Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Хведарука разгледзець за дзень не далі рады


Зьміцер Хведарук (справа) ля суду.
Зьміцер Хведарук (справа) ля суду.
Сёньня суд Першамайскага раёну Менску разглядаў скаргу Зьмітра Хведарука на незаконныя дзеяньні вайскоўцаў падчас прызыву. 28 студзеня Зьмітра затрымалі дома і ў кайданках адвезьлі ў ваенкамат. Адтуль хлопца завезьлі ў міліцыю, а потым у турму. Праз два дні мэдыкі абсьледавалі Хведарука на працягу 40 хвілінаў і прызналі прыдатным для службы ў войску. У кайданках яго прывезьлі ў вайсковую частку і прымусілі служыць.

СЛУХАЦЬ:


Судзьдзя Першамайскага суду Менску Натальля Петух зачытала заяву Зьмітра на мове арыгінала — па-беларуску. Некалькі разоў яна перапытвала ў Зьмітра, чаму ён завастрыў увагу на тым, што яго адвезьлі ў войска гвалтоўна, у кайданках. Яна прыгадала, што служыць у войску — абавязак усіх мужчын прызыўнога ўзросту.

Зьміцер падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

Зьміцер Хведарук
“Судзьдзя абсалютна не зьвяртала ўвагу на тое, як чалавека накіравалі ў войска. Ёсьць фармулёўка, што трэба выканаць свой абавязак, але якой цаной, якімі нормамі? Мяне вельмі ўразіла, што судзьдзя некалькі разоў перапытала, што такога ў тым, што чалавека прывозяць у кайданках на мэдкамісію, а потым вязуць у кайданках у войска. Для яе гэта нічога ня значыць.

Прадстаўнікі ваенкамату і мэдыкі ўвесь час рагаталі. Калі я нешта адказваў не на іх карысьць, вельмі зьедліва выказваліся, што хлушу і г.д.”

Судзьдзя Натальля Петух час ад часу стукала алоўкам, калі вайскоўцы рагаталі над адказамі Зьмітра.
Судзьдзя Натальля Петух час ад часу стукала алоўкам, калі вайскоўцы рагаталі над адказамі Зьмітра.
Але пры гэтым яна выдаліла з судовай залі ня іх, а некалькі чалавек зь ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць Зьмітра, не патлумачыўшы ім прычыны выдаленьня. Да маці Андрэя Кіма яна зьвярнулася са словамі: “Жанчына, якой за 50”.

На судзе прысутнічалі бацькі Зьмітра Хведарука, Франка Вячоркі і Івана Шылы — трох прызыўнікоў-апазыцыянэраў, якіх гвалтоўна ў кайданках накіравалі на вайсковую службу.

Вайсковыя мэдыкі казалі, што з тымі захворваньнямі, якія мае Зьміцер, яму можна служыць пры абмежаваных фізычных нагрузках.

Вінцук Вячорка ўважліва сачыў за ходам працэсу:

Вінцук Вячорка
“Падабенстваў вельмі-вельмі шмат: як перапісваліся і замоўчваліся дыягназы, як актыўна ўдзельнічалі людзі ў цывільным. Ува ўсіх трох груба парушана права на адукацыю. Думаю, што міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” здолее шмат чаго скарыстаць з гэтых працэсаў.

Безумоўна, “плылі” прадстаўнікі ваенкамату і дактары. Думаю, што ўвогуле гэтага б не адбылося, калі б ім не сказалі: “Спакойна, вас прыкрыюць”. На жаль, сёньняшні суд будзе вынікам гэтага прыкрыцьця“.

Тым часам каля ганку суду адбыўся імправізаваны круглы стол у пытаньнях абароны Зьмітра Хведарука, Франка Вячоркі і Івана Шылы.

За старшыню быў Павал Севярынец:

Павал Севярынец
“Напярэдадні прыезду сп. Шварцэнбэрга, напярэдадні дэлегацыі ў Вільню амэрыканскіх кангрэсмэнаў, калі ёсьць магчымасьць паўплываць на рашэньні рэжыму праз жорсткія патрабаваньні, мы вырашылі правесьці гэты круглы стол. Пытаньне пра беззаконьні ў дачыненьні да маладых лідэраў апазыцыі, прызваных у войска, было пастаўлена рубам.

Працэс Зьмітра, паводле якога ўсё зразумела і трэба прымаць рашэньне адразу ж, зацягнуты на цэлы дзень. Мы вымушаныя праводзіць палявы круглы стол каля будынку Першамайскага суду”.

І Зьміцер Хведарук, і Іван Шыла, і Франак Вячорка літаральна празь некалькі дзён пасьля таго, як прынялі прысягу, трапілі ў мэдычныя ўстановы. Зьмітру Хведаруку нават зрабілі хірургічную апэрацыю на венах, а цяпер яго лечаць у мэдычнай роце, што ў Барысаве. Адтуль хлопца і прывезьлі на суд.

Судзьдзя пагадзілася дапытаць яшчэ двух мэдыкаў і прызначыла далейшы разгляд справы на 16 красавіка на 14:30.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG