Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктар TVCI: “Афіцыйныя вэрсіі адключэньня каналаў — хлусьня”


Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня бачыць ніякіх праблемаў са спыненьнем вяшчаньня ў Беларусі некаторых расейскіх каналаў. Такую ж пазыцыю прадублявалі кіраўнікі Міністэрства інфармацыі і Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Аднак чаму чыноўнікі так шмат надаюць увагі пытаньню, якое “ня вартае нават абмеркаваньня”? Што насамрэч стаіць за згортваньнем расейскай тэлевізійнай карцінкі?

10 дзён таму беларускія апэратары кабэльнага тэлебачаньня дружна спынілі трансьляцыю пяці расейскіх тэлеканалаў. Крок патлумачаны “цьвярозым разьлікам”: маўляў, няма ў сьвеце аналягаў, каб на тэрыторыі адной дзяржавы трансьляваліся дзьве вэрсіі аднаго і таго ж каналу. Адпаведна, як кажа дырэктар прадпрыемства “Менскія гарадзкія тэлевізійныя сеткі” Віктар Бычкоў, глядач не павінен двойчы плаціць за аднолькавы прадукт:

“Мы ўрэшце прышлі да такой высновы, што ўсё ж няправільна людзям плаціць за адзін і той жа кантэнт два разы. Фактычна тыя ж самыя перадачы, якія шлі ў нас на канале Ren-TV, яны ўсе паўтараліся ці рэтрансьляваліся на канале СТВ. Таму мы прынялі рашэньне, што трэба ўсё ж адмовіцца ад дубляваньня”.

На думку беларускіх кабэльных апэратараў, адмова ад тэлеканалаў “Первый канал. Всемирная сеть”, “РТР-Планета”, “НТВ-Мир”, Ren-TV і TVCI не закране інтарэсы гледачоў, паколькі найбольш рэйтынгавыя праграмы дублююцца ў сумесных вэрсіях “НТВ-Беларусь”, “РТР-Беларусь”, ОНТ (у Ren-TV і TVCI “дублёраў” не аказалася). Да таго ж, прызнаецца генэральны дырэктар прадпрыемства “Космос-TV” Вячаслаў Юхновіч, не апошнюю ролю адыгрываюць і эканамічныя інтарэсы:

“Замененыя каналы таньнейшыя, і даволі значна. Гэта таксама важна. Таму ў дадзеным выпадку не закранутыя ня толькі інтарэсы гледачоў, але і эканамічныя інтарэсы фірмы. Дастаткова адзначыць, што 1 кожны зэканомлены цэнт з абанэнта ці з фірмы ў маштабах кампаніі — гэта дадатковая эканомія 1000 даляраў штомесяц. Гэта значныя грашовыя сродкі, якія мы сёньня пусьцім у тым ліку і на лічбавае абсталяваньне для лічбавага вяшчаньня”.

Рашэньне ўхвалілі на ўсіх паверхах улады. Намесьнік міністра інфармацыі Аляксандар Слабадчук заявіў, што апэратары кабэльнага вяшчаньня маюць права самі вызначаць склад пакету, сыходзячы з эканамічных інтарэсаў, а таксама абавязаныя забясьпечваць выкананьне беларускіх законаў. Намесьнік старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка выказаў інфармаванасьць, што кабэльныя апэратары не пацягнулі рэтрансьляцыю шэрагу каналаў з-за іхнага рэзкага падаражаньня.

Ці задавальняюць такія адгаворкі кіраўнікоў расейскіх каналаў? Відавочна, што для бальшыні “пацярпелых” факт вываду за рамкі Беларусі стаўся поўнай нечаканасьцю. Прынамсі, яшчэ 31 сакавіка ў офісах практычна ўсіх згаданых “апальных каналаў” зь недаверам ставіліся да зьвестак пра намер спыніць трансьляцыю, называючы гэта першакрасавіцкім жартам. Аднак апошнія 10 дзён супрацоўнікі прыкладаюць нямала намаганьняў, каб “адкруціць” сытуацыю назад. Пакуль, мяркуючы па сьцісласьці прадстаўніка кампаніі Ren-TV Антона Назарава, без асаблівага посьпеху:

“Адзінае, што я магу сказаць, дык гэта тое, што мы знаходзімся ў працэсе перамоваў з нашымі беларускімі партнэрамі. Больш нічога ўдакладніць, на вялікі жаль, не магу. Але перамовы ідуць — як жа інакш?”.

Шмат хто лічыць, што якраз Ren-TV ды, бадай, яшчэ Першы канал сталі раздражняльнікамі, ад якіх пацярпелі й іншыя. Рашэньне адмовіцца ад паслугаў галоўных расейскіх каналаў “супала” з сэрыяй антылукашэнкаўскіх выпадаў на тэлебачаньні. Спачатку з Лукашэнкі і ягонага малодшага сына Міколкі пазьдзекаваліся ў праграме “Прожекторперісхілтон”. Гэтаксама ў зьедлівай манеры спрацаваў і канал Ren-TV. Сапраўды, каму спадабаецца, калі вядучая выніковай праграмы “Неделя” Марыяна Максімоўская называе малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі “пэрсанажам”?

“Упершыню пра існаваньне Міколкі беларусы даведаліся ў 2007 годзе. Больш за тое, менавіта яго Лукашэнка ці тое жартам, ці тое ўсур’ёз абвясьціў сваім пераемнікам. Як ставяцца да гэтага чальцы ягонай афіцыйнай сям’і, натуральна, невядома. Але патэнцыйны пераемнік, Коля, у Беларусі сёньня пэрсанаж, які найбольш абмяркоўваецца — пасьля свайго бацькі, зразумела. Дык ці зьявіцца дынастыя Лукашэнкаў? Палітычная генэалёгія Беларусі — у нашым дасьледаваньні…”.

Дасьледаваньне аказалася сапраўды грунтоўным, ня ў прыклад нават “сьцёбу” шоў-мэнаў зь Першага каналу — Сьветлакова, Урганта, Мартырасяна і Цакалы. Напярэдадні на расейскія тэлеканалы публічна пакрыўдзіўся Аляксандар Лукашэнка: “Як Беларусь прадстаўлена ў мэдыйнай прасторы Расеі? Прэзыдэнт — ідыёт, і дзеці ў яго ненармальныя, жулікі і прайдзісьветы”. Дайшлі да таго, абураўся Лукашэнка ў размове з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Валерыем Сердзюковым, што “5-гадовага малыша счыкрыжылі ўздоўж і ўпоперак”. І зрабіў натуральную выснову: няма ніякай праблемы ў тым, што некаторых каналаў у Беларусі ня будзе — маўляў, якія павінны прысутнічаць, тыя ёсьць.

А вось адлучэньне ад Беларусі міжнароднай вэрсіі “ТВ-Центр” напачатку зьдзівіла. Канал, падкантрольны мэру Масквы Юрыю Лужкову, пазыцыянуе сябе як памяркоўную трыбуну, прычым, з сымпатыяй да кіраўніцтва Беларусі. Аднак з маскоўскімі сябрамі разьвіталіся нават на месяц раней, чым з астатнімі. Уладзімер Кокашвілі, дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня “ТВ-Центр” перакананы, што ў дадзеным выпадку да месца казаць пра лябіяваньне нечых мэркантыльных інтарэсаў: прычыны, па якіх нэўтралізавалі тэлеканалы, на яго думку, не вытрымліваюць ніякай крытыкі:

Уладзімер Кокашвілі
“Што гаворыцца? Чаму выключылі? Найперш, кажуць, што гэта самі кабэльныя апэратары выключылі. Ну, гэта нават камэнтаваць проста несалідна. Таксама гаворыцца, што мы падвысілі цану за канал. Абсалютная хлусьня, бо кошт за канал быў вызначаны ў 2008 годзе, ён быў мінімальны за TVCI — 5,5 цэнтаў за аднаго абанэнта штомесяц. Ніхто не зьбіраўся яго зьмяняць цягам 2009 году, і ўсе дамовы былі складзеныя, сыходзячы менавіта з гэтай цаны яшчэ ў 2008-м. Ніякіх з нашага боку крокаў на зьмену коштаў не было. Дзеля параўнаньня, канал ТНТ прадаецца за 13 цэнтаў. Другі аргумэнт — TVCI адбіраў рэклямныя прыбыткі ў мясцовых кампаній. Чыстай вады хлусьня, бо на TVCI проста няма рэклямы. Канал заўсёды ішоў і цяпер ідзе без рэклямы”.

Яшчэ адзін момант, па якім абвінавачаныя расейскія каналы, — невыкананьне рашэньня Савету міністраў і Закону аб СМІ. У адпаведнасьці з дакумэнтамі, замежныя тэлеканалы павінны атрымаць дазвол на права трансьляцыі на тэрыторыю Беларусі. Камэнтуе Ўладзімер Кокашвілі:

“Гэты новы закон, прыняты летась у сьнежні, набыў моц з 8 лютага 2009 году — пра тое, што неабходна атрымаць дазвол на вяшчаньне ў Міністэрстве інфармацыі. Яшчэ 12 студзеня наш прадстаўнік у Беларусі падаў у Мінінфармацыі належным чынам аформленую заяўку. Ніякага адказу ад міністэрства не паступіла, нягледзячы на неаднаразовыя запыты з боку нашага заяўніка. Наш прадстаўнік быў на прыёме ў Русакевіча і задаваў яму пытаньне: чаму вы не выдаяце дазвол на трансьляцыю? Адказу не было ніякага. Наколькі я ведаю ніводзін замежны канал у Беларусі гэтых дазволаў не атрымаў, яны напэўна, яшчэ нават не надрукаваныя. Але гэта таксама выкарыстоўваецца як аргумэнт, чаму адключылі. Гэта ўсё ня так”.

Карэспандэнт: “Беларусі бок сьцьвярджае: адключэньне міжнародных вэрсій расейскіх каналаў закране нязначную частку насельніцтва, паколькі існуюць мясцовыя вэрсіі…”

“Што тычыцца нас, то ў нас няма мясцовай вэрсіі. Нас спрабавалі прымусіць зрабіць так, каб яна была, але мы не пагадзіліся. Мы міжнародны канал у адзінай вэрсіі, якая распаўсюджваецца паўсюль. Таму нашае адключэньне закранае ўсю тэрыторыю краіны. Нас практычна ўся Беларусь у кабэльных сетках глядзела, зараз не глядзіць ніхто, бо іншай вэрсіі няма. Шкада канстатаваць, але пакаралі гледача ва ўгоду чыімсьці незразумелым (ці наадварот — зразумелым) амбіцыям”.

Адзін зь першых дыпляматаў незалежнай Беларусі Пятро Садоўскі лічыць, што кіраўнік краіны сам спарадзіў крытычную хвалю на свой адрас. Ягоныя ўсё больш частыя зьяўленьні ў суправаджэньні малога сына выклікалі законнае пытаньне — адкуль жа хлопчык? Кульмінацыяй сталі перамовы з прэзыдэнтам Армэніі, калі Лукашэнка вырашаў дзяржаўныя пытаньні з малым на каленях. Натуральна, што такая карцінка не магла пакінуць абыякавым нават расейскіх журналістаў, якія, здавалася, бачылі і не такое. Але, як аказалася, афіцыйны пратакол — не для ўсіх аднолькавы:

Пятро Садоўскі
“Аб якім пратаколе можа йсьці гаворка? Можна проста казаць пра нейкае выключэньне з правілаў… Наколькі я мяркую, было даволі позна, сядзіць гэты дзіцёнак, вочкі яго ўжо сьпяць. У мяне два ўнукі, ужо пад два мэтры, я памятаю іх маленькімі і ведаю, што такое дзіцяці несвоечасова легчы спаць. Але ж ведаеце, як жывуць дзеці, скажам, з асаблівасьцямі разьвіцьця ў нейкіх закрытых установах, дзіцячых дамах. Яны ж абсалютна не сацыялізаваныя вырастаюць, нават атрымаўшы там атэстат. Зусім непадрыхтаванымі ідуць у жыцьцё. А тут наадварот: у малога дзіцяці складаюцца нейкія віртуальныя ўяўленьні пра жыцьцё. Вось ён стаіць у вайсковай форме, генэралы рапартуюць ягонаму бацьку. Малы таксама побач, прыклаўшы правую руку да скроні. У строі, спэцыяльна пад яго пашытым. Абсурд нейкі”.

Сытуацыю вакол трансьляцыі расейскіх тэлеканалаў тыдзень таму ў тэлефоннай размове абмяркоўвалі намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Рыгор Карасін і першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Петрышэнка. Аднак адсутнасьць працягу сьведчыць: зачапіцца за штосьці агульнае бакам так і не ўдалося.
XS
SM
MD
LG