Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты зьнізілі, але драўніну ўсё роўна не купляюць


У час крызісу кошт экспартнай драўніны на Гарадзеншчыне зьменшыўся больш як на 20 працэнтаў. Аднак і гэтая саступка лясгасаў не ажывіла гандаль з замежжам.


У Слонімскім лясгасе праблема з экспартам драўніны пачалася яшчэ да Новага году. Кажа галоўны інжынэр Леанід Бахар.

Бахар: “Мы ўсю драўніну балянсавую, у тым ліку й піламатэрыялы, накіроўвалі на Захад і часткова ў Расею. Расея наагул адмовілася, дый Захад на сёньняшні дзень таксама адмовіўся. Мы нават спынілі плянавыя валкі ў лесе, бо няма каму збываць лес”.

Падобная сытуацыя і ў іншых лясгасах. Кошты драўніны скараціліся на 20% і больш, але яе ўсё роўна не купляюць. Кажа галоўны інжынэр Дзятлаўскага лясгасу Аляксандар Ківуля.

Ківуля: “Я вам скажу так. Вось з пачатку году мы прадавалі па 102 эўра, а цяпер цана — 80 эўра. Вось на 20% цана зьнізілася. Дык мала таго, што кошты зьнізіліся, нічога ня хочуць браць. Мы з пачатку году ўсяго некалькі вагонаў адгрузілі”.

Лясгасы на Гарадзеншчыне налічваюць прыкладна да 400 рабочых. У апошнія месяцы зьнізіўся заробак, але людзей не звальняюць, спрабуюць заняць іх іншай працай.

Са слоў галоўнага інжынэра Слонімскага лясгасу, работнікі ІТР ужо зь лістапада мінулага году не атрымліваюць прэмій і іхні заробак складае ў сярэднім больш за 600 тысяч рублёў.

Што тычыцца рабочых, як кажа Леанід Бахар, шмат хто й дагэтуль атрымлівае каля мільёна.

Бахар: “Нікога мы не звальняем і не скарачалі. Праўда, даем адпачынкі людзям. Плянуем, што хутка пачнецца пажаранебясьпечны сэзон, і людзей перасаджваем на пажарныя машыны з захаваньнем сярэдняга заробку”.

Я запытаўся ў спадара Бахара — што яму бачыцца ў пэрспэктыве, ці хутка скончацца праблемы?

Бахар: “Не відаць пакуль нічога. Тунэль ёсьць, але ў ім ня бачна ніякага прасьвету. Вось біржы праходзяць, а наша асноўная прадукцыя — балянсавая сасна, а ніхто ніякай сустрэчнай прапановы, нават дзеля жарту, не выстаўляе. Наш лёс залежыць ад таго, калі Эўропа пачне падымацца. Тады пачнём падымацца й мы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG