Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады змушаюць будаваць жытло на вёсцы, але нярэдка жыць там няма каму. Людзі ня хочуць ехаць часам нават у аграгарадкі. Гарадзенскія абласныя ўлады прымушаюць засяліць да 1 траўня пяць дамоў, якія ўжо два гады пустуюць у Сынкавічах Зэльвенскага раёну. Чаму не знаходзіцца ахвотных атрымаць дом і працу ў мясцовым СПК, у аграгарадку?


Я патэлефанаваў у Сынкавіцкі сельскі выканкам і задаў пытаньне наконт дамоў, якія пустуюць столькі часу.

Спадарыня: “Ну, ня ведаю. Не прываблівае, напэўна, праца ў сельскай гаспадарцы маладых спэцыялістаў. Вельмі складаныя ўмовы працы, з ранку да ночы трэба працаваць — таму, я лічу. Прыяжджаюць працаваць маладыя спэцыялісты, потым зьяжджаюць, таму што напружаная праца. Пачынаецца сяўба — з раніцы да ночы, маладым жа хочацца выхадныя мець”.

Нядаўна ў Сынкавічы прыехала жыць адна сям’я, ёй далі дом.

Спадарыня: “Зь Віцебскай вобласьці, з Докшыцкага раёну, менавіта дзеля жытла. Жанчыне прапанавалі працаваць цялятніцай, а там яна працавала кандытарам у РАЙПО. Ну, ня ведаю, як здолее яна адаптавацца. Пытаюся: чаму так здалёк прыехалі? Яна кажа: мне патрэбна добраўпарадкаванае жытло”.

А жытло ў Сынкавічах набліжанае да гарадзкога, праведзены газ, сказалі ў сельвыканкаме. Але маладым гэтага замала: хочуць яшчэ нармальных умоваў працы. Таму праз год зьяжджаюць. Праўда, замацавалася адна сям’я маладога спэцыяліста. Яго прызначылі галоўным аграномам, сказала працаўніца сынкавіцкага выканкаму.

А што думае наконт гэтай праблемы мясцовы сьвятар айцец Арсені?

Сьвятар: “Хутчэй за ўсё, працаваць ня хочуць. Вось гэта вялікая праблема. Я сутыкаўся не адзін раз, што зарабляць хочуць усе, а працаваць ня хочуць. Асабліва маладое пакаленьне, на жаль”.

Маладыя звычайна адразу цікавяцца ня тым, што трэба рабіць, а колькі яны будуць атрымліваць, кажа айцец Арсені.
XS
SM
MD
LG