Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі цьвердзіць, што пытаньне аховы гістарычнага цэнтру Менску з-за размаху новага будаўніцтва страціла актуальнасьць.

Як адбіўся сусьветны фінансавы крызіс на маштабных плянах перабудовы гістарычнай часткі беларускай сталіцы? Прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў пераконваюць, што крызісныя зьявы не адаб’юцца на намерах зьмяніць Менск “да непазнавальнасьці” – адзінае, што крыху можа быць зьменены тэрмін выкананьня задачы. Праціўнікі руйнаваньня помнікаў і ўзьвядзеньня на іх месцы навабудаў усьцешаныя пэўнай перадышкай, аднак пры гэтым канстатуюць, што ўратаваць Верхні горад ад зьнішчэньня ужо наўрад ці магчыма.

Праект забудовы былога аэрапорту Менск-1


Стратэгічнай будоўляй №1 у Беларусі значыцца шматфункцыянальны комплекс “Мінск-Арэна”. Цалкам здаць аб’ект у эксплюатацыю Аляксандар Лукашэнка загадаў да 7 лістапада. Другім паводле размаху мелася стаць забудова тэрыторыі лётнішча “Мінск-1”. Менавіта тут у пэрспэктыве будзе разьмешчаны дзелавы цэнтар сталіцы – “Мінск Сіці”. Лукашэнка неаднаразова заяўляў: рэалізацыі праекту не павінны замінаць ніякія крызісы. Аднак у рэальнасьці генэральны інвэстар – расейская кампанія “Ітэра” – мусіць карэктаваць жаданьне беларускіх уладаў з фінансавымі магчымасьцямі. У блізкіх да “Ітэры” колах пацьвердзілі: на няпэўны час праект “Мінск Сіці” замарожаны:

“Знаёмыя працуюць у прадстаўніцтве расейскай фірмы “Ітэра”, якая раней займалася нафтай і газам, а летась ўзялася за праект перабудовы тэрыторыі лётнішча “Мінск-1”. Дык вось, было абвешчана, што яны будуць аэрапорт забудоўваць, ствараць там “Мінск Сіці”. Але зараз пляны пад пытаньнем -- прынамсі, на ўзроўні праектаў усе працы дакладна замарожаныя”.

Няма актыўнасьці, характэрнай для папярэдніх гадоў, і ў іншых месцах горада. Не растуць разрэклямаваныя хмарачосы ў раёне вуліцы Танка. На ўзроўні катлавіны – 30-павярховая вежа на месцы кавярні “Рамонак” на праспэкце Пераможцаў. Ня бачна прасоўваньня ў будаўніцтве высоткі гатэлю “Кемпіньскі” на Кастрычніцкай плошчы, прыціхлі размовы ў рэалізацыі праекту “аманскага кварталу” на месцы былой ВДНГ.

Такі расклад калі каго і задавальняе, дык перадусім грамадзкіх дзеячаў, голас якіх упарта не хацелі пачуць ва ўладных кабінэтах. Адным з пасьлядоўных крытыкаў імклівага засваеньня Менска ва ўрон гістарычнай спадчыне -- культуроляг, гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі. Але, на яго думку, нават ва ўмовах крызісу ўлады наўрад ці адмовяцца ад сваіх камэрцыйных плянаў:

“Мы атрымалі перадышку, але наўрад ці што зьменіцца. Так, каля сувораўская вучэльні прыступілі да разбору дамоў царскага часу. Будуць будаваць гмах маскоўскага цэнтру, пэрпэндыкулярна дому “На Нямізе”, які перакрые ўсю панараму на опэрны тэатар. Пасьля пабудовы гэтай спаруды ў яе будзе глядзець Багдановіч. Прыцягваюцца працы ў раёне Нямігі і вуліцы Рэвалюцыйнай. Нешта развальваюць, нешта будуюць. Новы паркінг на Нямізе фактычна дабудаваны, у рэальнасьці ён аказаўся на два паверхі большы, чым быў на карцінках. Увогуле датычна Менска пытаньне пра ахову спадчыны ўжо не актуальнае: засталося 213 аб’ектаў у гістарычным цэнтры, зь іх аўтэнтычных помнікаў архітэктуры дай Божа, каб была чвэрць. Крызіс можа на некаторы час прытармазіў працэсы, але, мяркуючы па тым, што ніхто платы не здымаў, мяркуючы па новай хвалі піяр-кампаніі ў дзяржаўных СМІ – як усё будзе здорава – даб’юць і крошкі таго, што яшчэ засталося”.

Рэшткі старой забудовы ў гістарычным цэнтры Менск


У татальным зьнішчэньні гістарычнай спадчыны спадар Харэўскі вінаваціць гарадзкія ўлады ды Міністэрства культуры. З дазволу чыноўнікаў на месцы зруйнаваных помнікаў зьяўляюцца офісныя навабуды, якія нічога супольнага са справай рэстаўрацыі ня маюць. Намесьнік кіраўніка упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі з такой пастаноўкай пытаньня ня згодны:

“Вось неяк ён біў трывогу з нагоды працаў на вуліцы Рэвалюцыйнай. У пэўнай ступені правільная ягоная трывога была, але там не разьбіраць сьцены было немагчыма, таму што цэглу можна было проста ўзяць рукой і згрэбці яе як гліну, разумееце? Што з такой цэглай рабіць? У Харэўскага ёсьць якія-небудзь рэкамэндацыі? Няма. І ў сьвеце няма такіх рэкамэндацый. Звычайна дыструктурыраваныя канструкцыі разьбіраюцца. І нічога іншага тут ня зробіш. І мне здаецца, што трохі Сяргей перагінае палку. Я знаёмы зь ягонымі публікацыямі і ягонымі эмацыйнымі камэнтарамі на сайце “Нашай Нівы”. Але ў яго занадта шмат эмоцый”.

Рэшткі старой забудовы ў гістарычным цэнтры Менску і навабуды


У той час, як падчас суботніка 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка з пяцігадовым сынам Мікалаем другі год запар варочаў цэмэнт на комплексе “Мінск-Арэна”, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі з супрацоўнікамі апарату Савету міністраў добраўпарадкаваў сталічны сядзібна-паркавы комплекс “Лошыца”. Па словах Сяргея Харэўскага, гэта яшчэ адзін гістарычны пункт на гарадзкой мапе, дзе намаганьнямі непрафэсіяналаў распачаты маштабны “эўрарамонт”:

“Фактычна ў руіны пераўтвораны гаспадарчы двор у “Лошыцы”. Сем аб’ектаў, унікальныя помнікі архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, стаяць ужо другі год без даху, працягваецца іх руйнаваньне. Бясьсьледна зьнікла з бровара славутая чыгунная табліца з датай “1889 год”. Там будуць пашыраць дарогу, паркінгі будаваць і г.д. Зараз у Лошыцы рэжуць дрэвы старыя, увогуле разьвялі маштабную будоўлю. У фантазійным, сучасным стылі робяць эўрарамонт ставоў, нагрувасьцілі нямерана бэтону і пліткі. То бок, яшчэ раз паўтару: калі гаворым пра Менск, то ўсе пляны па рэгенэрацыі горада, па ўзнаўленьні ягонага гістарычнага абрысу можна ўжо лічыць пахаванымі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG