Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста зацкавалі ў шпіталі


Мікалай Гаўрыленка
Мікалай Гаўрыленка

Грамадзкі актывіст, сябра АГП Мікалай Гаўрыленка зь Лельчыцаў вымушаны быў перапыніць лячэньне ў раённым шпіталі з прычыны беспадстаўных абвінавачваньняў з боку пацыентаў тэрапэўтычнага аддзяленьня.

Стаўленьне да спадара Гаўрыленкі рэзка зьмянілася пасьля сустрэчы пацыентаў шпіталя з прадстаўнікамі райвыканкаму, праведзенай 4 красавіка.

Мікалай Гаўрыленка
: “Пасьля гэтага сходу хворыя шпіталя, якія ляжалі са мною ў тэрапэўтычным аддзяленьні, сталі адносіцца да мяне, як да ворага народу. Называлі мяне „фашыстам“. Казалі, што я цягаю грошы чамаданамі з замежжа, што я беспадстаўна атрымліваю мэдычную дапамогу”.

Адна з жанчын усур’ёз пыталася ў актывіста, чаму ён зьдзекуецца з жонкі й састарэлай маці, якую даглядае:

“Я папытаўся у яе, чаму яна так са мною размаўляе? Жанчына адказала, што атрымала на сходзе такую інфармацыю пра мяне. І вельмі шкадуе, што галасавала за мяне як кандыдата ў дэпутаты парлямэнту”.

З прычыны інцыдэнту спадар Гаўрыленка падаў заявы пракурору, галоўнаму лекару шпіталя і старшыні райвыканкама з патрабаваньнем разабрацца з фактам грубага ўмяшаньня прадстаўнікоў райвыканкама ў ягонае прыватнае жыцьцё.

49-гадовы Мікалай Гаўрыленка знаходзіўся на лекаваньні ў шпіталі з прычыны сардэчных боляў.

Выпадкова ці не, але пасьля заяваў Гаўрыленкі ўзьніклі праблемы на працы і ў ягонай жонкі Валянціны. Яе наведала прадстаўніца па грамадзянстве й міграцыі раённай міліцыі зь невядомым чалавекам у цывільным. Яны ўгаворвалі яе звольніцца з тае прычыны, што яна, ня маючы беларускага грамадзянства, нібыта незаконна працуе ў дзяржаўнай пякарні.

Спадарыня Валянціна апошнія два гады выпякала ў Лельчыцах хлеб. Яна нарадзілася ў Лельчыцкім раёне. Сям’я выяжджала у свой час у Казахстан, а пасьля вярнулася назад. Тут і цяпер жыве маці Валянціны. Сама Валянціна пятнаццаць гадоў працавала ва Ўкраіне, мела тамтэйшае грамадзянства.

У 2000 годзе вярнулася ў Лельчыцы і неўзабаве пабралася шлюбам з Мікалаем Гаўрыленкам. Валянціна зарэгістравалася ў мясцовай міграцыйнай службе, падала дакумэнты на ўзнаўленьне грамадзянства:

“У мінулым годзе яны мне сказалі, каб я зрабіла замежны пашпарт, і мне дадуць від на жыхарства. Але яго так і не аформілі, зацягваюць. Відаць, ім выгадна так было — я не магу нават зразумець. Я раблю на год рэгістрацыю й за гэта плачу сто тысяч рублёў. Я хадзіла да пракурора, і той сказаў, што павінны спрошчана аформіць від на жыхарства. Такая вось у мяне цяганіна”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG