Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд, вынесены пухавіцкім удзельнікам забойства аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах, даволі мяккі — ніжэйшы, чым найменшае пакараньне, якое прадугледжвае за групавое забойства артыкул 139 Крымінальнага кодэксу.


Дваіх абвінавачаных суд прыгаварыў да 5 і 3 гадоў пазбаўленьня волі. Іх пакінулі пакуль пад хатнім арыштам. Яшчэ двум вынесена пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу. Чаму такі мяккі прысуд за забойства? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць са старшынёй БХК Алегам Гулаком.

Дашчынскі: “Нагадаю, што пра гэтую справу стала шырока вядома ў лютым, калі на нарадзе сілавікоў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заступіўся за падазраваных у забойстве. Ён загадаў выпусьціць іх пад хатні арышт і папрасіў старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”. Цяпер, калі ўжо вядомы прысуд, ці ёсьць такое адчуваньне, што на яго зрабіў уплыў менавіта А.Лукашэнка?”

Гулак: “Ёсьць такое адчуваньне, канечне. Агульная думка такая, што шкада, што ў нас бываюць мяккія і гуманныя прысуды толькі ў тых выпадках, калі ўмешваецца нехта з высокіх чыноў у гэтую справу. Хацелася, каб наагул можна было гаварыць пра гуманізацыю пакараньняў. Але, канечне, гэты адзін выпадак ніякім чынам пакуль не дае падстаў гаварыць пра гуманізацыю. Больш падстаў гаварыць аб праблеме недастатковай незалежнасьці суду. Хаця я не хачу крытыкаваць прысуд як залішне мяккі. Я думаю, такіх прысудаў павінна быць проста больш.

У прынцыпе, у цывілізаваных краінах таксама ёсьць права прэзыдэнта на памілаваньне. І гэта працэдура памілаваньня ўжо пасьля судоў. Судовая сыстэма павінна зрабіць сваю справу. А прэзыдэнт потым можа прымяніць сваё права ў канкрэтных выпадках. Тое, што адбывалася ў нас, — сытуацыя даволі спэцыфічная для краіны, якая хацела б называцца прававой, якая ў сваёй Канстытуцыі замацавала статус прававой”.

Дашчынскі: “А вам, як праваабаронцу, хацелася б заступіцца за гэтых вясковых мсьціўцаў?”

Гулак: “Я тут па-іншаму пытаньне паставіў бы. Мне б хацелася, каб тыя супрацоўнікі міліцыі, якія нічога не зрабілі, каб абараніць людзей, панесьлі адказнасьць. Каб была праведзена адпаведная праверка і высновы былі па гэтым кірунку зробленыя. Бо людзі пайшлі на тое, на што пайшлі, менавіта таму, што міліцыя не магла іх абараніць. Міліцыя не выконвала свае функцыі належным чынам. Таму праблема ёсьць у гэтым. На жаль, нам ніхто не расказвае пра гэты бок справы”.

Дашчынскі: “Канечне, у сытуацыі, калі дагэтуль, напрыклад, так і ня знойдзены вінаватыя ў выбуху амаль год таму на канцэрце да Дня незалежнасьці, калі ў краіне адчуваюцца наступствы эканамічнага крызісу, відаць, кіраўніку краіны варта было неяк адцягнуць увагу грамадзтва на нейкую гісторыю. І ён публічна заступіўся за вясковых мсьціўцаў...”

Гулак: “Я гэта ўспрымаю як піяр-ход. Відаць, дастаткова ўдалы. Але ён толькі падкрэсьлівае, што існуе праблема незалежнасьці суду ў нашай краіне. Відавочна, што калі б гэтага ўмяшаньня не было, то прысуд быў бы намнога больш жорсткім. І гэта было б дрэнна.

Я думаю, трэба аддаць належнае гэтаму палітыку, ён умее зрабіць сабе піяр у любой сытуацыі. Зараз тым больш сытуацыя няпростая. Я ня думаю, што гэта было адмыслова падабрана ці справакавана. Гэта проста сытуацыя, якую ўмела скарыстаў палітык. Ну і ўжыў свае паўнамоцтвы. Палітык заўсёды выкарыстоўвае піяр у палітычных мэтах.

Аднак з таго, што ён сказаў мінулы раз, варта адзначыць як праблему — маўляў, каго яны забілі? Забілі ня нейкага паважанага чалавека, а такога антысацыяльнага элемэнта. Такое стаўленьне да закону і да чалавечага жыцьця, канечне, на маю думку, недапушчальнае. Такі падыход не грунтуецца на разуменьні правоў чалавека”.

XS
SM
MD
LG