Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 траўня “Малады фронт” зьбіраецца правесьці ў Менску марш “За незалежнасьць!” Пра такія пляны сёньня распавялі лідэры гэтай незарэгістраванай арганізацыі. Апрача таго, яны заклікалі апазыцыйныя сілы далучыцца да заявы аб тым, што дэмакратычны ўрад, абраны пасьля падзеньня дыктатуры ў Беларусі, ня будзе аддаваць пазыкі, якія набірае А.Лукашэнка на Захадзе і Ўсходзе.


СЛУХАЦЬ:


Марш “За незалежнасьць!”, пра падрыхтоўку да якога абвясьціў “Малады фронт”, прымеркаваны да гадавіны рэфэрэндуму 1995 году, на якім была зьмененая дзяржаўная сымболіка і ўведзены статус дзяржаўнай для расейскай мовы. Арганізатары заклікаюць людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і наладзіць марш да плошчы Незалежнасьці. Яны спадзяюцца сабраць сотні ці тысячы людзей, але прынцыпова ня хочуць падаваць заяўку ў Менскі гарвыканкам. Гаворыць адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Павал Кур’яновіч:

Павал Кур'яновіч
“Заяўку, улічваючы шматгадовы досьвед, мы вырашылі не падаваць, таму што гэта бессэнсоўна. Марш мы плянуем пачаць а 18-й на плошчы Каліноўскага, потым мірным шэсьцем, без правакацый, па ходніках дайсьці да плошчы Незалежнасьці, дзе марш і завершыцца. Нашая задача — запрасіць на гэты марш ня толькі палітычныя структуры, але перш за ўсё людзей, якім не абыякавы лёс Беларусі і іх уласны лёс”.

Лідэры Маладога фронту спадзяюцца, што ўлады не перашкодзяць акцыі і яна пройдзе мірна.

На маршы “За незалежнасьць!” арганізатары зьбіраюцца акцэнтаваць увагу на імклівым росьце дзяржаўнай запазычанасьці Беларусі ва ўмовах крызісу, што нясе пагрозу сувэрэнітэту краіны. Гаворыць лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч
“Замест таго, каб у гэтых неспрыяльных варунках скараціць 75-тысячны апарат бюракратаў, аграмаднае 125-тысячнае войска, Лукашэнка ўсё болей і болей залазіць у даўгі, каб пратрымацца на плыву разам са сваімі сілавымі структурамі і бюракратамі”.

У сувязі з гэтым Малады фронт распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што новы дэмакратычны ўрад Беларусі ня будзе несьці адказнасьці па крэдытных дамовах А. Лукашэнкі з Захадам альбо Ўсходам, а таксама ня будзе прызнаваць падпісаныя ім дамовы аб продажы беларускіх прадпрыемстваў.

“Як Масква, так і Брусэль мусяць разумець, што грошы, якія яны ўкладаюць у падтрымку рэжыму Лукашэнкі, змогуць спагнаць зь яго толькі праз Гааскі трыбунал і непасрэдна ад самога былога дыктатара Беларусі”.

Зьміцер Дашкевіч заклікаў далучыцца да гэтай заявы іншыя дэмакратычныя партыі і арганізацыі Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG