Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартавалі курсы ды-джэяў адраджэньня


Падчас тэсту на веданьне беларушчыны

Падчас тэсту на веданьне беларушчыны

10 красавіка стартавалі дзясятыя па ліку курсы ды-джэяў адраджэньня. Курс пачынаецца вызначэньнем асабістага беларускага IQ з дапамогай гадзіннага тэсту на 100 пытаньняў з усіх сфэраў. На думку арганізатараў курсу, пытаньні — вызначальныя для эфэктыўнага адраджэнца.

У сядзібе Партыі БНФ сабралася больш за два дзясяткі чалавек, ахвочых адказаць на пытаньні тэсту. Сярод іх былі ня толькі студэнты і школьнікі, але й людзі сталага веку. Шмат якія пытаньні былі філязофскія, напрыклад, пра Біблію ці сэнс жыцьця чалавека.

Курсы ды-джэяў адраджэньня пачаліся ў 1999 годзе. Іх пераможцамі сталі за 10 гадоў 88 чалавек. Сярод іх пераможца алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, чэмпіён у пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч, лідэры “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук і Наста Палажанка, лідэры БХД Лера Чарнаморцава і вядоўца сёньняшніх курсаў Натальля Васілевіч. Яна зьмяніла Паўла Севярынца, які быў заснавальнікам курсаў і вядоўцам:

“Было вырашана падрыхтаваць ды-джэяў адраджэньня на своеасаблівых курсах: зрабіць тэсты, рэйтынгі, выпрабаваньні. Тым, хто іх вытрымае — даваць рэкамэндацыі для палітычных, грамадзкіх структур, прасоўваць гэтых людзей і трымаць іх разам. Цяпер іх 88 чалвек. Пасьля гэтых курсаў будзе роўна 100”.

Сярод канкурсантаў былі людзі, якія раней ніколі не заходзілі ў офіс Партыі БНФ. Гаворыць студэнт Сяржук Саўчук:

“Мяне запрасілі сюды мае сябры. Я тут упершыню. Было вельмі цікава”.

Былі й новыя сябры моладзевых арганізацыяў, напрыклад, Наста Пякарская: “Першы раз я ўдзельнічаю. Даведалася пра курсы ў „Маладым Фронце“. Я туды нядаўна ўступіла. Некаторыя пытаньні былі дастаткова складаныя, філязофскія. Але ж мне вельмі спадабалася. Гэта зусім адрозьніваецца ад таго, што прапануюць на звычайных тэстах”.

Студэнтка Аліна Сянюта: “Я даведалася пра гэта з інтэрнэту ад сябра. Я паглядзела, што гэта такое, і вырашыла, што хачу схадзіць. Мяне гэта зацікавіла. Былі такія складанныя пытаньні для мяне, але я думаю, што гэта папросту паказвае, куды рухацца, што я далёка ня ўсё ведаю”.

38-гадовы Рыгор Літвін: “Цудоўна… Не на ўсе пытаньні адказаў, але было вельмі цікава”.

71-гадовы Альберт Шарамет уважліва адказваў на ўсе пытаньні: “Троху разгублены, але, можа, удасца… Ну, ня тое, каб ды-джэем, я ўжо стары, але ж хочацца свой узровень падвысіць…”.

35-гадовы Сяргей Чарнавокі быў на курсах ды-джэяў паўгода таму: “Ды-джэйскія курсы, можна сказаць, мая alma mater. У мяне , дарэчы, быў другі рэйтынг у групе. Вельмі добры вынік для мяне. Я вам скажу, што за тыя паўгода, як я асабіста стаў ды-джэем адраджэньня, вельмі шмат зьмянілася ў станоўчы бок”.

Падсумаваньне вынікаў курсаў адбудзецца ў чэрвені. Пераможца атрымае сэртыфікат, дыск “Беларускі хрысьціянскі хіт” і некалькі кніг, якія дапамогуць ды-джэю ў самаадукацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG