Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія міждзяржаўныя адносіны, узровень жыцьця чыноўнікаў у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Кіраўнік Беларусі з чарговым візытам наведаў Расею. Напярэдадні ён абвінаваціў расейскі бок у невыкананьні ранейшых дамоўленасьцяў наконт аплаты газу, выказаў незадаволенасьць узроўнем міждзяржаўнага гандлю. На тэму беларуска-расейскіх адносінаў — наступныя выказваньні слухачоў:

Спадар:
“Лукашэнка нядаўна, можа, імпульсіўна, злобна, пра Расею казаў.
Каб нам ісьці далей да дабрабыту, трэба шукаць новыя рынкі збыту.
Усё адно ён нікуды ня дзенецца, а да рынку Расеі вернецца.
Бо Расея побач, збоку, а Вэнэсуэла ад Беларусі далёка- далёка.
А паміж імі мора глыбока.
А што яму болей рабіць, няхай думае, як нам далей жыць.
У свой час ён дужа і прэзыдэнтам Расеі хацеў быць.
Слухач з Барысава казаў, які ніколі Лукашэнку ў прэзыдэнты не выбіраў”.

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Як бы там ні было, але Мядзьведзеў і Пуцін — гэта людзі адукаваныя, і яны — іх можна зразумець — інтарэсы сваёй звышдзяржавы будуць усюды адстойваць. І ведаюць, што з Эўропай, і з Амэрыкай, і зь іншымі краінамі ім трэба наладжваць палітыку. А Аляксандар Рыгоравіч калі ня ўжо, то вельмі хутка будзе як палка ў коле. Ён усё будзе тармазіць, усё будзе хістацца паміж Эўропай і Расеяй, але гэта нядоўга. Трэба адразу вызначыць каманду, і калі ты ў каманду пойдзеш і будзеш гуляць па сваіх правілах, дык яны заўжды будуць цябе біць клюшкай па галаве ці адны, ці другія. Дзякую”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. У калгасе “Кастрычнік” людзям даюць на дзень народзінаў палавіну худога страшнага парасяці, бохан жытняга хлеба, батон на вадзе, малако. Гэта ўсё вылічваюць з заробку, а для няшчасных людзей і гэта прынада. Але выключэньне, вядома, ёсьць. Людзі разумеюць, што нельга заманьваць людзей, каб яны залежалі ад іх. Гэта толькі ў нас такое робіцца. Усе ў адной збруі”.

Ларыса, Менск: “На “Свабодзе” распачалі размову пра самую вялікую вёску пад назвай Менск. “Раскіданае гняздо” — гэта гучыць. Я -- карэнная жыхарка Менску ў трэцім пакаленьні. Жыла ў Менску падчас вайны. Наша вуліца — Стараслабадзская, зараз яе няма, цягнулася ўздоўж Сьвіслачы. Гэта быў прыватны сэктар, былі сады і гароды. Сьвіслач пашырылі, вуліцу зьнесьлі. На гэтай вуліцы нейкі час жылі такія асобы, як Кандрат Крапіва і Жарэс Алфёраў. А яшчэ пабудаваў сабе звычайны дом, дзе жыла ўся яго сям’я, сакратар Вярхоўнага Савету Лукашэвіч, зрабіў уздоўж вуліцы пешаходную асфальтаваную дарожку. Ніколі ня бачылі, каб яго падвозілі на машыне. Хадзіў пешшу ўранку і пасьля работы. Параіла б цяперашнім чыноўнікам браць зь яго прыклад”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG