Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да каго прыслухаюцца ў Брусэлі?


Сёньня прэзыдыюм Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Беларусі канчаткова зацьвердзіць прапановы па дарожнай мапе. Гэты дакумэнт скіраваны на ўступленьне краіны ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы і Раду Эўропы. Прапановы будуць перасланыя ў Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька адзначае:

Галоўнае, на чым мы настойваем, гэта стварэньне супольнай рабочай групы з прадстаўнікоў улады і АДС
“Галоўнае, на чым мы настойваем, гэта стварэньне супольнай рабочай групы з прадстаўнікоў улады і АДС. І каб яна закончыла працу над дарожнай мапай, зьвяла да мінімуму прамежак па ўступленьню Беларусі ў Раду Эўропы і Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы”.

Аднак прадстаўнікі АДС ня хочуць, каб дзьверы ў Брусэль для Беларусі адчыніліся аўтаматычна, а ў дачыненьнях з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы паўтарылася гісторыя зь іншай Парлямэнцкай асамблеяй – АБСЭ: там яшчэ 8 гадоў таму прызналі паўнамоцтвы Нацыянальнага сходу Беларусі паўнавартаснымі. І зрабілі гэта авансам. Спадзяваліся: беларускія дэпутаты пабачаць, што такое сапраўдная дэмакратыя, і перанясуць яе ў сваю краіну. З гэтага, як вядома, нічога не атрымалася.

Анатоль Лябедзька падкрэсьлівае – пра тое таксама нагадаюць эўрапейскім парлямэнтарам:

“Гэта азначае, што такі падыход неэфэктыўны. У нас ёсьць перад вачыма канкрэтны прыклад. Таму наша стратэгія – дзьверы павінны адчыніць беларускія ўлады. Гэта азначае, што яны павінны зрабіць рэальныя крокі, якія б можна было назваць сапраўднымі пераменамі ў краіне”.

Палітоляг Ігар Лялькоў мяркуе: у Брусэлі найхутчэй абмяжуюцца тым, што прымуць дарожную мапу да ведама:

“Усё ж такі там цяпер больш скіраваныя на працу з урадам. І можа быць меркаваньне АДС будзе прынятае да ведама. Але не здаецца рэальным, што Брусэль будзе наўпрост кіравацца тым, што напрацуюць АДС. Рэальнасьць такая, што дэмсілы ня маюць цяпер такога патэнцыялу і ўплывовасьці на грамадзтва ўнутры Беларусі, каб рэальна ўплываць на меркаваньні міжнародных арганізацыяў”.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні супольнай групы. На ягоную думку, падобныя размовы выцякаюць зь нібыта нелегітымнасьці беларускіх дэпутатаў:

У маёй акрузе я рэальна ведаю, што я перамог
“Гэта ж нонсэнс, калі б дзесьці ў Эўропе ў нейкія структуры ўключылі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якія ня трапілі ні ў парлямэнт, ні ў органы мясцовага самакіраваньня. У маёй акрузе я рэальна ведаю, што я перамог. Я ведаю людзей, зь якімі кантактаваў, я ведаю сваю канкурэнтку, зь якой мы ўвесь час дыскутавалі. Я бачыў, наколькі я быў актыўны і наколькі – яна. Таму я лічу сябе легітымна абраным дэпутатам”.

На сёньняшні дзень сытуацыя такая – статус “спэцыяльна запрошанага” у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы для Беларусі замарожаны ад 13 студзеня 1997 году. Такой была рэакцыя эўрапейскіх парлямэнтараў на шматлікія парушэньні пры правядзеньні ў 1996 годзе лістападаўскага рэфэрэндуму. Аднак апошнім часам у асамблеі ўсё часьцей гучаць галасы пра амністыю для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG