм’ер і шэраг вышэйшых чыноўнікаў апублікавалі свае дэклярацыі аб даходах. Камэнтуючы гэтую ініцыятыву , Мядзьведзеў сказаў: “Калі бюракратыі прапануюць кантраляваць сябе, гэта не выклікае задавальненьня. Але цывілізаванае грамадзтва тым і адрозьніваецца ад нецывілізаванага, што яно ўсё ж навучылася гэта рабіць”. Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што чалавек, які ідзе ў дзяржаўныя служачыя, павінен разумець, што ў пэўны момант яму давядзецца прыадчыніць частку свайго прыватнага жыцьця.

Мядзьведзеў таксама заявіў, што не зьбіраецца ўступаць у партыю “Единая Россия”, якая лічыць сваім лідэрам прэм’ера Ўладзімера Пуціна. Мядзьведзеў выказаў меркаваньне, што з прычыны неразьвітасьці палітычнай сыстэмы сучаснай Расеі прэзыдэнту варта быць беспартыйным.

Сёньня Мядзьведзеў правёў паседжаньне прэзыдэнцкай рады па грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека. Сярод сябраў гэтай рады – журналістка Сьвятлана Сарокіна, філёзаф Аляксандар Аўзан, праваабаронца Аляксей Сіманаў, эканаміст Ігар Юргэнс. Праблема ўзаемадзеяньня ўлады і грамадзянскай супольнасьці таксама была закранутая ў інтэрвію “Новой газете”

Мядзьведзеў сказаў, што грамадзянская супольнасьць – неад’емная частка любой дзяржавы. Паводле яго, гэта супольнасьць грамадзянаў, якія ня маюць пасадаў, але актыўна ўдзельнічаюць у жыцьці краіны. Дарэчы, сёньня падчас пасяджэньня рады паміж Мядзьведзевым і старшынёй рады Элай Памфілавай адбылася наступная гутарка:

Мядзьведзеў: “Працуецца вам няпроста. Ёсьць шмат выпадкаў, калі дзейнасьць няўрадавых арганізацый абмяжоўваецца без дастатковых прычынаў. Зразумела, гэта зьвязана і з тым, што ў дзейнасьці некамэрцыйных арганізацый многія чыноўнікі бачаць пагрозу для свайго неабмежаванага панаваньня. Гэтак, відаць, ня толькі ў нас, але ў нас у гэтым сэнсе ёсьць свае цяжкія гістарычныя традыцыі”.

Памфілава: “Хацелася б пажадаць нашым сілавым структурам, у тым ліку і спецслужбам, зжыць вось гэтае сумнавядомае, прымітыўнае паляваньне на вядзьмарак адносна праваабаронцаў і малалікай, часам маргінальнай апазыцыі, а засяродзіцца (і праваабаронцы тут ім могуць дапамагчы) на выяўленьні спонсараў і арганізатараў крымінальных сетак сэксуальнага гвалту над дзяцьмі, дзіцячай парнаграфіі, гандлю людзьмі, зброяй, наркотыкамі і іншых злачынстваў, якія сапраўды ўяўляюць сабой пагрозу для нацыянальнай бясьпекі краіны”.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што сваім інтэрвію Дзьмітры Мядзьведзеў зрабіў асьцярожную дэманстрацыю таго, што ягоныя падыходы крыху адрозьніваюцца ад падыходаў ягонага ўсясільнага прэм’ера. Калі рэдактар “Новай” спытаў яго, ці адчуў ён нэгатыўную рэакцыю чыноўнікаў на ягоную ініцыятыву з дэкляраваньнем даходаў, Мядзьведзеў адказаў: “Пасада прэзыдэнта вызваляе ад таго, каб выслухоўваць нэгатыўную рэакцыю чыноўнікаў”. Магчыма, размова ідзе ня толькі пра рэакцыю на дэкляраваньне даходаў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG