Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі прыйшлі да аблвыканкаму з пэтыцыяй


Збор ля аблвыканкаму пад парасонамі

Збор ля аблвыканкаму пад парасонамі

Сёньня ў Гомелі каля паўтары сотні прадпрымальнікаў прыйшлі да будынку аблвыканкаму, каб перадаць свой зварот у абласны савет і падатковую інспэкцыю. /img/icon-photogallary.gif


Пад зваротам стаяць подпісы больш як дзьвюх тысяч дробных бізнэсоўцаў. Яны абураныя высокімі стаўкамі адзінага падатку, вызначанымі ад пачатку красавіка аблсаветам.

Ля аблвыканкаму аб 11 гадзіне прадпрымальнікі сабраліся, нягледзячы на дождж. Гаворыць спадар Уладзімер з Цэнтральнага рынку Гомеля:

“Прыйшлі сказаць: хопіць зьдзекавацца з народу. Хопіць! Наш самы чэсны крычаў на ўвесь сьвет, што ў нас ніякіх крызісаў няма, што ў нас стабільная, квітнеючая краіна. Адсюль і пытаньне: чаму прадпрымальнікі ў стабільнай і квітнеючай Беларусі плацяць падаткі большыя, чым ва ўсім сьвеце?”

Прадпрымальнік Алег кажа, што таксама паставіў подпіс пад зваротам:

“Вельмі рэзка падвысіліся падаткі, і ў сувязі з эканамічным крызісам гэтыя падаткі выплаціць надзвычай складана. Прадпрымальнікі асуджаныя на жабрацтва й спыненьне сваёй працы. Прыйшлі падаць сустрэчныя прапановы — разумна перагледзець падаткі. Тым больш што ў іншых рэгіёнах ёсьць ужо прэцэдэнты. Напрыклад, у Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях падаткі пакінулі на леташнім узроўні”.

Збор подпісаў на гомельскіх рынках вёўся з ініцыятывы рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Ягоны лідэр Анатоль Шумчанка сёньня таксама чарговы раз прыехаў у Гомель і прыйшоў да аблвыканкаму:

Анатоль Шумчанка
“На сёньня ў Гомелі вызначаныя высокія стаўкі адзінага падатку — нават большыя, чымсьці ў Менску. Мы хочам дамагчыся зьніжэньня падаткаў. “Пэрспэктыва” пад сваім зваротам сабрала 2300 подпісаў. Гэтыя подпісы павінны прыняць старшыня аблсавету Сяліцкі й работнікі аблвыканкаму”.

Да прадпрымальнікаў сапраўды выйшлі старшыні аблсавету й гарсавету Валер Сяліцкі і Ўладзімер Чарнаштан (ён таксама абласны дэпутат), начальнік абласной інспэкцыі па падатках і зборах Галіна Пашэд, начальніца камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіра Карніцкая.

Прадпрымальнікі пераконвалі чыноўнікаў, што з-за высокіх падаткаў і цэнаў гамельчукі цэлымі цягнікамі едуць ва Ўкраіну набываць таньнейшыя прамысловыя вырабы й харчы. І такім чынам падтрымліваюць украінскіх вытворцаў, а не беларускіх.

Пасьля непрацяглай дыскусіі ля ўваходу лідэра “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанку й яшчэ прыкладна дзясятак прадпрымальнікаў запрасілі ў будынак аблвыканкаму. Астатнія засталіся на вуліцы. Бо актавая заля, як патлумачыў старшыня аблсавету, занятая — усім не зьмясьціцца.

Паводле Анатоля Шумчанкі, падчас перамоваў прадстаўнікі абласных уладаў пагадзіліся на стварэньне сумеснай рабочай групы, каб абмеркаваць стаўкі адзінага падатку і, магчыма, вынесьці іх на сэсію аблсавету.

Да 25 красавіка прадпрымальнікі атрымаюць інфармацыю, якія падаткі ім трэба будзе плаціць, каб працаваць у траўні.

Дыскусія ля параднага пад’езду аблвыканкаму

Старшыня аблсавету Валер Сяліцкі (у цэнтры) гатовы прыняць пэтыцыю
XS
SM
MD
LG