Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улада пайшла на пералік, каб атрымаць дадатковыя галасы"


Учора ў Кішынёве прайшоў вялікі мітынг, ўдзельнікі якога пратэставалі супраць жорсткіх захадаў паліцыі супраць моладзі, што ўдзельнічала ў маніфэстацыях на мінулым тыдні. Улады Малдовы пагадзіліся на праверку вынікаў выбараў і выбарчых сьпісаў. Пра тое, як разьвіваецца сытуацыя, мы папрасілі распавесьці дырэктара кішынэўскага бюро Радыё Свабодная Эўропа Васіле Батнару.


Дракахруст: Васіле, у Кішынёве зноў мітынгі пратэсту. Рэвалюцыя працягваецца?

Батнару:
Не, наагул слова рэвалюцыя тут недарэчнае. Гэтыя пратэсты наўрад ці істотна зьменяць сытуацыю. На учорашняй акцыі галоўным патрабаваньнем было, каб паліцыя праяўляла стрыманасьць, не рабіла паляваньне на моладзь і каб была нармальная адвакацкая праца. Каб выконваліся правы чалавека.
У любы момант можа ўспыхнуць незадаволенасьць у любой форме, спадзяюся, ня ў самай жорсткай, вандалістычнай форме, як тое было 7 красавіка.

Дракахруст: Чаму, нягледзячы на тое, што ўлада не была скінутая, яна пагадзілася на пералік вынікаў выбараў і на праверку сьпісаў выбаршчыкаў?

Батнару: Улада пайшла на пералік галасоў, бо спадзяецца атрымаць дадатковыя 240 галасоў, каб атрымаць 61 мандат. тады камуністы змогуць наагул ні пра што не пытаць апазыцыю і абіраць свайго прэзыдэнта і свой урад. Ня трэба строіць сабе ілюзіяў. Ва ўлады не абавязкова былі згодніцкія настроі. Што ж тычыцца праверкі сьпісаў, то Канстытуцыйны суд пагадзіўся на гэта пад ціскам апазыцыйных партый і Цэнтарвыбаркам даў апазыцыйным партыям такую магчымасьць. Інакш нельга было адвесьці абвінавачваньне ў фальсыфікацыі выбараў. Апазыцыя кажа, што ў сьпісах было шмат людзей, якіх знаходзяцца за мяжой, і нават людзей, якія памёрлі, але за іх нехта атрымаў бюлетэні і расьпісаўся.

Дракахруст: А ці будзе апазыцыі ўдзельнічаць у гэтым перападліку і праверцы сьпісаў?

Батнару: ЦВК кажа што гэта наагул справа апазыцыянэраў, як яны гэтую справу наладзяць. ЦВК на ўзроўні мясцовых камісій дае ім магчымасьць рабіць копіі сьпісаў. Апазыцыя спадзяецца, што гэта можна зрабіць за 10 дзён, якія адведзены на гэта Канстытуцыйным судом.

Тут вялікая праблема, што няма дакладных нормаў, што лічыць фальсыфікаванымі галасамі. Можна знайсьці , скажам, два выпадкі, калі за памерлых людзей нехта прагаласаваў, а можна знайсьці тысячы. Суд можа сказаць, што гэта не адбілася на выніках. Але маральная шкода ад такіх выпадкаў будзе велізарнай.

Дракахруст: Ці зьявіліся ў выніку пратэстаў новыя палітычныя сілы?

Батнару: Ёсьць розныя полюсы пратэсту, якія прыцягваюць розныя катэгорыі насельніцтве. Скажам, на мітынгу 12 красавіка было даволі мала моладзі. Гэта былі прыхільнікі партыяў. Моладзь крыху запалохалі, адбілася масіраваная атака ўладаў на ВНУ. Прэзыдэнт Варонін заявіў, што бюджэт вышэйшай адукацыі будзе скарочаны на 300 мільёнаў даляраў, такім чынам пакараюць усіх студэнтаў, у тым ліку і тых, якія і блізка не былі каля плошчы. Есьць стан страху, які ўзмацняецца прапагандай.

Але калі апазыцыйныя партыі змогуць даказаць, што выбары былі сфальшаваныя і атрымаюць у гэтым выпадку падтрымку з-за мяжы, то гэтыя ручайкі могуць сысьціся ў адным рэчышчы.

Дракахруст: Якія міжнародныя наступствы для Малдовы і яе ўлады маюць і яшчэ будуць мець цяперашнія падзеі? Некаторыя СМІ на Захадзе пішуць пра "сталінісцкі рэжым Вароніна". Зь іншага боку, ўлады ўсё ж не расстрэльвалі людзей з кулямётаў, як тое рабіў Карымаў, вось пагадзіліся на праверку вынікаў выбараў. Ці можна сказаць, што Малдова ў вачах заходняй грамадзкай думкі перайшла ў катэгорыю такіх краінаў, як Беларусь?

Батнару: Я думаю, што не перайшла. Але да яе і прэтэнзіі вялікія. Узбэкістан ніколі не заяўляў, што хоча апынуцца ў Эўразьвязе. Малдова такія прэтэнзіі мела і мае, і нават абуралася, што яна ўключаная ва Ўсходняе партнэрства разам з Беларусьсю. Улады мелі прэтэнзіі, што яна настолькі блізкія да Эўропы, што ім гэтая "братняя магіла" Ўсходняга партнэрства не да твару. Але сёньня Кішынёву ветліва вылучаныя прэтэнзіі, што ўлада ня здолела спыніць забурэньняў. Спэцслужбы нібыта адсочвалі розных агентаў , якія тут усё рыхтавалі. З прамовы Вароніна вынікае, што альтэрнатывай здачы галоўных урадавых будынкаў было ўжываньне зброі і мора крыві. Мне здаецца, што сапраўдныя прафэсіяналы павінны прымаць жорсткія меры без таго, каб мець чалавечыя ахвяры.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG