Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дапаможа сплаціць штрафы пацярпелым ад рэпрэсій?


Заснавальнікі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя вырашылі матэрыяльна дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Дзеля гэтага адкрыты рахункі, каб сабраць грошы тым, хто ня мае магчымасьці сплаціць судовыя штрафы.

На каго канкрэтна разьлічваюць заснавальнікі БХД, ці рэальна ў цяперашніх умовах сапраўды істотна дапамагчы пацярпелым ад рэпрэсій? Як партыя БХД спадзяецца сабраць грошы для гэтых людзей, бо проста адкрыць рахунак — гэтага, напэўна, будзе недастаткова? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да аднаго з заснавальнікаў партыі Паўла Севярынца.

Разьлік у першую чаргу на тых людзей, якія ня могуць падтрымаць апазыцыю дзеяньнем
Севярынец: “Разьлік у першую чаргу на тых людзей, якія ня могуць падтрымаць апазыцыю дзеяньнем, але могуць зрабіць такую карысную справу, як кажуць, не адрываючыся ад сваіх паўсядзённых заняткаў. Мы будзем рассылаць аркушы з нашымі рахункамі і просьбай пералічыць грошы пацярпелым праз нашую рассылку: паштовая вельмі вялікая, а электронная яшчэ большая, будзем друкаваць гэта ўсё ў партыйным бюлетэні, у “Крыніцы”, пастараемся разьмясьціць гэта ў незалежнай прэсе, у інтэрнэце, праз сацыяльныя сеткі, таксама дастаткова эфэктыўны спосаб. І таксама плянуем выйсьці на беларускую эміграцыю. Што да эміграцыі, то ў нас ёсьць вельмі пасьпяховы досьвед: мы з дапамогай нашых прадстаўніцтваў на Захадзе зьбіраем сродкі для былых вязьняў ГУЛАГу і зьбіраюцца досыць значныя сумы”.

Колькі такіх людзей на цяперашніх час, якія пацярпелі, які маюць нясплачаныя штрафы?

Севярынец: “Я ведаю, што праблемы з выплатай штрафаў ёсьць у вельмі многіх, лік ідзе на дзесяткі па ўсёй краіне — з розных партый, а з Хрысьціянскай дэмакратыі іх каля дзесяці”.

Рахунак для збору сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій адкрыты таксама ў Полацку, пра сытуацыю са штрафамі апавядае Алесь Круткін:

Некаторыя частку штрафаў сплацілі, некаторыя ня ў стане, а іншыя пазычылі грошы і зараз ім трэба вярнуць пазычаныя некалькі соцень тысяч рублёў
“Пацярпелі ў Полацку ад штрафаў за апошнія паўгода каля дзесяці чалавек. За раздачу незалежнай прэсы падчас парлямэнцкіх выбараў мінулых, за вулічныя акцыі на сёмага лістапада, акцыя ў падтрымку Баразенкі была ў лістападзе-сьнежні, у асноўным яны актывісты БХД, проста яны яшчэ ў розных маладзёвых арганізацыях, але сябры партыі ўсе. Некаторыя частку штрафаў сплацілі, некаторыя ня ў стане, а іншыя пазычылі грошы і зараз ім трэба вярнуць пазычаныя некалькі соцень тысяч рублёў”.

Іншым пашанцавала болей, ім удалося сплаціць штрафы з дапамогай праваабарончых арганізацый, кажа Алесь Круткін. Што датычыць Гарадзеншчыны, дык апошнім часам пацярпелых няшмат, сказаў прадстаўнік БХД Мікола Баўсюк і галоўнай чынам ён цяпер займаецца стварэньнем раённых структураў партыі.
XS
SM
MD
LG