Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў рамках рабочага візыту ў Расею кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Гэта была самая працяглая з усіх сустрэчаў патрыярха зь дзяржаўнымі дзеячамі.

СЛУХАЦЬ:


Перамовы Лукашэнкі з патрыярхам Кірылам у фармаце “сам-насам” былі разьлічаныя на гадзіну, але цягнуліся амаль тры гадзіны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Маскоўскай патрыярхіі. Гэта была самая працяглая размова з усіх дагэтулешніх сустрэчаў патрыярха зь дзяржаўнымі дзеячамі.

Паводле кіраўніка Беларусі, абмеркаваны цэлы комплекс пытаньняў, якія тычацца праваслаўнай царквы, яе ўзаемадачыненьняў зь іншымі канфэсіямі. Таксама разгледжаны пытаньні адзінства Беларусі і Расеі. Як заявіў журналістам Аляксандар Лукашэнка, падчас сустрэчы з патрыярхам шмат часу было аддадзена цяперашнім беларуска-расейскім стасункам — пытаньням, якія вырашаюцца і не вырашаюцца.

Паводле патрыярха Кірыла, размова прайшла “бязь нейкай штучнай дыпляматыі”. Яму было важна ведаць думку кіраўніка Беларусі пра сувязі і кантакты з Расеяй, пра міжканфэсійныя стасункі. Сам патрыярх, у сваю чаргу, расказаў Лукашэнку, як, на яго думку, павінны разьвівацца царкоўна-дзяржаўныя дачыненьні, як павінны ўдасканальвацца адносіны паміж расейцамі, украінцамі і беларусамі. “Гэтая сустрэча дапамагла мне зразумець многія рэчы”, — сказаў патрыярх.

Раней Лукашэнка сустрэўся з патрыярхам Кірылам 25 сакавіка ў Сочы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, бакі абмяняліся думкамі па пытаньнях, якія “маюць узаемны інтарэс для сьвецкай і духоўнай уладаў”. Тады ж бакі дамовіліся правесьці афіцыйную сустрэчу.

Вядома, што патрыярх Кірыл плянуе наведаць Беларусь у верасьні гэтага году пасьля візыту ва Ўкраіну.

Раней у тэлефоннай размове 3 красавіка Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў дамовіліся пра асабістыя двухбаковыя кантакты ў бліжэйшы час. Аднак пакуль абодва бакі не паведамляюць пра магчымасьць такіх сустрэчаў падчас цяперашняга візыту.
XS
SM
MD
LG