Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На царкву прэтэндуюць вернікі і музыкі


Менскія грэка-каталікі зьвярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць у будаўніцтве храму.


СЛУХАЦЬ:


Цягам 20 апошніх гадоў, як у Беларусі пачала адраджацца ўніяцкая царква, вернікі сутыкаюцца з праблемай памяшканьня. Ранейшыя ліставаньні з гарадзкімі ўладамі плёну ня мелі. Сярод падпісантаў — вядомыя ў Беларусі асобы: Анатоль Грыцкевіч, Уладзімер Арлоў, Эдвард Зайкоўскі, Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Суша ды іншыя.

Як гаворыцца ў лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі, цяпер у Менску дзейнічаюць чатыры грэка-каталіцкія парафіі. Пасьля леташняга візыту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала Тарчызыё Бэртонэ адна зь іх атрымала магчымасьць ладзіць набажэнствы ў капліцы на вуліцы Арджанікідзэ. Іншыя ж па-ранейшаму карыстаюцца гасьціннасьцю рыма-каталіцкіх парафіяў.

Вернікі просяць кіраўніка Беларусі паспрыяць у будаўніцтве храму на месцы ўзарванай бальшавікамі ў 1936 годзе царквы Сьвятога Духа — помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя. Царква, закладзеная прыблізна ў 1636 годзе, належала да комплексу ўніяцкага базыльянскага кляштару. У 1795-м манастыры зачынілі, і царква атрымала статус катэдральнага праваслаўнага Петрапаўлаўскага сабору. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя яе перабудавалі ў псэўдарускім стылі, а за савецкім часам зьнішчылі, і на месцы храму засталіся толькі падмуркі. Адзін з падпісантаў, доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч лічыць, што атрымаць дазвол на будаўніцтва храму будзе праблематычна:

Анатоль Грыцкевіч
“Я падтрымаў ініцыятыву, бо лічу вельмі важным перадаць вернікам гэты пляц, каб пабудавацца. Сапраўднага храму практычна няма, ёсьць памяшканьні, у якія нават ня ўсе могуць зьмяшчацца. Які будзе адказ — цяжка сказаць, бо тут палітычнае пытаньне. Да ўсяго каталіцтва ўлада ставіцца менш прыхільна, чым да праваслаўнай царквы. Ну, а тым больш да грэка-каталікоў, бо лічыцца, што яны галоўны канкурэнт праваслаўя на Беларусі. Перадусім з-за таго, што ўніяцкая царква ў свой час тут была масавай. Трэба было яе перамагчы, і царызм гэта зрабіў у першай палове ХІХ стагодзьдзя. І таму дагэтуль ва ўлады (а наша ўлада ў рэлігійным сэнсе такая ж, як і раней была) стаўленьне да грэка-каталікоў адмоўнае”.

Між тым у гарадзкіх уладаў пляны іншыя. Галоўны інжынэр унітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына” Міхаіл Жых расказаў, што літаральна днямі на месцы зруйнаванага храму пачнуцца будаўнічыя працы. Па словах спэцыяліста, мяркуецца аднаўленьне царквы Сьвятога Духа ў першапачатковым выглядзе на захаваных падмурках:

“Працы, да якіх мы толькі што прыступілі, — гэта аднаўленьне царквы Сьвятога Духа. Надзвычай велічнае было збудаваньне, якое вельмі яскрава характарызавала агульную забудову Саборнай плошчы Менску. На сёньняшні дзень эскізны праект ужо зацьверджаны, мы прыступілі да экспэртызы будаўнічага праекту і паралельна, літаральна пасьля Вялікадня, будзем асвойваць гэтую будаўнічую пляцоўку шляхам адбудовы аб’ектаў”.

Міхаіл Жых кажа, што не ўпаўнаважаны вырашаць, якое дачыненьне да адноўленага храму могуць мець вернікі-ўніяты. Аднак даў зразумець, што ў большай ступені яна будзе ажыцьцяўляць сьвецкія функцыі: на ўзроўні другога паверху царква будзе злучаная галерэяй з музычнай школай, і ў пэрспэктыве ў будынку мяркуецца зрабіць дзіцячую канцэртную залю Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Між тым падпісанты яшчэ спадзяюцца на паразуменьне з уладамі. Гаворыць кандыдат гістарычных навук, археоляг Эдвард Зайкоўскі:

“Я мяркую, што спадзявацца на пазытыўны вынік можна. Праўда, я не зусім добра ведаю, якія пляны ў гарадзкога архітэктурнага ўпраўленьня, але, можа, раптам пашчасьціць? Чаго ў гэтым жыцьці толькі не бывае?”

Карэспандэнт: “Прадстаўнік “Менскай спадчыны” сказаў, што пасьля аднаўленьня будынак могуць аддаць дзіцячай залі філярмоніі...”

“Але ж калі нават дзіцячаму аддзяленьню, то будынак, атрымліваецца, тады будзе выкарыстоўвацца не па культавым прызначэньні…”

У любым выпадку падпісанты звароту да Аляксандра Лукашэнкі чакаюць рэагаваньня на свой ліст. Паводле заканадаўства, адказ павінен быць дадзены цягам месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG