Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вязьні канцлягеру кажуць, што губэрнатар іх падмануў


Абэліск і крыж на месцы аднаго з самых вялікіх канцлягераў у Эўропе

Абэліск і крыж на месцы аднаго з самых вялікіх канцлягераў у Эўропе

На месцы канцлягеру “5-ты полк” пад Віцебскам сёньня адбыўся мітынг, прысьвечаны Міжнароднаму дню вызваленьня вязьняў. Старшыні аблвыканкаму на імпрэзе не было, інакш яму давялося б выслухаць шмат абвінавачаньняў на свой адрас.

Былыя вязьні, якія сабраліся каля абэліску ў памяць закатаваных суграмадзян, што ў канцы вуліцы Цітова, абураліся будоўляй жылых дамоў на месцы канцлягера.

Мітынг з удзелам вязьняў канцлягеру “5-ты полк”


Яны згадвалі, што ў пачатку красавіка губэрнатар Аляксандар Косінец паабяцаў актыву грамадзкай арганізацыі малалетніх вязьняў адмяніць будаўніцтва і знайсьці сродкі на стварэньне Мэмарыялу памяці ахвяраў лягеру сьмерці “5-ты полк”. Аднак неўзабаве пасьля сустрэчы зь вязьнямі ў газэце “Віцьбічы” зьявіўся артыкул пра тое, што шматкватэрныя дамы на гэтым месцы ўсё-ткі пабудуюць.

Былы вязень Уладзімер Рызо і Вольга Карач, лідар кампаніі “Наш дом”
Паводле малалетняга вязьня лягеру “5-ты полк” Уладзімера Рызо, мясцовыя ўлады ўжо ня першы раз падманваюць грамадзкасьць, раздаючы пустыя абяцаньні. Мэмарыял памяці ахвяраў фашызму чыноўнікі гарвыканкаму абяцалі ўзьвесьці яшчэ 15 год таму. Ён мусіў мець два арачныя ўваходы — на знак таго, што ў лягеры сьмерці ўтрымлівалі і ваеннапалонных, і цывільнае насельніцтва. Як сьведчаць архіўныя дакумэнты, тут утрымлівалі жыхароў Віцебску, Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў, беларусаў, расейцаў і габрэяў. На ўзгорку меўся ўзьняцца храм — паводле задумы архітэктараў, месца скрухі і пакаяньня.

Праект быў распрацаваны, але да ягонага ўвасабленьня справа так і не дайшла — і на месцы лягера сьмерці стаяць толькі сьціплы абэліск, усталяваны яшчэ ў 1964 годзе, і высокі жалезны крыж, які зьявіўся тут пазьней дзякуючы ініцыятыве праваслаўных вернікаў.

Тэрыторыя былога лягера сьмерці: тут мяркуюць будуваць дамы
За некалькі мэтраў ад крыжа і абэліска — адгарожаная плотам тэрыторыя будучага жылога масыву. Супрацьстаяць гэтаму будаўніцтву гараджан заклікала грамадзкая кампанія “Наш дом”. Паводле слоў лідара кампаніі Вольгі Карач, ужо сабрана каля тысячы подпісаў супраць таго, каб на месцы канцлягеру пачалося будаўніцтва. Збор подпісаў працягваецца, а паралельна актывісты кампаніі зьбіраюць успаміны гараджан, якім давялося быць у ліку 120 тысяч вязьняў канцлягеру “5-ты полк” і застацца жывымі.



XS
SM
MD
LG