Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях ухваліла закон аб амністыі з нагоды 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

На свабоду выйдуць каля 4,5 тысяч чалавек, 2,5 тысячы з гэтага ліку пакінуць папраўчыя ўстановы закрытага тыпу — турмы і калёніі.

СЛУХАЦЬ:


Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў найперш нагадаў дэпутатам, што амністыю ініцыюе прэзыдэнт Беларусі. Яе неабходнасьць генэрал абгрунтаваў як меркаваньнямі гуманізму, так і патрэбай вырашаць эканамічныя праблемы, якія ўзьнікаюць у час крызісу:

“Дзяржава ў выніку праведзенай амністыі, паводле папярэдніх дадзеных, атрымае магчымасьць зэканоміць каля двух мільярдаў беларускіх рублёў”.

Генэрал Куляшоў дадаў, што гэтыя грошы былі закладзеныя ў бюджэт на сёлетні год, а ўтрыманьне аднаго вязьня абыходзіцца дзяржаве ў 336 тысяч рублёў на месяц.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што два мільярды — параўнальна невялікія грошы, бо агульная сума бюджэту 2009 году перавышае 60 трыльёнаў:

Станіслаў Багданкевіч
“Ну, гэта няшмат. Але наагул, я думаю, амністыя — карысная справа. Нядрэнна, каб прынялі закон пра прадпрымальнікаў, якія нешта парушылі ў эканамічным пляне. Да суду іх можна было б не саджаць у турму, а браць падпіску аб нявыезьдзе. Караць, канечне, патрэбна, але трэба знаходзіць іншыя шляхі пакараньня”.

Дарэчы, амаль палова зьняволеных, а дакладней — 47,6%, адбываюць пакараньне за эканамічныя злачынствы. А наагул за кратамі ў краіне знаходзіцца 37,5 тысяч чалавек. Параўнальна зь іншымі дзяржавамі — гэта шмат. І нават некаторыя дэпутаты сёньня казалі, што амністыямі, хаця гэта ўжо дзясятая з 1991 году, справу ня выправіш.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак таксама лічыць, што амністыя — ня той шлях:

Алег Гулак
“Амністыя — гэта затыканьне дзірак, гэта іх латаньне. А трэба гаварыць пра гуманізацыю пакараньняў, а не пра амністыі. У нас сапраўды зашмат зьняволеных. А самыя лепшыя лічбы ў сьвеце — гэта ў Скандынавіі: прыкладна 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва”.

Спробы журналістаў даведацца ў генэрал-маёра міліцыі, начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУСу Валерыя Яромкіна, хто зь вядомых асобаў трапляе пад амністыю, плёну не прынесьлі. На гэтае пытаньне падчас прэсавай канфэрэнцыі генэрал даў такі адказ:

“Я сёньня загадзя не магу сказаць.У законе дакладна пералічаныя артыкулы, паводле якіх і хто трапляе пад яго дзеяньне. І сказаць канкрэтна: Іваноў, Пятроў, Сідараў, — я, канечне, сёньня не скажу”.

Паводле генэрала Куляшова, людзі, якія выйдуць на волю, ня будуць ствараць вялікай пагрозы грамадзтву. Звычайна толькі 10-12 працэнтаў амніставаных вяртаюцца ў турмы пасьля новых прысудаў.



Закон аб амністыі пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго зацьвердзяць у Савеце Рэспублікі і падпіша кіраўнік дзяржавы. На выкананьне закону даецца шэсьць месяцаў. Як сьведчыць папярэдняя практыка, 70% асуджаных выходзяць на волю цягам першых трох месяцаў.
XS
SM
MD
LG