Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскія экспэрты: “Росквіт чорнага рынку не абмінуў Беларусь”


Чым большы эканамічны спад, тым мацней квітнее чорны рынак. Да такой высновы прыйшлі дасьледчыкі ўнівэрсытэту імя Ёганэса Кеплера ў аўстрыйскім Лінцы.

Дасьледуючы дынаміку эўрапейскай ценевай эканомікі, навукоўцы бралі ў разьлік такія фактары, як рост падаткаў, беспрацоўе, недавер да дзяржавы, а таксама попыт на наяўныя грошы ў банках, тэндэнцыі ў галіне выкарыстаньня электраэнэргіі, піша брусэльскае выданьне EU observer.

Згодна з навукоўцамі, да ценевага бізнэсу найперш належаць незаконны гандаль, дзейнасьць у сфэры будаўніцтва ды прастытуцыя. За апошнія 15 гадоў — час эканамічнага спаду ў найбагацейшых краінах ЭЗ — менавіта ў гэтых галінах назіраецца найвялікшы рост (ад 0,3% да 0,9%). Паводле ацэнак экспэртаў, у былых краінах Усходняга блёку, а таксама ў постсавецкіх чорны рынак займае яшчэ больш трывалыя пазыцыі.

Як мяркуе эканамічны аналітык унівэрсытэту імя Ёганэса Кеплера Фрыдрых Шнайдэр, прыкладна 50% эканамічнай дзейнасьці ў Беларусі і Малдове ажыцьцяўляецца ў абыход дзяржавы. Ва Ўкраіне і Грузіі гэтыя паказчыкі могуць складаць адпаведна 57% і 68%.

Паводле Шнайдэра, калі ценевы бізнэс складае прыкладна 25% ад агульнага аб’ёму эканомікі, то ён можа палепшыць жыцьцё звычайных людзей. У гэтым выпадку, лічыць экспэрт, дабрабыт народу можа вырасьці. Працуючы ў ценевым бізнэсе, чалавек здатны набываць новыя рэчы. У сваю чаргу, сам ценевы бізнэс нярэдка прапануе рынку тавары выдатнай якасьці.

XS
SM
MD
LG