Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Плакс: Карпаратыўная салідарнасьць па-швэдзку


Госьць “Начной Свабоды” – літаратар, перакладчык, журналіст, прадусар беларускіх праграмаў "Радыё Швэцыя" Дзьмітры Плакс.

СЛУХАЦЬ:


Юрась Бушлякоў: Дзьмітры – аўтар першай наўпрост перакладзенай (бязь моваў-пасярэдніц) беларускай кнігі на швэдзкую мову. Гаворка пра выдадзеную ў леташнім кастрычніку кнігу празаіка Барыса Пятровіча "Фрэскі". Пра гэтую перакладную кнігу напісаў швэдзкі часопіс "Språktidningen" ("Часопіс пра мову”), але забыўся на перакладчыка. У выніку выбухнула цэлая хваля абурэньня ў падтрымку перакладчыка зь беларускай мовы. Дзьмітры, фактычна той швэдзкі часопіс зрабіў вам добрую паслугу...

Дзьмітры Плакс:
Нечаканая такая дапамога, але, канечне, я ўвогуле пра гэта ня ведаў. Я, на жаль, не зьяўляюся падпісчыкам гэтага часопісу, але яго чытае вельмі шмат перакладчыкаў, людзей, якія прафэсійна працуюць з мовай. І я не чытаў гэтага артыкулу, і нават ня ведаў пра гэтае абурэньне. Мне проста даслалі ліст пра гэта па электроннай пошце. Такім чынам я даведаўся.

Бушлякоў: Гэта такая швэдзкая рыса – салідарнасьць, гатовасьць абараніць пакрыўджанага?

Калі можна гаварыць пра нацыянальны характар швэдаў, дык яны народ салідарны. І тут была не агульная салідарнасьць ўсяго грамадзтва, а карпаратыўная салідарнасьць, але тым ня менш
Плакс: Я не адчуваю сябе вельмі пакрыўджаным, але салідарнасьць – гэта пачуцьцё распаўсюджанае, такая рыса нацыянальнага характару. Калі можна гаварыць пра нацыянальны характар швэдаў, дык яны народ салідарны. І тут была не агульная салідарнасьць ўсяго грамадзтва, а карпаратыўная салідарнасьць, але тым ня менш.

Бушлякоў: Што азначае гэтая кампанія? У Швэцыі быць перакладчыкам мастацкай літаратуры – ганаровая рэч?

Плакс: Зусім не. Увогуле ў Швэцыі перакладчык доўгія гады лічыўся такім тэхнічным супрацоўнікам, кшталту вярстальніка, хаця, вядома, былі і ёсьць зоркі перакладу, як, напрыклад, Андэрс Будэгорд, перакладчык з польскай мовы, які перастварае Чэслава Мілаша, Віславу Шымборску, Рышарда Капусьцінскага, што, па агульнапрынятым меркаваньні, ёсьць прычынай таго, што і Мілаш, і Шымборска атрымалі Нобэлеўскую прэмію. Бо ён зрабіў вельмі добрыя пераклады. Але збольшага перакладчык – гэта такая ня вельмі прэстыжная прафэсія ў Швэцыі, але апошнім часам гэта пачыне трохі зьмяняцца, асабліва што тычыцца мастацкай літаратуры. Ёсьць ужо даволі шмат перакладчыкаў, якія маюць імя.

Бушлякоў:
Вы закранулі тэму перакладаў на швэдзкую тых літаратараў, якія пасьля, маючы добрыя кніжкі па-швэдзку, атрымалі Нобэлеўскія прэміі. І ў сувязі з гэтым напрошваецца пытаньне: як выглядае сытуацыя зь перакладам беларускай літаратуры на швэдзкую? Бо, скажам, калі вылучалі кандыдатуры Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі, то як бы падразумявалася, што ёсьць пераклады і на швэдзкую. А што ў рэальнасьці?

Плакс: Барадуліна па-швэдзку няма. Быкава дзьве рэчы перакладзеныя. У 1991 годзе быў перакладзены "Кар'ер" з расейскай мовы перакладчыкам Стэфанам Скотам, які, дарэчы, ёсьць зоркай перакладу ў Швэцыі. Летась выйшла аповесьць Быкава "Аўганец" асобнай кніжкай у перакладзе Нільса Хокансана, таксама ў перакладзе з расейскай мовы, але перакладчык карыстаўся таксама беларускім арыгіналам, бо ён вывучае беларускую мову цяпер. Гэтая кніжка атрымала назву "Вэтэран" па-швэдзку. З тых беларускіх аўтараў, якіх вылучалі на Нобэлеўскую прэмію, больш за ўсё ў Швэцыі па-швэдзку прадстаўленая Сьвятлана Алексіевіч.

Бушлякоў: На мінулым тыдні ў перадачы "Дом літаратара" ў эфіры “Свабоды” паэт Алесь Чобат, гаворачы пра долю беларускага паэта, сказаў даслоўна такое: "Беларусь ня Швэцыя, дзе 7 тысячаў аўтараў, і ўсе на датацыі”. Ці сапраўды гэта так? Ці аж настолькі камфортна швэдзкаму літаратару ў Швэцыі?

Ёсьць розныя дзяржаўныя ўстановы, якія займаюцца разьмеркаваньнем гэтай дапамогі, ёсьць яшчэ такая невялікая катэгорыя пісьменьнікаў, якія атрымліваюць ад дзяржавы пажыцьцёвую стыпэндыю
Плакс:
Гэта трохі перабольшваньне. Я ня ведаю, колькі ў Швэцыі аўтараў. У Саюзе пісьменьнікаў Швэцыі недзе, як я памятаю, каля 2 тысячаў сяброў, але туды ўваходзяць і перакладчыкі, і тыя пісьменьнікі, якія пішуць дакумэнтальную літаратуру. Вядома, у Швэцыі вельмі добрая і вялікая сыстэма дапамогі ня толькі пісьменьнікам, але і мастакам, і ўвогуле дзеячам культуры. Ёсьць розныя дзяржаўныя ўстановы, якія займаюцца разьмеркаваньнем гэтай дапамогі, ёсьць яшчэ такая невялікая катэгорыя пісьменьнікаў, якія атрымліваюць ад дзяржавы пажыцьцёвую стыпэндыю. Гэта ня вельмі вялікія грошы, але на іх можна пражыць. Іншая справа, што ўласна я ня вельмі вітаю такую сыстэму, калі пісьменьнікі залежаць шмат ад дзяржавы, бо дзяржава, як і любы іншы гулец, што плаціць грошы, вядома ж, перасьледуе свае некія ўласныя інтарэсы.

Бушлякоў: Дзьмітры, вы шмат перакладаеце з швэдзкай на беларускую. Магу прыгадаць падборкі ў часопісе "Дзеяслоў". Летась выйшла "Піпі – Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн у Вашым перакладзе на беларускую. Якія з гэтых ужо даволі шматлікіх перакладаў вам найдаражэйшыя?

Плакс: Гэта вельмі цяжка сказаць. Сапраўды, так атрымалася, што я перакладаю даволі шмат, але даволі фрагмэнтарна. З пункту гледжаньня рэзанансу ці эфэкту, які можна апісваць, напэўна, “Піпі – Доўгаяпанчоха”, якая так ці інакш выклікала даволі вялікую цікавасьць у Беларусі, і шмат было публікацый і рэцэнзій.

Бушлякоў: І трэба дадаць, што гэты пераклад выйшаў асобнай кніжкаю, гэта была не часопісная публікацыя...

Плакс: Так, гэта асобная кніжка, да таго ж вельмі добра выдадзеная ў выдавецтве Зьмітра Коласа. Але насамрэч гэта ўсё вельмі цікава, бо любы пераклад – гэта калектыўная праца. Перакладчык робіць толькі частку працы, потым ёсьць рэдактар, ёсьць выдавец. У выпадку зь "Піпі – Доўгайпанчохай" ёсьць яшчэ і Аляксандра Макавік, якая гэтую ініцыятыву давяла да лягічнага завяршэньня. Гэта вельмі доўгая, напружаная і калектыўная праца.

Бушлякоў: Карацей, важна, каб не падвяла каманда...

Плакс: Гэта вельмі важна.

Бушлякоў: Мы закранулі тэму вашых перакладаў, але размова будзе няпоўная, калі не сказаць пра вас як пра літаратара, аўтара ўласных мастацкіх кніжак. На падыходзе ваша новая кніга, якая мае выйсьці ў Менску. Чуў ужо водгукі, што гэтая кніжка не падобная ні да якай іншай кніжкі ў беларускай літаратуры. У чым яна такая не падобная?

Плакс:
Мне даволі цяжка гаварыць пра сябе самога. Як пра перакладчыка яшчэ туды-сюды, а як пра пісьменьніка ўвогуле зацяжка. Я не магу ацэньваць таго, што я сам раблю. Думаю, што маюць на ўвазе тое, што гэтая кніжка напісаная такой уласнай, маёй мовай. Гэта можа шмат каму не спадабацца. Хай кніжка спачатку выйдзе.

Бушлякоў:
Але недзе ўжо на падыходзе?

Плакс: Думаю, што недзе ў траўні павінна выйсьці.

Бушлякоў:
Дзьмітры, вы ўжо ня першы год займаецеся радыёжурналістыкай, вашымі фактычна стараньнямі былі запачаткаваныя беларускія перадачы "Радыё Швэцыя". У якім стане гэты праект? І ці ведаеце вы сваю аўдыторыю?

Ёсьць дасьледаваньні НІСЭПІ, згодна зь якімі Радыё Швэцыя ў Беларусі мае дзесьці ад 140 да 170 тысячаў слухачоў, якія рэгулярна слухаюць нашы перадачы
Плакс
: Вяшчаньне "Радыё Швэцыя" на беларускай мове даволі сьціплае, яго ніяк немагчыма параўнаць, скажам, зь вяшчаньнем “Свабоды” ці нават “Нямецкай хвалі”. Але робім, што можам, і сёлета ўжо беларускай службе "Радыё Швэцыя" будзе пяць год. Якія пэрспэктывы? На жаль, не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо гэта не ад мяне залежыць. Увогуле цяпер нашае кіраўніцтва дыскутуе наконт будучыні вяшчаньня на кароткіх хвалях, бо мы вяшчаем ня толькі на беларускай мове, а на 15 розных мовах, і да чаго яны прыйдуць, я ня ведаю. Бо ёсьць такі трэнд – пераход, перанос вяшчаньня ў інтэрнэт. Бо на кароткіх хвалях вяшчаць дорага і не такая якасьць.

Бушлякоў: Але ўжо сёньня можна слухаць беларускія перадачы "Радыё Швэцыя" і праз інтэрнэт?

Плакс: Так, можна слухаць. У нас ёсьць старонка ў інтэрнэце. І там ёсьць і архівы нашых перадачаў, усе нашы перадачы ёсьць у фармаце падкастынгу, таксама можна лёгка іх спампаваць і паслухаць. Працуем. Наша аўдыторыя... Мы ня робім дасьледаваньняў аўдыторыі, у нас папросту няма такой магчымасьці. Але ёсьць дасьледаваньні НІСЭПІ, згодна зь якімі "Радыё Швэцыя" ў Беларусі мае дзесьці ад 140 да 170 тысячаў слухачоў, якія рэгулярна слухаюць нашы перадачы. Гэта ня так кепска для такой малой станцыі насамрэч.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG