Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд за самасуд: ніжэй за ніжэйшую мяжу...


Пакараныя (зьлева направа): Сяргей Аліфяровіч, Тацяна Юхневіч (хаваецца) Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч.

Пакараныя (зьлева направа): Сяргей Аліфяровіч, Тацяна Юхневіч (хаваецца) Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч.

Сёньня калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суду пад старшынёўствам Аляксандара Сужаева абвясьціла прысуд пухавіцкім удзельнікам забойства аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах.

СЛУХАЦЬ:


Абвешчаны прысуд даволі мяккі — ніжэйшы, чым найменшае пакараньне, якое прадугледжвае за групавое забойства артыкул 139 Крымінальнага кодэксу. У дачыненьні да забойцаў суд ужыў артыкул 70, які дае права ўжываць мякчэйшае пакараньне — з улікам характарыстыкі асобы, выключных абставін, мэтаў і матываў злачынства:

Аліфяровіча Сяргея Міхайлавіча, Макарэвіча Ігара Аляксандравіча прызнаць вінаватымі ў наўмысным супрацьпраўным пазбаўленьні жыцьця іншага чалавека (забойстве), учыненым групай асобаў. На падставе пункту 15, часткі 2, артыкулу 139 з прымяненьнем артыкулу 70 прызначыць Аліфяровічу Сяргею Міхайлавічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На падставе пункту 15, часткі 2, артыкулу 139 з прымяненьнем артыкулу 70 прызначыць Макарэвічу Ігару Аляксандравічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 3 гады з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму”.

Дзеяньні памагатых у забойстве — Тацяны Юхневіч і Аляксандра Петручэні — суд перакваліфікаваў на загадзя не абяцанае ўкрываньне сьлядоў асабліва цяжкага злачынства. Абаім вынесена пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы.

Вынясеньне прысуду
Нагадаем, што дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Гомельскай абласной пракуратуры Андрэй Бондар прасіў суд пакараць забойцаў 14 гадамі зьняволеньня, а памагатых — васьмю з паловай і васьмю гадамі турмы.

Пасьля абвяшчэньня выраку пракурор Бондар заявіў журналістам:

“Пасьля паступленьня судовага рашэньня (прысуду) у пракуратуру будуць прааналізаваны довады, на падставе якіх суд палічыў неабходным перакваліфікаваць дзеяньні дваіх абвінавачаных на іншае злачынства. І адпаведна будзе прынятае адно з двух магчымых рашэньняў — альбо апратэставаць дадзены прысуд у касацыйным парадку, альбо пагадзіцца з судовым рашэньнем”.

У суд у Гомель забойцаў Макарэвіча й сьведак адмыслова прывозілі з Пухавіч. І пасьля сёньняшняга выраку іх адпусьцілі пад хатні арышт да ўступленьня выраку ў законную сілу. Адвакаты пакараных забойцаў не выключаюць скаргаў наконт сёньняшняга прысуду — яны лічаць і такое пакараньне жорсткім. Аднак адзін з пакараных, Сяргей Аліфяровіч, прызнае, што вырак справядлівы:

Дзякуй прэзыдэнту, таму што справядліва вырашылі.
“Справядлівым лічу. Дзякуй прэзыдэнту, таму што справядліва вырашылі. Гэта не чалавек быў (Макарэвіч), гэта нейкая жывёліна”.

Сваячка забітага Мікалая Макарэвіча на прысуд так адрэагавала:

“Няма закону. Несправядліва судзяць і робяць. У каго ёсьць абарона, той і герой. А ў каго няма — маці адна 84-гадовая, як у забітага Мікалая, то й няма каму абараняць. Так у нас і ўсё робіцца”.

Гісторыя пра самасуд у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну над магчымым падпальшчыкам, былым загадчыкам фэрмы Мікалаем Макарэвічам, які неаднаразова адбываў пакараньні за крадзяжы, а таксама за падпал пабудовы, атрымала шырокі розгалас, калі ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы з адмысловай прапановай “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG