Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 15 красавіка 2009 году


Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” азіраюцца назад, на нядаўняе мінулае, параўноўваюць дзень сёньняшні з днём учорашнім, аналізуюць, разважаюць, робяць высновы. І спрабуюць даць ацэнку зьменам, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія пятнаццаць год — пасьля таго, як беларускае грамадзтва разьвіталася з парлямэнцкай дэмакратыяй.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Яго аўтар — наш даўні сябар Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску — пабудаваў свой ліст на параўнаньні фактаў з уласнага жыцьця. Слухач піша:

“Іншы раз слухаю тэлефанаваньні на “Свабоду” — і жах ахоплівае. Такое ўражаньне, што жывем з аўтарамі званкоў у розных краінах. Неяк пачуў: “Вось пры Шушкевічу было дрэнна, а цяпер вельмі добра”. А каму добра? Вось мяркую па сабе. Напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х гадоў я кіраваў асацыяцыяй фальклярыстаў па Віцебскай вобласьці, працаваў у Абласным навукова-мэтадычным цэнтры. Меў заробак 190—200 рублёў. За 10 рублёў мог заехаць цягніком у Маскву ці Ленінград. Хапала і на каўбасу, і на гарэлку, і на адзеньне. Лёгка мог патрапіць у залю купалаўскага тэатру побач з прэм’ерам Кебічам — каб глядзець спэктакль “Тутэйшыя”. (Ахоўнікаў тады каля Кебіча было, можа, пару чалавек.) Мог пайсьці ў любы тэатар, філярмонію. Быў патрэбен усім усюды.

А што здарылася ў маім жыцьці пасьля таго, як Беларусь стала прэзыдэнцкай рэспублікай? Звольнены з працы паводле сумнеўнага кантракту. Атрымаў 3-ю групу інваліднасьці з абмежаваньнямі, без ільготаў. Пэнсія — 200 тысяч рублёў. Паехаць куды, як творца, не магу. Апрануцца — не магу. На ежу, на лекі — не хапае. На канцэрт — таксама. Я цяпер — нібыта быдла ў загоне. А працу ня знойдзеш — ні ў школе, ні ў клюбе. Нават у дзіцячы садок не бяруць”
.

Напэўна, спадар Яцкевіч, знойдзецца нямала і тых, хто на падставе ўласных параўнаньняў зробіць супрацьлеглыя высновы — на карысьць цяперашняй рэчаіснасьці. У якасьці прыкладаў нагадаюць і пра харчовыя талёны, і пра карткі на прамысловыя вырабы, і пра імклівую інфляцыю, і пра абясцэненыя банкаўскія ўклады — сумныя атрыбуты пачатку 90-х гадоў. А вось што да дэмакратычных свабодаў, то ніколі ні раней, ні пасьля гэтага беларусы не былі такімі разьняволенымі. Пачытайце беларускія газэты пачатку 90-х гадоў. Артыкулы, якія друкаваліся тады ў “Народнай газэце” ці “ЛіМе”, сёньня цяжка ўявіць нават у апазыцыйнай прэсе. А выходзіць на масавыя дэманстрацыі ў цэнтар Менску можна было, не баючыся міліцэйскіх дубінак, звальненьня з працы і адлічэньня з вучобы.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на нядаўнія выказваньні прэзыдэнта Лукашэнкі на адрас апазыцыйных лідэраў. Падчас нядаўняй паездкі па Віцебскай вобласьці беларускі лідэр назваў апазыцыю “ворагамі народа” і “пятай калёнай”, а таксама “вашывымі палітыкамі” і “адмарозкамі”. Вось што піша з гэтай нагоды ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Іван Цыбуляк з Гомеля:

“Хопіць ліць бруд на сваіх ні ў чым не вінаватых грамадзянаў толькі за тое, што яны думаюць ня так, як ты. Калі яны ворагі, дык пакажыце іх грамадзтву дастойна і цывілізавана — за круглым сталом, у раўнапраўнай дыскусіі, у прамым тэлеэфіры. Няхай з аднаго боку стала будзе каманда ўлады, а з другога — апазыцыі. Можна запрасіць, да прыкладу, Казуліна, Мілінкевіча ды іншых кіраўнікоў партый і рухаў. І народ сам разьбярэцца, хто ёсьць хто. Такую прапанову ўладзе гэтая апазыцыя робіць ужо 14 год. Чаму ж не прымаеце выклік? Баіцеся! А калі паказваеце апазыцыянэра, то нямога, бяз голасу. А за кадрам подлы ананім палівае яго брудам, мажа з галавы да ног.

Чаму ж наш моцны прэзыдэнт баіцца сустрэчы са сваімі апанэнтамі сам-насам? Пэцкае іх брудам за вочы, зьневажае бруднымі мянушкамі, а ім слова ў адказ не дае? Усё гэта дае падставы лічыць, што ён баіцца апазыцыі, што апазыцыя ў нас моцная. Прапаную апазыцыянэрам ва ўсіх даступных СМІ запрашаць Аляксандра Рыгоравіча і ягоных памагатых да дыскусіі ў прамым эфіры. Няхай народ ведае, хто — палахлівец, хто хаваецца ад праўды і справядлівага паядынку”
.

Наўрад ці можна чакаць, што ў цяперашніх беларускіх умовах улада сама, добраахвотна дасьць апазыцыі такую трыбуну, як тэлебачаньне. Згадайце, нават у непараўнальна больш спрыяльных для апазыцыі ўмовах на пачатку 90-х гадоў непараўнальна слабейшы ўрад Кебіча ўсімі сіламі адбіваўся ад спробаў апазыцыянэраў трапіць у тэлевізійны эфір. Прамой тэлетрансьляцыі сваіх патрабаваньняў дамагліся хіба толькі арганізатары масавых рабочых страйкаў увесну 91-га году — пасьля таго як на вуліцу выйшлі сотні тысяч людзей і ўлада спалохалася пралетарскай салідарнасьці.

Гэтак жа і сёньняшні рэжым такую эфэктыўную прапагандысцкую зброю, як тэлебачаньне, з рук ня выпусьціць да таго часу, пакуль гэтага настойліва не запатрабуе па-сапраўднаму моцны палітычны супернік.

Аўтар наступнага допісу — Павал Васілевіч, пэнсіянэр зь Менску — разважае пра новыя павароты ў беларускай афіцыйнай палітыцы. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Прыціснула так, што Лукашэнка, відаць, вырашыў: настаў час распачаць гаворку пра лібэралізацыю. Гэтак жа, як колісь пра саюз з Расеяй. Прычым трэба пагаварыць так, як ён умее — каб паверылі ўсе: ня толькі свой даверлівы народ, а і заходнікі — дэмакраты-правазнаўцы і Амэрыка са сваімі санкцыямі-дробязямі. Іначай ужо нельга. Бо жыцьцё сваё без прэзыдэнцкай улады ён, відаць, цяпер не ўяўляе. А трымацца трэба доўга — пакуль сын Міколка не падрасьце”.

Мікалаю Лукашэнку расьці да прэзыдэнцкага ўзросту трэба яшчэ тры дзясяткі гадоў. Зрэшты, можна чарговы раз перапісаць Канстытуцыю і зрабіць магчымым прэзыдэнцтва не з 35-ці, а, напрыклад, з 20-ці ці з 18-ці гадоў. Тут пытаньне толькі ў ступені цярплівасьці беларускага грамадзтва. Калі стаўленьне да гэтай праблемы сярод большасьці насельніцтва застанецца такім жа, як і да рэфэрэндумаў 96-га і 2004-га гадоў — тады магчыма ўсё.

Наступны ліст — ад Вацлава Невядомскага зь вёскі Грандзічы Гарадзенскага раёну. Аўтар спрабуе адказаць на пытаньне: “Хто вінаваты ў сусьветным фінансава-эканамічным крызісе і каго за гэта варта пакараць?” У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Вінаватыя ў крызісе ніколі ня будуць пакараныя, бо менавіта ім належыць уся ўлада ў гэтым так званым “свабодным” сьвеце. Больш за тое, менавіта на тых, хто вінаваты, паліўся залаты дождж у выглядзе мільярдных субсыдый. А судзіць гэтых людзей няма каму: няма такога суду ў “свабодным” сьвеце. Дый як гэта лялька можа судзіць лялькавода? А па-другое, гэтыя людзі стаяць вышэй за закон. Гэтак жа недарэчна было б марыць пра суд над членамі Палітбюро ў былым Савецкім Саюзе.

Для мяне ясна адно: хто пры ўладзе — бедным ня стане. Зараз яны крыху прыціхлі, напалоханыя зробленым. Але міне час, дзяржавы напампуюць грашыма фінансавую сыстэму — і ўсё стане на свае ранейшыя месцы: багатыя будуць багацець, ну, а бедныя — марыць пра біблейскі рай у іншым жыцьці”.


У сваім допісе Вацлаў Невядомскі выказвае таксама ўласны погляд на пацяпленьне стасункаў паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Што тычыцца Лукашэнкі, то яго Захаду, безумоўна, трэба прызнаваць: хопіць ламацца. Дэмакратыі ў нас ня менш, чым у Грузіі ці Азэрбайджане. Тым больш што пры адмене ўязных санкцый супраць чыноўнікаў ускосна было прызнана, што фальсыфікацыю выбараў робіць не Лукашэнка, а Цэнтральная выбарчая камісія. Калі кіравацца такой лёгікай, дык можна гаварыць, што і русыфікацыю праводзіць не Лукашэнка, а Міністэрства адукацыі. А арышты апазыцыянэраў — гэта, вядома, выключна віна Міністэрства ўнутраных спраў... Вось такое маё бачаньне сёньняшняй сытуацыі і цяперашняга сьвету”.

Думаю, паважаны слухач, многія з вамі пагодзяцца: і рынкавая эканоміка, і дэмакратычная сыстэма дзяржаўнага кіраваньня, і стаўленьне заходніх дэмакратый да суседніх аўтарытарных рэжымаў — недасканалыя, цярпяць ад шматлікіх заганаў і відавочна маюць патрэбу ў грунтоўных паляпшэньнях. Пытаньне ў тым, якая магчымая альтэрнатыва? Апантаныя нянавісьцю да капіталізму расейскія бальшавікі ўжо паспрабавалі пабудаваць на адной шостай частцы зямнога шара справядлівае грамадзтва, дзе не было б ні багатых, ні бедных, ні крызісаў, ні беспрацоўя. Пра вынікі экспэрымэнту былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць. Бо замест абяцанай усеагульнай заможнасьці атрымалі татальны таварны дэфіцыт, а замест абяцанай свабоды — ГУЛАГ і рабскую працу ў калгасе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG