Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Уладзімер Някляеў.


Уладзімер Някляеў нарадзіўся на Гарадзеншчыне, дзяцінства правёў у Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі. Аўтар шэрагу кнігаў паэзіі і прозы, ляўрэат прэстыжных прэмій. У розныя часы працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Добра знаёмы з журналістыкай: друкаваўся ў "Знамени юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграмаў Беларускага тэлебачаньня, узначальваў часопіс "Крыніца" і штотыднёвік "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў. Шэраг гадоў правёў у вымушанай эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі, цяпер зноў жыве ў Менску.
Мітынговыя вуліцы, поўныя лютасці плошчы
Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы,
Што сінее на роднай зямлі васільком на радне
I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.
Па збалелай дарозе
з камянём непазбыўнай віны
Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы,
I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх,
каго проста люблю,
Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.
Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве,
Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве,
I пчалой залатою паляціць над палямі яна,
Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.
Аднакрылую свечку
з царквы, што ўсплывае са дна,
Мне над возерам п р о ш ч ы
трымаць ад цямна да відна,
Вакол возера бераг
адзін,
і нікуды з яго,
Як бы мы ні штурхаліся - не спіхнуць нам
адзін аднаго.
Як бы мы ні шалелі ў натоўпах
ад лютых страсцей,
Паміж намі нямашака прышлых,
нязваных гасцей,
Толькі мы
паміж намі -
і нам не над прорваю жыць,
А над Прошчаю жыць.
Так нядоўга,
як свечка гарыць.


Гэта заключная частка, фінал паэмы “Прошча”, напісанай у 1995 годзе, калі супроцьстаянне ў нашае грамадзтва яшчэ толькі закідвалася, як зерне, і мала хто задумаўваўся над тым, у што яно можа прарасьці і чым закаласіцца. Дык вось яно прарасло ў тое, у што паўсюль і заўсёды прарастае нецярпімасьць, закаласілася тым, чым заўсюды калосіцца варажнеча… Непрыманьне іншага, другога, не такога.

А хіба мы такія, якімі сёньня ўскаласіліся?

Мы маем такую, якую Бог нам даў, зямлю, і такі, які Бог на зямлі гэтай пасеяў, народ. Можна раздражняцца тым, што народ гэты не такі, а гэтакі, ці гэтакі, а не такі — ён ёсьць, які ёсьць. І калі паўзірацца без раздражненьня, дык які народ Бог пасеяў!..

Як ён, гэты народ, выжыў на скрыжаваньні шляхоў вайны і згубы? Як захаваўся, хоць павінны быў знікнуць? У чым ягоны фэномен?..

У тым, у чым Бог навучыў яго, мусібыць, яшчэ тады, калі сеяў.
У спасцігнутай ім няпростай навуцы, у той, якой найцяжэй Богу навучыць дзяцей сваіх.

У цярплівасьці.

Вякамі беларусаў спрабавалі зьнішчыць ня толькі звонку, але і знутры: нацкаваць адно на аднаго. І за ўсе вякі нічога ні ў кога ня выйшла: не ўдалося наладзіць на гэтай зямлі ў гэтым народзе ніводнай “ночы доўгіх нажоў”.

А гэты ж народ, гэтыя людзі — і праваслаўныя, і каталікі, і мусульмане, і іўдзеі. І беларусы яны, і рускія, і палякі, і габрэі, і татары… І ўсе яны, як у маім родным Крэве, разам сьвяты сьвяткавалі на гэтай зямлі і гора разам агорвалі.

Беларусы, ці хай сабе тутэйшыя, усе тыя людзі, якія тут жывуць, — гэта і верацярпімасьць, і расацярпімасьць — і цярпімасьць якая заўгодна. Да сваіх і да прышлых. Калі не пры любові, дык безь непрыязьні, непрыняцьця.

А гэта ў сёньняшнім сьвеце — дзіва. Такое дзіва, якое мала дзе ёсьць, калі засталося ўвогуле. І менавіта гэтае дзіва павінна стаць нашай адзнакай сярод іншых, нашым брэндам у Эўропе і ў сьвеце.

Яно, а ня трактар “Беларусь” ці тэлевізар “Віцязь” (без адмаўленьня, зразумела, ад трактароў і тэлевізараў) здольнае ўразіць сьвет і зрабіць нашу краіну прыцягальнай для сьвету.

І вось пабачыце, што менавіта тут, у нас, на мяжы (ва ўсіх сэнсах на мяжы) цярпеньня і трываньня ўсе хрысьціяне, якім трэба яднацца, каб выжыць, некалі (і ўжо хутка) пагодзяцца, што і нарадзіўся ў адзін дзень Хрыстос, і ў адзін дзень Хрыстос уваскрос…

Як ва ўсіх нас адзін Божы храм, так для ўсіх нас адзін наш дом. І прыйшла пара будуваць яго, наш беларускі дом, усім разам. Іншага выйсьця ў нас няма.

Адзін аднаго нам зь берага не спіхнуць, з дому не выпіхнуць. Нам усім жыць у ім — і падмуракам гэтага дому можа быць (і павінна стаць) толькі адно: вечнае.

Тое, пра што я й казаў, пісаў, што даводзіў увесь гэты тыдзень як грамадзкі рэдактар радыё “Свабода”: нацыянальная культура. Спадчына, традыцыі, усе тое, у чым беларусы і ёсьць беларусы, незалежна ад таго, хто на якой мове моліцца, а тым больш — хто якія сьцягі ўздымае… Бог у нас адзін — Бог, і сьцяг у нас адзін — Беларусь.

Мне прысніўся Хрыстос паднябеснага росту,
Сінявокі,
русявы —
расчэсаны месяцам чуб.
Побач з ім
Сінявокі,
Русявы,
Нябеснага росту апостал —
І ў абодвух усмешка не сыходзіла з губ.

Яны крочылі разам па друзе, па Менску згарэлым,
Збамбаваным ушчэнт грамадзянскай вайной,
І Хрыстом нёс сувоі чырвонага з белым,
А апостал — чырвона-зялёны сувой.

Як сцяна прад сцяной, яшчэ людзі на плошчах стаялі,
Але ўжо і ў Хрысце,
і ў апостале
пазнавалі адзін аднаго
І чырвоным, зялёным і белым
Скалечаны Менск бінтавалі,
І зацягвалі шнары, загойвалі раны Яго.

І ўставала чырвонае сонца, і белыя птахі луналі,
І сцялілася лета зялёнай травой на зямлю,
І сляпыя з відушчымі абдымалі адзін аднаго,
Пазнавалі,
Цалавалі адзін аднаго і казалі:
— Люблю.


І апошняе, каб ня быць галаслоўным…

Саюз Беларускіх пісьменьнікаў прапануе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі выступіць ініцыятарамі стварэньня грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі дом”. Ніякай палітыкі ні ў падмурку, якім ёсьць нацыянальныя традыцыі і культура, ні ў сьценах, дзе адукацыя і асьвета, ні ў даху, які — духоўнасьць.

Цярпімасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG