Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах увялі платнае перарываньне цяжарнасьці. Кошт апэрацыі — 95 тысяч рублёў. Пацыенткі скардзяцца, што гэта задорага.


У Баранавічах на прадпрыемствах і ў навучальных установах пераважаюць жанчыны. Навіну пра яшчэ адну платную паслугу некаторыя зь іх успрымаюць з крыўдай. Меркаваньне Аксаны Ленькі:

“Я жыву ў тэкстыльным мікрараёне. Каля майго дому знаходзіцца адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў нашага гораду, дзе працуюць нават на сёньняшні дзень каля 5 тысяч жанчын. Сярэдняя зарплата ў іх 250, максымум 300 тысяч. Гэтыя жанчыны ніколі не аддадуць палову свайго заробку, каб зрабіць аборт. Гэта ня самыя дасьведчаныя жанчыны. У многіх зь іх аборт лічыцца асноўным мэтадам кантрацэпцыі”.

Якія наступствы могуць выклікаць у Баранавічах аборты за грошы? Спадарыня Аксана разважае:

“Будуць рабіць тое, што нам паказвалі ў страшных савецкіх фільмах: нейкія парашкі, уколы, бегаць-скакаць, каб пазбавіцца ад гэтай цяжарнасьці. У ПТВ тэкстыльшчыкаў дзяўчынка, якая там навучалася, нарадзіла дзіця і выкінула яго ў сьметніцу. Мяркуем, што яшчэ пачуем пра такія прыклады”.

Галоўны ўрач Баранавіцкага раддому Алена Шастак не пагаджаецца з тым, што платнасьць абортаў становіць праблему. Яна адкрыта кажа пра сапраўдную мэту:

“У нас праблема — высокі ўзровень абортаў. Па рэспубліцы абортаў у два разы меней, чым у нас, у Баранавіцкім рэгіёне. Аборт — гэта проста зарабляньне грошай. Мы купім установе нейкія інструмэнты”.

Алена Шастак кажа, што для некаторых катэгорый прадугледжваецца бясплатнае перарываньне цяжарнасьці. Але на практыцы, як паведамілі ў рэгістратуры таго ж раддому, гэтае палажэньне не працуе:

“Ніякіх ільготаў, нічога не прадугледжана. Жанчына павінна запісацца да ўчастковага доктара па месцы прапіскі і ўсе гэтыя пытаньні вырашаць са сваім участковым доктарам. Далей — у бухгальтэрыі складаеце дамову. Аплата ідзе праз банк. З квітком ідзяце на аборт”.

Пра колькасьць зробленых сёлета абортаў у Баранавіцкім шпіталі не паведамляюць. Затое Баранавіцкі гарадзкі аддзел міліцыі распаўсюдзіў у сакавіку зьвесткі, што на спэцыяльным уліку знаходзяцца амаль 300 мясцовых прастытутак. Міліцыянты лічаць, што жанчыны лёгкіх паводзінаў мусяць плаціць са сваіх заробкаў ня толькі за аборты, але і за ўсе іншыя мэдычныя паслугі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG