Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пагражаюць выселіць прадпрыемства сьляпых


Эканамічны крызіс абвастрыў і сацыяльную сытуацыю на прадпрыемстве інвалідаў па зроку “Вертэкс-Брэст”. Улады абласнога цэнтру папярэджваюць пра высяленьне вытворчага цэху з памяшканьня на вуліцы Маскоўскай.


Прадпрыемства “Вертэкс-Брэст” належыць Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку. 145 чалавек вырабляюць тут электрасьвяцільні, разэткі, выключальнікі. Пра эканамічную сытуацыю гаворыць галоўны інжынэр Алена Вашчук:

“Цяжка зараз, бо нас агарнуў крызіс. І да гэтага было цяжка. Не хапае грашовых абаротных сродкаў для разьвіцьця. У збыце прадукцыі — самая галоўная цяжкасьць. Аб’ёмы ў нас зьменшыліся. Адтэрміноўкі плацяжоў — ледзь не да двух месяцаў. З-за гэтага грошы вяртаюцца пазьней. А іх жа трэба ўключаць у абарот і купляць матэрыялы, плаціць заробак...”

Алена Вашчук прыводзіць канкрэтны прыклад:

“Так, мы з “МАЗам” супрацоўнічаем. У іх таксама збыт прадукцыі ўпаў. Іх платаздольнасьць таксама зьменшылася. Мы на ўласнай скуры адчулі. І зараз яны нам вінныя”.

Дырэктар прадпрыемства невідушчых Юры Верасоцкі кажа:

“Ва ўмовах крызісу мы нічога асаблівага ў дзяржавы ня просім. Але ў нас бракуе вытворчых плошчаў. Мы тут задыхаемся. Надакучыла хадзіць, абіваць парогі і дзьверы ўсіх выканкамаўскіх работнікаў”.

Юры Мікалаевіч у роспачы паведамляе, што ўлады Берасьця пагражаюць выселіць вытворчы цэх заводу з будынку на вуліцы Маскоўскай:

“Нас зьбіраюцца адсюль выносіць, бо жылы дом зьбіраюцца будаваць. Але яго, пэўна, будаваць пачнуць, можа, толькі празь дзесяць гадоў. Мы папрасілі нам даць дазвол надбудаваць другі паверх. Катэгарычна адмовілі. Нядаўна атрымалі ліст”.

Старшыня “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” Алег Шэпель кажа, што пагаршэньне становішча прадпрыемстваў з удзелам інвалідаў па зроку ахапіла ўсю краіну. Падводзяць як расейскія, так і беларускія партнэры:

“Мы пастаўляем фільтры на “КамАЗ”, на “ЗіЛ”, на “ГАЗ” — на расійскія заводы. І на сёньняшні дзень ад Новага году яшчэ ніводнай адзгрузкі не было. Мы залежым ад расейскага рынку”.

на сёньняшні дзень ад Новага году яшчэ ніводнай адзгрузкі не было. Мы залежым ад расейскага рынку”
Пасьля сустрэчаў і перамоваў з чыноўнікамі гарадзкой улады старшыня таварыства робіць наступныя высновы:

“Калі справа даходзіць да мясцовых органаў улады, там у нас пачынаюцца праблемы. Да прыкладу, пераабсталёўваецца школа ці бальніца. Купляюць абсталяваньне турэцкае ці кітайскае. Чаму? Ужо нават у крызіс даходзіла да абсурду. Расійскія фірмы куплялі нашу прадукцыю, а потым прадавалі ў Беларусь”.

Паводле словаў Алега Шэпеля, у Беларусі цяпер каля 50 тысяч інвалідаў па зроку. Ва ўмовах крызісу практычна на ўсіх вытворчасьцях, дзе яны заняты, даводзіцца скарачаць працоўны тыдзень і адпраўляць людзей у вымушаныя адпачынкі.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG