Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб вырабіць прышчэпку – трэба 53 узгадненьні. Якая лібэралізацыя?”


Што будзе з эканомікай Беларусі? Гэта паспрабавалі спрагназаваць экспэрты падчас круглага стала “Лібэралізацыя эканомікі як выйсьце з крызісу: ці падыходзяць лекі для хваробы?”, які адбыўся ў Менску. Прагноз ня вельмі аптымістычны.


Спачатку эканамісты паспрабавалі паставіць дыягназ беларускай эканоміцы. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук перакананы:

мы не вырабляем тое, што просіць ўнутраны рынак
“Самая галоўная праблема нашай эканомікі – гэта структура, якая не адпавядае новаму стану попыту, як ўнутранага, так і зьнешняга. Мы вырабляем ня тое, што патрабуе зьнешні рынак, мы не вырабляем тое, што просіць ўнутраны рынак. У нас назапашваюцца вельмі сур’ёзныя даўгі. Нават тыя макраэканамічныя дасягненьні, якія былі, ідуць кату пад хвост...”

Возьмем толькі адзін паказчык: сальда зьнешняга гандлю за 2 месяцы склала 815 мільёнаў даляраў – у 40 разоў больш, чым за такі ж пэрыяд летась. Загадчык аддзелу Інстытуту эканомікі Акадэміі навук, прафэсар Аляксандар Лучанок кажа:

“У нас даўно адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балянсу. А ўсясьветны крызіс прывёў да таго, што гэта сальда надзвычай рэзка скокнула. Нашу прадукцыю сталі браць горш. І зараз уся праца ідзе ў адным накірунку: дзе знайсьці грошы, каб гэта адмоўнае сальда неяк збалянсаваць. Мы ўсё больш у больш улазім у пазыкі, якія некаму давядзецца аддаваць”.

Эканаміст Міхал Залескі так ахарактарызаваў тое, што зараз адбываецца ў эканоміцы:

“Які ў нас крызіс? Крызісы бываюць фінансавыя, крызісы перавытворчасьці і гэтак далей... У нас крызіс перавытворчасьці, мы робім ня тое, што патрэбна людзям”.

На думку эканаміста Аляксандра Чубрыка...

Эканоміка працавала па той схеме, калі нехта ведаў, што нам трэба вырабляць, а не самі людзі
“Гэты крызіс проста паказаў слабыя месцы нашай эканомікі. Іх у нас шмат. Эканоміка працавала па той схеме, калі нехта ведаў, што нам трэба вырабляць, а не самі людзі. Эканоміка Беларусі большую частку свайго ВУП прадае на экспарт. І тут калі зьнешнія рынкі скарачаюцца, ці будзе адбывацца нейкая лібэралізацыя, ці, наадварот, будуць заціскацца гэтыя гайкі – гэта эканоміку не ўратуе. Зараз нічым беларускую эканоміку з крызісу ня выведзеш”.

Што тычыцца лібэралізацыі, то да яе ўсе аднадушна паставіліся скептычна. Прафэсар Аляксандар Лучанок прыгадаў, што самі беларускія ўлады пра лібэралізацыю загаварылі толькі тады, калі занепакоіліся: як выбіць крэдыты ў МВФ:

“Вось тады і прынялі нейкія захады да лібэралізацыі. А так думаць, што будуць нейкія рухі, наўрад ці варта. Я думаю, працэс будзе марудны, калі ня будзе праблемаў у разьлікамі”.

Эканаміст Міхал Залескі выказаўся наконт лібэралізацыі коратка і трапна:

Ніякай лібэралізацыі няма
“Ніякай лібэралізацыі няма, ніхто яе не зьбіраецца рабіць, і нікому такая лібэралізацыя не патрэбна. Гэта адны словы. У нас, каб зрабіць прышчэпку, трэба прайсьці 53 узгадненьні. Вось гэта трэба зьнішчыць. Тады будзе лібэралізацыя. Астатняе – пустыя размовы”.

Што да прагнозаў на будучыню, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук настроены ня вельмі аптымістычна: інвэстыцыі, на яго думку, упадуць на 15%, рэальны даходы насельніцта зьнізяцца таксама на 15%. Курс даляра вырасьце да 3500 рублёў. Дэвальвацыя будзе паўзучай. Адзіны прыемны прагноз – істотна зьнізяцца кошты на жытло. Вось толькі дзе ўзяць грошы, як на яго зарабіць – рэцэпту ня даў.
XS
SM
MD
LG