Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На АЭС трэба такія грошы, што мы застанемся бяз портак”


Адключэньне расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі, эканамічны крызыс, сьвята Ўваскрашэньня ў беларускіх каталікоў і пратэстантаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Выключэньне шэрагу расейскіх тэлеканалаў з кабэльных сетак Беларусі ад 1 красавіка — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”:

Спадар: “Вітаю, “Свабода”! Я не магу зразумець, чый ён прэзыдэнт — Лукашэнка, чые ён адстойвае інтарэсы. Ён кажа, што нашы беларускія каналы не трансьлююцца ў Расеі. Але мы ж выбралі гэтага чалавека, каб ён адстойваў нашы беларускія інтарэсы, а пры чым тут тое, што нашы беларускія каналы не трансьлююцца ў Расеі? Мы хочам глядзець расейскія каналы, дык забясьпеч”.

Спадарыня: “Беларусы, якія абралі кабэльнае тэлебачаньне, згадзіліся ўразаць свае сямейныя бюджэты толькі таму, што гэтая сетка прапануе розныя інтарэсы грамадзян. Усяго гэтага пазбавілі мяне — паводле якога права? Чаму Лукашэнка свае інтарэсы навязвае ўсёй Беларусі?”

Да 40 дзён з дня сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай — наступнае тэлефанаваньне:

Анатоль, Менск: “Хутка спаўняецца 40 дзён з дня сьмерці вялікага змагара за свабоду Яны Паляковай з Салігорску. Толькі што адслужыў паніхіду па ёй мітрапаліт Філарэт. Сьмерць Яны Паляковай з Салігорску нагадвае ўчынак чэскага юнака, які ў жніўні 1968 году на знак пратэсту супраць акупацыі роднай краіны чужымі войскамі падпаліў сябе, падштурхнуўшы народ на супраціў. Можна сказаць, што Яна Палякова паўтарыла яго подзьвіг. Яна пайшла на самазабойства, каб бараніць свабоду думак, паводзінаў у роднай Беларусі. Праявіла чалавечую нескаронасьць злачынству, няпраўдзе, сквапнасьці і ілжывасьці. Таму, як і чэх, Яна павінна стаць нацыянальнай гераіняй. Калі мы ўсе асэнсуем гэта, тады можна будзе спадзявацца, што ў краіну вернецца родная мова, што ўсе мы абавязкова падымемся з кален”.

Далей слухачы выказваюцца на тэму эканамічнага крызісу, стаўленьня чыноўнікаў да беларускай мовы і апазыцыі ў Беларусі:

Спадар: “Вось зараз ёсьць цяжкасьці, і немалыя, у сувязі з гэтым крызісам сусьветным. А наш дарагі Лукашэнка, паважаны, усё адно быццам прачнуўся толькі: самыя дарагія праекты будзем рабіць і г.д. Да прыкладу, АЭС патрэбная. Але на яе спатрэбяцца такія грошы, што мы застанемся бяз портак”.

Спадар: “Паважаны Аляксандар Рыгоравіч, зьвяртаюся да вас як да буйнога вучонага, які вывеў новую пароду людзей пад назвай вашывыя блохі. І толькі вы як спэцыяліст зможаце адрозьніць, якая блыха вашывая, а якая не дацягвае да гэтага званьня”.

Спадарыня: “Добры вечар, Радыё Свабода! Слухала амбасадара Швэцыі. Ён вёў гаворку на добрай нашай беларускай мове. Я вельмі была ўзрадавана, што гэты чалавек вывучыў нашу беларускую мову за паўгоду. Ён паважае наш народ, паважае нашу беларускую рэспубліку, нашу радзіму Беларусь. Вельмі сорамна нашым чыноўнікам, пачынаючы зь верху да самага нізу, якія ня ведаюць беларускага слова, яны яго баяцца. Брыдка! Сорам нашым чыноўнікам! Няхай яны задумаюцца над сваімі паводзінамі”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі з нагоды сьвята Вялікадня — Уваскрашэньня Хрыстовага, якое сьвяткуюць беларускія каталікі і пратэстанты:

Спадар: “Ён сам уваскрэслы, жывы, дабравясьціў: “Спакой з вамі”. З тае пары гэтае дабравесьце ўваскрэслага не заціхае. І таму няхай будзе з вамі міласьць і спакой Езуса”.

Спадарыня Браніслава Браніславаўна: “Віншую ўсіх слухачоў з Уваскрэсеньнем Езуса!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG