Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сустракаюць Вялікдзень у Беларусі?


Вялікдзень у Горадні

Вялікдзень у Горадні

Вернікі каталіцкага касьцёлу сёньня адзначаюць другі дзень найвялікшага сьвята — Уваскрэсеньня Хрыстовага. У вернікаў праваслаўнай царквы распачаўся апошні перадвелікодны — Вялікі тыдзень.

Як сьвяткуюць Вялікдзень беларускія каталікі, цікаўлюся ў маладых наведнікаў архікатэдральнага касьцёлу найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску, якіх гэтымі днямі ў сьвятыні вельмі шмат:

Юнак: “Вялікдзень сьвяткуюць па-рознаму. Мая сям’я амаль уся — католікі, і мы ідзем у касьцёл, пасьля едзем да сваякоў — дзядуляў, бабуляў. Булкі, яйкі — гэта заўсёды на стале”.

Юначка: “Напачатку пост, затым — трыдум пасхальны. У мяне веруючыя бацькі, і мы заўсёды адзначаем Вялікдзень у Ракаве. Там ёсьць печка, у якой мама булкі пячэ”.

Юнак: “Вядома, вельмі важная традыцыя, якая засталася ад продкаў — асьвячэньне яек, вяндліны. Але самае галоўнае — гэта духоўнае адзначэньне гэтага сьвята. Вельмі вялікая ўзьнёсласьць душы, калі ранкам падчас працэсіі звоняць званы. Можа, яшчэ людзі няверуючыя сьпяць, але няхай яны пачуюць гэтыя званы і ведаюць, што Хрыстос уваскрос”.

Акрамя посту й духоўнай падрыхтоўкі да Вялікадня, перад сьвятам было шмат іншых падзей: касьцёл адзначыў 70-гадовы юбілей пастырскага служэньня кардынала Казіміра Сьвёнтка. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асьвяціў новую капліцу, крыж і зямлю пад касьцёл у пасёлку Гатава ля Менску. Падчас урачыстасьці адна з парафіянак, Марына Бандарчук, перадала ў капліцу абраз Маці Божай Вастрабрамскай, які яе матуля хавала з часу апошняй вайны. Жанчына перакананая ў глыбокай сымбалічнасьці і невыпадковасьці гэтых падзей:

“Абраз Маці Божай Вастрабрамскай быў знойдзены падчас вайны ў кучы сьмецьця. Ён заўсёды вісеў у нас у хаце, мы маленькія маліліся, і ён дапамагаў нам у цяжкія часы. Калі мама пераехала да нас у Гатава, то і абраз перавезла з сабой. Мы вельмі ўдзячныя Богу, што ў нас адкрылася парафія Міхала Арханёла, што асьвечаны крыж, зямля. Няхай Пан Бог адорвае ўсіх нас ласкамі, а мы будзем маліцца каля абраза”.

Кожны дзень тыдня, які папярэднічае сьвяту Ўваскрэсеньня, хрысьціяне называюць Вялікім — Вялікі панядзелак, Вялікі аўторак і гэтак — да нядзелі. У праваслаўных вернікаў яго суправаджае Вербны кірмаш, які штогод праходзіць у Менску, а таксама іншых гарадах Беларусі, кажа айцец Аляксандар Шымбалёў:

“У ім прымаюць удзел ня толькі розныя храмы, але таксама й розныя крамы, якія прадаюць абразы ды іншыя рэчы, патрэбныя вернікам. Але галоўны сэнс гэтага кірмашу — яго асьветніцкая дзейнасьць. Увесь час, пакуль адчынены кірмаш, рэалізуецца вялікая праграма. Гэта і лекцыі, і выступленьні розных калектываў, хораў, батлейкі. Такім чынам, людзі, якія прыходзяць на кірмаш, атрымліваюць і духоўную апеку”.

Праваслаўныя вернікі таксама, акрамя посту і духоўных практыкаваньняў, у перадвелікодныя дні шукаюць падтрымкі ў дабраславёных і сьвятых. Адна зь іх — сьвятая Валянціна, да магілкі якой у вёсцы Крысіна Дзяржынскага раёну ідзе асабліва шмат людзей, кажа верніца праваслаўнай царквы ў Станькаве Сьвятлана Сохань:

“Літаральна на мінулым тыдні мы заходзілі да сьвятой Валянціны — ужо было цёмна, а на магілцы гарэлі сьвечкі. Цёмна, а людзі ідуць. У нядзелю да нас заўсёды ідуць людзі. Яна давала ня толькі фізычную палёгку людзям, але перадусім духоўна апекавалася людзьмі. І мы таксама вельмі моцна адчуваем, што знаходзімся пад апекай сьвятой Валянціны, бо гэта адчуваецца паводле тых справаў, якія адбываюцца. Да прыкладу, наш прыход існуе 12 гадоў і толькі пасьля кананізацыі сьвятой у нас пайшла праца для будаўніцтва царквы. І пайшла такімі тэмпамі, што мы дзівуемся. Наш айцец толькі кажа, што нам галоўнае цяпер не перашкаджаць”.

Шматлюдна цяпер і каля пахаваньня законнай сястры на каталіцкіх могілках у мястэчку Гудагай на Гарадзеншчыне. Сьвятары і вернікі таксама згадваюць яе цудадзейныя здольнасьці дапамагаць людзям фізычна і духоўна. Цяпер каля пахаваньня законьніцы Юзэфы Кавальскай намерваюцца паставіць капліцу. А мясцовыя людзі згадваюць яе як ахвярную верніцу, якая служыла Богу і людзям, кажа парафіянін Міхаіл Вайцяхоўскі:

“Сястра Юзэфа прысьвяціла сваё жыцьцё Богу, касьцёлу. Яна, бедная, і кульгала, але ўвесь час працавала ў касьцёле. І дапамагала, і прыбірала, і цуды дазнавала. І людзі ідуць, канечне, усе ўдзячныя законьніцы, і да пахаваньня ідуць”.

Для вернікаў сталага веку сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага асаблівае яшчэ й тым, што сваю веру яны пранесьлі празь дзесяцігодзьдзі перасьледу і забароны. І цяпер маюць вялікую радасьць, што могуць рыхтавацца да Вялікадня і сьвяткаваць яго не хаваючыся. Пра гэта казалі і праваслаўныя, і каталікі:

Карэспандэнтка: “Як вы сьвяткуеце Вялікдзень і ці памятаеце, як гэта было ў вашым дзяцінстве і юнацтве. Ці ёсьць розьніца паміж гэтымі сьвяткаваньнямі?”

Спадарыня: “У маім юнацтве вайна была — касьцёл быў, а пасьля прыйшлі “саветы” і пазачынялі. Вера была закінутая, але езьдзілі ў Вільню, і вера засталася ў людзей.

Спадар: “Тата запрагаў каня, садзіў усіх дзяцей, і мы ехалі — хто ў Шклоў, а хто ў Магілёў, каб асьвяціць стравы”.

Спадарыня: “Ішлі на ноч да касьцёлу, маліліся, сьпявалі песьні веліканоцныя. Гэта ў вёсцы, у Смаргонскім раёне. Для моладзі сьвята — песьні, скокі чатыры дні”.

Спадарыня: “У касьцёл даяжджалі ў Краснае, каля Маладэчна. Мы маліліся па-польску, а вось цяпер пачула імшу па-беларуску, і я проста шчасьлівая”.

Спадарыня: “Некалі пасьля вайны цяжка было — усё было пазачыняна, дзеці былі ня хрышчаныя. А цяпер — дзякаваць Богу — адчыненыя касьцёлы, цэрквы, што мы можам схадзіць, не хавацца. Вось і я — старая, а хочацца схадзіць. Толькі я думаю, што навошта два сьвяты? Няхай бы зрабілі адно! Хрыстос жа адзін!”
XS
SM
MD
LG