Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Небясьпечней­шыя за забойцаў


Жыхары Пухавічаў, якія ўчынілі самасуд. На здымку (зьлева направа): Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч, Тацьцяна Юхневіч, Сяргей Аліфяровіч. Ня ў клетцы.

Жыхары Пухавічаў, якія ўчынілі самасуд. На здымку (зьлева направа): Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч, Тацьцяна Юхневіч, Сяргей Аліфяровіч. Ня ў клетцы.

Пухавіцкім забойцам “падпальшчыка” Мікалая Макарэвіча ня зьменена мера стрыманьня. Яны застаюцца пад хатнім арыштам. Таксама ў залі суду яны знаходзіліся ня ў клетцы, у адрозьненьне ад шмат каго з апазыцыянэраў падчас палітычных працэсаў. Чаму?

Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі прадугледжвае сем мераў стрыманьня. Калі адносна абвінавачанага ўжытае заключэньне пад варту, тады падчас судовага працэсу ён утрымліваецца ў клетцы ў залі суду. Яго возяць пад канвоем і ахоўваюць.

У клетцы маглі быць і забойцы “падпальшчыка”. Аднак яшчэ да суду ў справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які на нарадзе сілавікоў асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Пры гэтым кіраўнік краіны папрасіў старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”. Таму абвінавачаныя ў забойстве ў залі суду ня трапілі ў клетку. Паводле праваабаронца Гары Паганяйлы, кіраўнік краіны ўмяшаўся ў дзейнасьць праваахоўных органаў і тыя не маглі прыняць іншых рашэньняў. Забойцы знаходзіліся на лаўцы падсудных, а гэта, як правіла, першая лаўка перад судом:

Гары Паганяйла
“Калі б іх заключылі пад варту, іншая справа. Хаця мне не зразумела, як людзі, абвінавачаныя ў цяжкім злачынстве, і не былі ўзяты пад варту? Гэта нонсэнс. Калі яны прыцягваюцца за забойства, учыненае групай асобаў, то гэта цяжкае злачынства. Таму для мяне незразумелая сытуацыя, калі гэтых людзей не ўзялі пад варту. Ці наадварот вызвалілі з-пад варты. Проста, відаць, не было каму патлумачыць кіраўніку краіны, наколькі ён няправільна ўспрымае прававую сытуацыю вакол гэтай справы. Учынена жорсткае злачынства, самасуд, а кіраўнік краіны ўзяў гэтых людзей пад абарону. Гэта наогул прававы нонсэнс”.

Суд не прыняў прапанову прадстаўніка Гомельскай абласнoй пракуратуры пакараць больш жорстка непасрэдных выканаўцаў забойства і іх памагатых. А таксама ўзяць іх пад варту адразу ў залі суду.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што падчас перасьледу былых палітзьняволеных бралі пад варту і трымалі ў клетцы падчас судовага разьбіральніцтва. Згадвае былы палітвязень Андрэй Кім, які быў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня нібыта за пагрозу міліцыянту падчас мітынгу прадпрымальнікаў. Хадайніцтвы абароны і нават збор подпісаў вядомых у Беларусі людзей, якія прасілі вызваліць хлопца з-пад варты пад іх адказнасьць, ці пад заклад, былі адхілены:

Андрэй Кім. У клетцы.
“Нашы СІЗА — гэта ў прынцыпе ня сродак ізаляцыі, а сродак катаваньня. Любыя палітычныя справы ў дачыненьні да палітвязьняў, якія цяпер там знаходзяцца, — гэта ці помста ці сродак запалохваньня людзей. І таму там трымаюць. Я ня ведаю ніводнага прыкладу палітвязьня, якога быў бы сэнс трымаць да суду ў зьняволеньні. Гэта палітычныя акцыі. Канечне, палітычных заўсёды будуць трымаць у турмах. Бо гэта асноўны матыў улады. Ня тое, каб устанавіць справядлівасьць, а менавіта прысудзіць чалавека да максымальнага пакараньня, адкрыта. Людзі павінны гэта бачыць і баяцца. Гэта сэнс прысуду і мне, і Зьмітру Дашкевічу, і шмат каму іншым”.

Нагадаем, падчас судовых працэсаў адносна шэрагу апазыцыянэраў у залі суду іх трымалі ў клетцы. Сярод іх Андрэй Кім, Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Аляксандар Баразенка, Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Парсюкевіч. Паводле адваката Паўла Сапелкі, гэтыя асобы перасьледаваліся ўладамі, як правіла, за свае перакананьні, за абарону сваіх правоў:

“Дарэчы згадаць Мікалая Аўтуховіча, якога я абараняю і які цяпер утрымліваецца ў сьледчым ізалятары. Тэрмін утрыманьня пад вартай у яго працягнуты. За час утрыманьня пад вартай стан здароўя яго значна пагоршыўся. Ён ужо скардзіцца на сэрца, арытмію. І ў знак пратэсту супраць такога доўгага ўтрыманьня пад вартай і ў знак пратэсту супраць таго, што, як ён мяркуе, справа супраць яго фабрыкуецца ўсімі сіламі, ён мае намер пачаць галадоўку”.



Нагадаем, амаль два месяцы як арыштаваныя ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Усім тром прад’яўлены абвінавачанні па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам яны нібыта помсьцілі за перасьлед іхнай фірмы. Пазьней БТ паведаміла, што пры ператрусах у затрыманых была знойдзена выбухоўка і агнястрэльная зброя.



Аляксандар Баразенка. За кратамі.

Сяргей Парсюкевіч. У клетцы.

Арцём Дубскі. У клетцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG