Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу тры спробы рабунку банкаў адбыліся ў Менску мінулым месяцам. Чаму пачасьціліся гэтыя віды злачынстваў і якія захады трэба прадпрымаць, каб ня трапіць у лік ахвяраў рабаўнікоў?

Сьпіс менскіх абрабаваньняў не такі даўгі, але паказальны паводле частаты здарэньняў.

21 лютага — абрабаваны абменны пункт сталічнага гіпэрмаркету “Прастор”. Злачынца, апрануты ў вайсковы камуфляж, зьнёс рублёў і валюты амаль на сто тысячаў даляраў.

30 сакавіка аб’ектам нападу стала аддзяленьне “Белпрамбанку” на вуліцы Прамой у Менску. “Куш”, сарваны рабаўніком, значна меншы — агулам ўсяго 4 тысячы даляраў. Пры гэтым злачынца пагражаў пісталетам, абрабаваньне магло закончыцца ахвярамі.

6 красавіка — напад на абменьнік у Доме быту на Маскоўскай вуліцы. Для рабаўніка спроба аказалася няўдалай — спрацавала сыгналізацыя, але й міліцыя не пасьпела схапіць злачынцу, як кажуць, па гарачых сьлядах.

Былі гэтыя злачынствы зьвязаныя паміж сабой ці дзейнічаюць злачынцы-адзіночкі?

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных спраў заявілі, што збольшага рана казаць пра значны ўздым падобных злачынстваў: напады на інкасатараў, спробы забраць валюту ў супрацоўнікаў абменных пунктаў, як і спробы падману касіраў ашчадных касаў — зьява не выключная. Сёлета па краіне такіх выпадкаў зафіксавана ўжо каля дзесяці, у мінулым годзе — некалькі дзясяткаў. Але напады, якія здарыліся нядаўна ў Менску, сапраўды падобныя ня толькі паводле тэрытарыяльнай прыкметы — усе яны адбыліся ў адным, Маскоўскім, раёне сталіцы.

Рабаўнікі дзейнічалі надзвычай нахабна, пагражалі зброяй і было бачна, што маглі яе ўжыць.
“Так, рабаўнікі дзейнічалі надзвычай нахабна, пагражалі зброяй і было бачна, што маглі яе ўжыць. Людзей абурае і тое, што усё рабілася дастаткова адкрыта, быццам з выклікам грамадзтву”, — адзначае супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка.

“Па горадзе Менску адразу тры факты. І гэта, канечне, надзвычайная сытуацыя. Таму і ўсе сілы кінутыя на расьсьледаваньне гэтых злачынстваў. І тое, што дагэтуль — цьфу, цьфу, цьфу — не было больш спробаў, кажа, што, відаць, затаіліся злачынцы. Адчуваюць, што вядзецца праца”.

У Менскай гарадзкой міліцыі вэрсію пра тое, што дзейнічае банда рабаўнікоў, абвяргаюць. Паводле кіраўніка прэсавай службы Аляксандра Ластоўскага, “усе рабаваньні зробленыя рознымі людзьмі”. Пры гэтым міліцыянт прызнае, што асобы рабаўнікоў невядомыя.

Заходжу ў інтэрнэт, чытаю:

“Адкуль такая ўпэўненасьць, што рабаўнікі не зьвязаныя паміж сабой? Асобаў ня ведаюць, а высновы робяць.”

“Гэта ўсё крызіс вінаваты. Пачытайце пра часы вялікай дэпрэсіі — тады рабаўніцтва банкаў стала нормай”.

“Вы верыце, што рабаўнікоў знойдуць? Я ніколькі. Гэта ж не за апазыцыянэрамі на мітынгах паляваць”.


Падобнымі пасланьнямі поўняцца калёнкі камэнтароў да паведамленьняў пра здарэньні у банках. Пытаюся ў кіраўніка адзела Нацыянальнага банку Анатоля Драздова, ці верыць ён, што міліцыя зловіць рабаўнікоў?

“Мяркую, знойдуць. Як кажуць, колькі вяровачцы ня віцца… І яшчэ, ўсё ж не такія гэта складаныя, на маю думку, злачынствы, а нашы міліцыянты дастаткова прафэсійныя. Знойдуць. Толькі патрэбны час”.

Анатоль Драздоў сказаў, што ў сувязі са здарэньнямі дадатковых інструкцый па мерах бясьпекі галоўны банк краіны камэрцыйным банкам не рассылаў.

“Проста супрацоўніца абменнага пункту парушыла інструкцыю — гэта было ў „Прасторы“. Яна ўпусьціла рабаўніка, не праверыўшы дакумэнты. Альбо была парушаная інструкцыя па дадатковым умацаваньні. Усе гэтыя інструкцыі прынятыя даўно і дзейнічаюць, іншая рэч, што не заўсёды выконваюцца”.

Набіраю тэлефон знаёмай, якая працуе ў камэрцыйным банку. Ці сталі яе калегі больш пільнымі пасьля апошніх абрабаваньняў абменьнікаў?

“Нешта такое было, пра нешта казалі. Але што дакладна, не скажу. Так, быццам інструктавалі, але пра што…”

Мечыслаў Грыб
Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб згадаў, як ў 1960-я гады менская міліцыя “стаяла на вушах”, шукаючы рабаўнікоў менскай ашчаднай касы. Пры нападзе загінула касірка. Злачынства раскрылі праз паўтара году. Аказалася, што адным са злачынцаў быў муж забітай жанчыны. Яго прысудзілі да сьмяротнай кары, а перад гэтым высьветлілі пра яго шмат цікавага.

“Ён да таго казаў, што ваяваў, прычым ваяваў у Віцебску, што ахоўваў вядомы мост Блахіна. Як сталі правяраць, дык высьветлілі, што так, сапраўды ахоўваў мост Блахіна, але не ў Чырвоным войску, а ад партызанаў, у паліцаях”.

Характар тых банкаўскіх злачынстваў, паводле Мечыслава Грыба, таксама прыкмета часу. Прыкладам, амаль не было нападаў на банкі, але дастаткова часта нападалі на касы на прадпрыемствах, куды з банкаў прывозілі грошы для зарплаты.

“Рабочыя ў такіх выпадках бунтавалі, патрабавалі грошай. Яны ж не маглі сядзець бяз грошай. Як і цяпер, людзі жылі ад зарплаты да зарплаты. Таму справы былі на асаблівым кантролі й даводзілася шмат працаваць, каб раскрыць тыя злачынствы”.

У Нацыянальным банку кажуць: праўдападобна, што без рабаўніцтваў банкаў і далей не абысьціся. І ківаюць на крызыс.

“У часе фінансава-эканамічнага крызысу такія факты маюць месца, на жаль, і таму трэба прыняць усе захады, каб быць да іх гатовымі”.

“Увага — гэта рабаўніцтва!” Калі такія словы чуе супрацоўнік банку, ён можа скарыстацца кнопкай сыгналізацыі пад сталом. А што рабіць звычайнаму наведніку, калі побач раптам узьнік чалавек з панчохай на галаве і пісталетам ў рукох? З парадаў, вычытаных у інтэрнэце, — не “геройстваваць”, не спрабаваць уцячы, не паказваць, што вы ўяўляеце небясьпеку для рабаўніка. “Памятайце, злодзею патрэбны грошы банка, а ня ваш кашалёк”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG