Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі зьявілася інфармацыя, што нядаўна вызваленая зь беларускай турмы сакратарка амэрыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра Ўладлена Функ паінфармавала ўлады ЗША аб умовах утрыманьня ў беларускіх турмах.

31-гадовая Ўладлена Функ мае расейскае грамадзянства і апошнія гады жыве ў ЗША. Разам з Эмануілам Зэльцэрам яна была затрыманая ў Менску 12 сакавіка 2008 году. 11-га жніўня летась Менскі гарадзкі суд прызнаў Зэльцэра і Функ вінаватымі ў выкарыстаньні заведама фальшывых дакумэнтаў і ў замаху на камэрцыйны шпіянаж. Зэльцэр быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі, Функ — на адзін год. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў выракі ў сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

12 сакавіка сёлета Ўладлену Функ вызвалілі з гомельскай папраўчай калёніі і адразу пасьля гэтага зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яна знаходзілася больш за тыдзень. Ёй не далі магчымасьці пакінуць Беларусь добраахвотна і толькі 20 сакавіка прымусова выслалі з краіны на падставе таго, што Функ нібыта становіць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Уладлене Функ забаронена наведваць Беларусь найбліжэйшымі 10 гадамі.

Бушлякоў: Пасьля вызваленьня вы прыбылі ў Нью-Ёрк 23 сакавіка, тады былі паведамленьні аб праблемах са здароўем. Як сёньня сябе адчуваеце?

Функ: Самі разумееце, год быў вельмі цяжкі. Утрыманьне ў экстрэмальных умовах не магло не адбіцца на здароўі. Я праходжу курс лекаваньня. Памалу спрабую прызвычаіцца да нармальнага жыцьця.

Бушлякоў:
У турме вы адчувалі стаўленьне да сябе як да палітычнай вязьніцы ці да вас ставіліся таксама, як да іншых, звычайных зьняволеных?

Функ:
Вядома, адчувалася іншае стаўленьне. 24 гадзіны відэаназіраньне, запіс, падгляданьне ў камэры ў ізалятары КДБ. Тое, як у першыя тыдні з намі абыходзіліся, не давалі сустракацца ні з адвакатам, ні з прадстаўнікамі амбасады. Казалі, што мне гэта не абавязаныя дазваляць – нягледзячы на тое, што я грамадзянка РФ. Супрацоўнік амбасады прыйшоў да мяне ўпершыню праз тры тыдні, і тое не таму, што супрацоўнікі КДБ паведамілі пра мой арышт, а таму, што мае блізкія зьвязаліся з амбасадай расейскай у Менску. Тое ж было і з адвакатам. І гэта незвычайная практыка, нават для Беларусі. Не дазвалялі спатканьні, за ўвесь год у мяне не было ніводнага. Вельмі вялікая ўвага да ўсёй карэспандэнцыі, некаторыя лісты не даходзілі.

Бушлякоў: У калёніі вы адбывалі тэрмін па абвінавачаньні ў замаху на камэрцыйны шпіянаж. Якія суд прадставіў доказы?

Функ: Вы задаяце складанае пытаньне, бо справа была засакрэчаная і такой застаецца і цяпер. І зь мяне ўзялі падпіску. І цяпер пытаньне ў тым, ці магу я размаўляць, і наколькі гэта можа адбіцца на ўмовах утрыманьня Эмануіла Зэльцэра. Я пакуль не гатовая адказваць на пытаньні, зьвязаныя з крымінальнай справай і судом.

Бушлякоў: Гэта азначае, што вы фактычна лічыце сябе зьвязанай гэтай падпіскаю, знаходзячыся ў ЗША?

Функ:
Не, справа ня ў гэтым. Пакуль Эмануіл у калёніі, я баюся, ці не пашкодзіць гэта яму. Натуральна, пазьней – дай Бог, каб ён вярнуўся і быў у нармальным здароўі – пазьней, я думаю, усё гэта будзе абнародавана.

Бушлякоў:
Эмануіл Зэльцэр застаецца ў турме. Як вы лічыце, хто ініцыяваў вашае з Зэльцэрам затрыманьне?

Функ:
Я не лічу, я ведаю хто. Але зноў жа пакуль гаварыць ня буду. Занадта небясьпечна называць гэтыя імёны. Эмануіл знаходзіцца пад поўным кантролем беларускіх уладаў, і, што зь ім можа здарыцца, аднаму Богу вядома.

Бушлякоў:
Ці гатовыя вы казаць пра ролю Барыса Беразоўскага ўва ўсёй гэтай гісторыі?

Функ: На жаль, пакуль не магу.

Бушлякоў:
Ці ёсьць намер абскарджваць прысуд?

Функ:
Натуральна, ёсьць. Праблема толькі ў тым, што яго мы пакуль не атрымалі. Што таксама дзіўна. За што нас асудзілі, акрамя назову артыкулу і тэрміну, мы ня ведаем. Увесь гэты час Дзьмітры Гарачка, наш менскі адвакат, зьвяртаецца ўва ўсе магчымыя інстанцыі з просьбамі, але пакуль што ніякіх адказаў мы не атрымалі.

Бушлякоў:
Што вам вядома пра Эмануіла Зэльцэра, пра стан ягонага здароўя?

Функ:
Я бачыла яго за апошні год двойчы – першы раз у жніўні на судзе. Мне цяжка было яго пазнаць, нагэтулькі моцна ён зьмяніўся. Згубіў вагу, зьмяніўся выраз твару, можна было бачыць, як ён пакутуе. Напэўна, і ад фізычнай болі, і псыхалягічна. Другі раз бачыла на перасылцы зь СІЗА КДБ у СІЗА на Валадарскага. Тое ж самае, ён ледзь мог ісьці. Ледзь перасоўваў валізку з рэчамі. Думаю, здароўе яго не палепшылася. Па словах адваката, у яго цяжкі стан здароўя. Пры яго стане патрэбна сур'ёзнае лекаваньне – а якое яно можа быць у турме? Нават элемэнтарных таблетак часам не было. Калі ў мяне была тэмпэратура 40 градусаў, далі толькі таблетку асьпірыну.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG