Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія-Малдова: працяг будзе?


Мітынг ля будынку грузінскага парлямэнту, 14 красавіка

Мітынг ля будынку грузінскага парлямэнту, 14 красавіка

Чым скончыліся масавыя акцыі пратэсту ў Малдове і Грузіі і ці скончыліся яны? Падзеі ў Грузіі – новае выданьне “рэвалюцыі ружаў” 2003 году, якая прывяла да ўлады Міхаіла Саакашвілі, ці рэвалюцыя “завялых ружаў”, як яе дасьціпна называюць некаторыя?

Сёньня раніцай апазыцыя ў Тбілісі ўсталявала намётавы лягер каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта.

Навацыя апазыцыі – разьмяшчэньне па ўсім Тбілісі імправізаваных клетак-турэмных камэраў, у якіх будуць сядзець лідэры апазыцыі, вядомыя грамадзкія дзеячы і проста ахвочыя грамадзяне. Паводле задумы арганізатараў, акцыя мае сымбалізаваць, што Грузія ператварылася ў паліцэйскую дзяржаву.

Брат былога кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі, вядомы ў краіне сьпявак Грыгоры Гагечыладзэ ўжо трэці месяц добраахвотна сядзіць у такой клетцы, заяўляючы, што будзе сядзець да зьмены ўлады. Гутаркі з Гагечыладзэ з клеткі рэгулярна паказвае апазыцыйны тэлеканал “Маэстра”.

Яшчэ адна навацыя апазыцыі – акцыя гальштукаў. Ёсьць відэа, як летась падчас вайны з Расеяй прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ад хваляваньня жаваў свой гальштук. Апазыцыя заклікала грамадзянаў прыносіць гальштукі і разьвешваць іх на плот прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Аднак паводле колькасьці ўдзельнікаў акцыі апазыцыі ідуць на спад. Больш за ўсё людзей – паводле сярэдніх ацэнак, 60 тысяч чалавек – сабралася на акцыю пратэсту 9 красавіка. І тады, і цяпер патрабаваньнем апазыцыі была адстаўка Міхаіла Саакашвілі. Апазыцыя інкрымінуе яму, апроч іншага, і паразу ў вайне з Расеяй.

Але, скажам, ва ўчорашняй акцыі пратэсту бралі ўдзел ужо прыкладна 20 тысяч чалавек.

Са свайго боку прэзыдэнт трымаецца ў вайне нэрваў, ён не ўжывае сілы, выказвае гатовасьць да перамоваў, аднак на патрабаваньне апазыцыі сысьці адказвае, што атрымліваў такія ўльтыматумы амаль кожны месяц на працягу 5 гадоў свайго кіраваньня. Рэч у тым, што, па-першае, хваляваньні ахапілі ў асноўным сталіцу, у астатняй краіне ніякіх пратэставых выступаў не назіраецца. Па-другое, апазыцыя расьцярушаная, у яе розных групаў розныя мэты. Скажам, былая сьпікерка парлямэнту Ніно Бурджанадзэ вызнае прынцып – цяпер ці ніколі. У той жа час іншыя апазыцыйныя палітычныя сілы гатовыя на кампрамісы, напрыклад, на датэрміновыя парлямэнцкія выбары.

Тым часам у Малдове вулічныя выступы спыніліся. Усе чакаюць вынікаў перападліку галасоў, пададзеных на выбарах, і праверкі сьпісаў выбарнікаў. Апазыцыя заяўляе, што сам перападлік нічога ня дасьць, паводле яе, фальсыфікацыя была праз уключэньне ў сьпісы выбарнікаў “мёртвых душаў” – людзей, якія памерлі ці працуюць за мяжой, але за якіх нехта прагаласаваў. Зь мінулай суботы апазыцыя з дазволу Цэнтравыбаркаму зьвярае сьпісы выбарнікаў зь іх наяўнасьцю ў краіне. Дарэчы, апазыцыя заяўляе, што ўжо пацьвердзіла наяўнасьць “мёртвых душаў” у сьпісах.

Аднак сёньня Апэляцыйны суд Кішынэву разглядае скаргу Кампартыі, якая патрабуе забараніць прадстаўленьне апазыцыянэрам копіяў сьпісаў выбарнікаў, бо гэта, на думку камуністаў, парушае закон аб пэрсанальных зьвестках. 22 красавіка Канстытуцыйны суд Малдовы разгледзіць як вынікі перападліку галасоў, гэтак і дасьледаваньні апазыцыі адносна карэктнасьці сьпісаў, каб прыняць рашэньне што да вынікаў парлямэнцкіх выбараў 5 красавіка. Адпаведны закон можа трактавацца па-рознаму, там гаворыцца, што выбары павінны быць прызнаныя несапраўднымі, калі парушэньні істотна паўплывалі на волевыяўленьне выбарнікаў. Скажам, колькі павінна быць “мёртвых душаў” у сьпісах, каб сказаць, што іх уплыў быў істотным? Гэта будзе вырашаць Канстытуцыйны суд. Так што, магчыма, канфлікт ня вычарпаны, а проста адкладзены.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG