Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя замяшаньні ў Малдове, пратэсты ў Грузіі, хаос ва Ўкраіне, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі — усё гэта нанесла ўдар па намаганьнях Брусэлю стабілізаваць дачыненьні з былымі савецкімі рэспублікамі ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”, а таксама па яго надзеях на канструктыўны дыялёг у рамках устаноўчага саміту гэтага праекту ў Празе.

Калі раней галоўныя сумневы эўрапейскіх палітыкаў былі зьвязаныя з запрашэньнем у Прагу “апошняга эўрапейскага дыктатара Лукашэнкі”, то цяпер, у зьвязку з апошнімі падзеямі ў краінах-удзельніцах “Партнэрства”, у іх зьявіўся іншы галаўны боль.

“Травеньскі саміт рызыкуе ператварыцца ў сустрэчу лідэраў ЭЗ з групкай усходнеэўрапейскіх аўтакратаў”, — так лічыць экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў (ECFR) у Лёндане Ніку Папэску.

Аналізуючы цяперашнюю сытуацыю ў Малдове, экспэрт робіць выснову: “Безь міжнароднага ўмяшаньня аўтарытарны рэжым Вароніна стане гэткім жа непрадказальным, як і рэжым Лукашэнкі”.

Паводле Папэску, пасьля апошніх пагрозаў прэзыдэнта Малдовы на адрас апазыцыі, пасьля ягоных заяваў адносна ўмяшаньня ў сытуацыю Румыніі, усё на тэрыторыі рэгіёну “Ўсходняга партнэрства” выглядае нашмат складанейшым. Экспэрт мае на ўвазе амбіцыі Масквы адносна захаваньня свайго ўплыву ў рэгіёне.

Тым часам іншы эўрапейскі аналітык, дырэктар лёнданскага Цэнтру эўрапейскай рэформы Томаш Валашэк, заўважае: “Гэта ня тыя ідэальныя ўмовы, з марай пра якія чэхі падтрымалі старт “Усходняга Партнэрства”.

Экспэрт не выключае, што да 7 траўня — часу адкрыцьця праскага саміту ЭЗ — падзеі ў былых савецкіх рэспубліках могуць атрымаць самае непажаданае разьвіцьцё. Украіну, якая меркавалася на ролю яшчэ аднаго матору рэгіянальных працэсаў, разьдзіраюць унутраныя звады і пустошыць глябальны эканамічны крызіс.

“Пад 7 траўня ў Грузіі цалкам можа быць нестабільнасьць”, — заўважыў спадар Валашэк. Тым часам у мінулы чацьвер дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы, каб прымусіць прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі падаць у адстаўку.

Як лічаць эўрапейскія назіральнікі, з улікам рэгіянальных энэргетычных інтарэсаў і насуперак мэтам “Усходняга Партнэрства” “нестабільнасьць будзе працягвацца”.

Тым ня менш старшыня ЭЗ — Чэхія, чый урад нядаўна быў вымушаны сысьці ў адстаўку з-за вотуму недаверу, не зьбіраецца пераносіць саміт. Паводле крыніцы ў чэскім старшынстве ЭЗ, ёсьць намер накіраваць запрашэньні “у самую апошнюю хвіліну”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG