Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам забаранілі сустрэцца з выхаванцамі школы-інтэрнату


Адміністрацыя школы-інтэрнату пасёлку Югалін Івацэвіцкага раёну забараніла прадпрымальнікам Баранавічаў сустрэцца з выхаванцамі школы.

Гандляры плянавалі зладзіць дабрачынную акцыю для дзяцей-сіротаў з нагоды Вербнай нядзелі ў праваслаўнай царкве і сьвята Вялікадня ў каталікоў.

Сэрыю дабрачынных акцыяў дапамогі жыхарам дамоў-інтэрнатаў раёну прадпрымальнікі Баранавічаў распачалі яшчэ летась. Яны пабывалі ў прытулку для пэнсіянэраў пасёлку Лясная, наведалі школу-інтэрнат для дзяцей у пасёлку Молчадзь Баранавіцкага раёну. Сіротаў у пасёлку Югалін каля Івацэвічаў наведаць забаранілі, паведамляе ініцыятар акцыі і палітычны актывіст Мікалай Чарнавус:

Плянавалі тры вогнішчы раскласьці – адно для бліноў, адно для баршчу, адно для пельменяў
“У нядзелю было сьвята: Вербная нядзеля ў праваслаўных і Вялікдзень у каталікоў, і вось мы вырашылі ў гэты Югалін паехаць. Мы купілі прадуктаў, перамовіліся з выхавальнікамі. Плянавалі тры вогнішчы раскласьці – адно для бліноў, адно для баршчу, адно для пельменяў. Мы ўжо пачалі разгружаць машыны, пачалі вогнішчы раскладваць, але тут зьявілася завуч. Пачала казаць, маўляў, хто вы тут такія, мы на вас міліцыю выклічам, яны сытыя – зьяжджайце. І мы паехалі”.

У школе-інтэрнаце выхоўваюцца каля сотні вучняў рознага веку. Чаму адміністрацыя забараніла дабрачынную сьвяточную акцыю для сваіх выхаванцаў, завуч Марына Грышчук патлумачыла гэтак:

Выраз: “мы праехалі накарміць вашых дзяцей” мяне, як кіраўніка, зьбіў з ног
“Выраз: “мы праехалі накарміць вашых дзяцей” мяне, як кіраўніка, зьбіў з ног. Ну хіба так можна казаць? Ну, пачаставаць, а то – накарміць. Што нашы дзеці галодныя? Што, школа ня можа забясьпечыць, ці дзяржава дзяцей накарміць? Каб на тэрыторыі школы распальваць вогнішча, патрэбны дазвол МНС. Гэта ж не да бабулі ў вёску ў госьці прыехалі. Гэта ж установа закрытага тыпу”.

Баранавіцкія прадпрымальнікі сваю ініцыятыву тлумачаць жаданьнем дапамагчы тым, хто найбольш мае патрэбу ў дабрачыннасьці. Адзін з удзельнікаў акцыі мяркуе: падставай для таго, што адміністрацыя школы-інтэрната забараніла зладзіць для дзяцей сьвята магла быць палітычная актыўнасьць спадара Чарнавуса. Гаворыць прадпрымальнік Валеры Балдзін:

“Дзеці вельмі задаволеныя былі: адразу пабеглі за дровамі, выхавацелі таксама ня супраць былі. Але прыйшла завуч і сказала – не і ўсё. Напэўна таму, што спадар Чарнавуса добра ведаюць, што займаецца палітыкай. Можа не хацелі, каб гэта палітычны жэст быў. Пэўна баяцца кагосьці”.
XS
SM
MD
LG